Беларуская Служба

37 гадоў таму польскія вучні распачалі страйк у абарону крыжа

03.12.2021 15:49
Пратэст некалькіх сотняў студэнтаў, які доўжыўся да 16 снежня, атрымаў шырокі водгук у краіне і за мяжой.
Аўдыё
  • 37 гадоў таму польскія вучні распачалі страйк у абарону крыжа
.
Ілюстрацыя.MichaelGaida/pixabay.com/CC0

37 гадоў таму, 3 снежня 1984 года, у комплексе ПТУ у Влашчовай пачалася акупацыйная забастоўка ў абарону знятых з класаў крыжоў. Пратэст некалькіх сотняў студэнтаў, які доўжыўся да 16 снежня, атрымаў шырокі водгук у краіне і за мяжой.

Акрамя моладзі ў забастоўцы ўдзельнічалі таксама ксяндзы-катэхеты Марэк Лабуда і Анджэй Вільчынскі. Бацькі вучняў забяспечвалі харчаваннем. Пратэстоўцаў падтрымаў біскуп Мечыслаў Яворскі, які кожны дзень прыязджаў у Влашчову і цэлебраваў святую Імшу.

Будынкі школьнага комплексу ў Влашчовай былі акружаны паліцыяй, ZOMO і спецагентамі, а ўсе дарогі ў мясцовасць былі перакрытыя. Камуністычная прапаганда размясціла ў СМІ ілжывую інфармацыю пра забастоўку.

Насуперак жаданням тагачасных кіраўнікоў, пра забастоўку стала вядома ў выніку зваротаў у абарону студэнтаў, накіраваных у вышэйшыя органы ўлады ПНР, а таксама з-за зацікаўленасці замежных СМІ. Пратэст быў спынены па просьбе біскупа Яворскага, які баяўся, што можа праліцца кроў з-за ўсё больш агрэсіўнага стаўлення камуністычных уладаў. Паводле слоў іерарха, забастоўка скончылася «маральнай перамогай».

Гісторык Інстытута нацыянальнай памяці Рышард Смятанка-Крушэльніцкі казаў у радыё Кельцах (2009), што моладзевы пратэст у Влашчовай ў імя хрысціянскіх каштоўнасцяў быў моцным ударам па сістэме:

-Камуністычная сістэма, асабліва ў той час была апагеем націску на грамадства, асабліва ў сферы ідэалогіі. І тут пачынаецца пратэст у абарону крыжоў. Уладзе вельмі цяжка змагацца з такім пратэстам. Адзін з функцыянераў падчас допыту ў пракурора сказаў, што ўся гэтая справа прывяла да поўнай страты кантактаў з супольнасцю Влашчовай.

Бастуючыя студэнты праявілі вялікую мужнасць і салідарнасць, бо маглі сустрэцца з жорсткай рэакцыяй з боку камуністычных уладаў. Ненашмат раней, 19 кастрычніка 1984 г., быў выкрадзены і жорстка забіты тайнай паліцыяй ксёндз Ежы Папялушка, святар працоўных людзей, капелан Варшаўскай Салідарнасці, праваабаронца.

Удзельнік страйку Міхал Арлікоўскі, пазней адлічаны з установы, узгадаў у 2009 годзе ў эфіры Радыё Кельцэ пра добрую арганізацыю пратэстуючай моладзі:

-Цэлы працэс кантралявалі самыя вучні. Я маю на ўвазе захаванне парадку. Былі пакліканыя спецыяльныя службы, якія займаліся толькі і выключна справамі гігіены, парадку і чысціні. Таму не было ніякай гаворкі пра якія-небудзь знішчэнні.

Жыхары Влашчовай і ваколіц дзень і ноч дзяжурылі каля будынку школы, укладвалі крыж з кветак, запальвалі свечкі, спявалі рэлігійна-патрыятычныя песні, забяспечвалі харчаваннем, аддаючы свой паёк з харчовых талонаў. Яны таксама сабралі вопратку і коўдры, якія перадавалі праз вокны, бо міліцыя заблакавала дзверы.

Вучні арганізоўвалі дзяжурствы, удзельнічалі ў занятках і рэкалекцыях. Часам падчас забастоўкі гучалі вершы і песні.

16 снежня ўдзельнікі акцыі пакінулі школу пад звон касцёльных званоў, а затым прынялі ўдзел у імшы, якую цэлебраваў біскуп Мечыслаў Яворскі ў Влашчовай. Па дарозе да касцёла многія жыхары далучыліся да працэсіі з крыжамі.

Святары Марэк Лабуда і Анджэй Вільчынскі ў 1985 годзе былі асуджаныя да аднаго года і 10 месяцаў пазбаўлення волі адпаведна. Па выніках апеляцыі выкананне спагнанняў было прыпынена на тры гады. Стэфан Браткоўскі ў эфіры Радыё Свабодная Еўропа паведаміў пра суд над святарамі як адну з праяваў барацьбы супраць Касцёла:

-Змаганне з касцёлам пачынае нагадваць рэлігійную вайну. У Кракаве невядомыя злапалі і падпальвалі маладога ксяндза Тадэвуша Залескага. Пракуратуру прымусілі спыніць следства. У сваю чаргу супраць маладых святароў з Влашчовай, якія абаранялі крыжы, распачалі крымінальныя справы і дэманстарцыйна асудзілі.

Да ўдзельнікаў забастоўкі прымянялі рэпрэсіі, многія з іх былі пазбаўлены правоў вучняў і выключаны са школы з т.зв. воўчым білетам, іншых не дапускалі да экзаменаў.

Падводзячы вынік забастоўкі ў адной са сваіх пропаведзяў біскуп Мечыслаў Яворскі сказаў: «Школа належыць нацыі, а не групе людзей. Хваляванні ў школе выклікала камуністычная партыя, а значыць група людзей насуперак волі нацыі».

Забастоўка ў Влашчовай у абарону крыжоў стала другой гучнай акцыяй пратэсту пасля забастоўкі моладзі з комплексу сельскагаспадарчай школы ў Мятне каля Гарволіна, дзе са снежня 1983 года па красавік 1984 года ў ёй удзельнічалі 400 чалавек. Яна завершылася 6 красавіка пагадненнем і вяртаннем крыжоў у школу. Значную ролю ў пасрэдніцтве адыграў тагачасны сядлецкі біскуп Ян Мазур, ён размаўляў з ваяводскімі ўладамі і ў знак салідарнасці з моладдзю распачаў галадоўку.

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры