70 гадоў таму, 6 сакавіка 1952 году, у Варшаве быў павешаны гітлераўскі злачынца Юрген Штроп, якога называлі «катам Варшаўскага гета». Яго прыгаварылі да вышэйшай меры пакарання за ваенныя злачынствы супраць польскага і яўрэйскага народаў. Да канца сваіх дзён нямецкі генерал не прызнаваў сваёй віны.
«За дзень да пакарання ён быў спакойны. З яго пастаянна выходзіла гітлераўская самаўпэўненасць і ганарыстасць. Ён не спадзяваўся, што канец надыдзе так хутка», – гэтак апісаныя апошнія гадзіны ката Варшавы ў дакументах тагачаснай пракуратуры.
Групенфюрар СС, генерал-лейтэнант паліцыі і генерал-лейтэнант войск СС Юрген Штроп (Jürgen Stroop) быў схоплены амерыканцамі 8 ліпеня 1945 году ў Альпах. Там у канцы вайны ён адказваў за нямецкія ўмацаванні перад наступленнем саюзнікаў. Салдаты СС па загадзе Штропа расстрэльвалі амерыканскіх лётчыкаў, якім удалося выскачыць з парашутам са збітых самалётаў. І за гэта амерыканцы паставілі гітлераўскага генерала перад судом, прыгаварыўшы яго да смяротнага пакарання.
Але таксама палякі хацелі судзіць Штропа за злачынствы, здзейсненыя ім на акупаванай польскай тэрыторыі, і перш за ўсё за фізічную ліквідацыю Варшаўскага гета. Амерыканцы згадзіліся перадаць злачынцу, але паставілі адну ўмову. Расказвае юрыст Вацлаў Казлоўскі, які ў 1947 годзе, калі амерыканцы перадалі Штропа Польшчы, у званні капітана Войска Польскага служыў у Польскай вайсковай місіі расследавання ваенных злачынстваў у Еўропе.
- Мы стараліся, каб амерыканцы нам выдалі Штропа, і пасля перамоў улады ЗША згадзіліся. Але я мусіў падпісаць ад імя польскага ўраду абавязацельства, што ў выпадку, калі польскі суд не прыгаворыць Штропа да смяротнага пакарання, то Польшча выдасць яго назад ЗША з мэтай выканання смяротнага пакарання амерыканцамі.
Юрген Штроп быў перададзены польскім уладам у маі 1947 году ў берлінскім аэрапорце Tempelhof.
Працэс пачаўся 23 ліпеня 1951 году ў Варшаве. Журналісты і сучаснікі, якія сачылі за працэсам, згадвалі, што Штроп не прызнаваў сваёй віны і не лічыў, што ён – ваенны злачынца. Гітлеравец звяртаў увагу на тое, што ён – «салдат, які нікога не забіваў, а толькі выконваў загады». Спроба сябе абараніць не дала выніку, таму што Штроп пакінуў шмат дакументаў, якія сведчылі пра яго ваенныя злачынствы. «Яўрэйскі жылы раён у Варшаве перастаў існаваць», – пісаў Юрген Штроп у рапарце свайму начальству. У ліпені 1951 году Варшаўскі ваяводскі суд прыгаварыў Юргена Штропа да смяротнага пакарання праз павешанне. Павесілі яго 6 сакавіка 1952 году а 19:00 гадзіне ў варшаўскай Макатоўскай турме.
З 2 сакавіка да 11 лістапада 1949 году ў камеры са Штропам сядзеў Казімеж Мачарскі, афіцэр Арміі Краёвай, прыгавораны камуністамі да смяротнага пакарання па сфабрыкаванай справе. Праз некалькі гадоў ён быў цалкам апраўданы судом і вызвалены. Знаходзячыся са Штропам у адной камеры, Мачарскі ўгаварыў генерала СС, каб ён расказаў пра гісторыю свайго жыцця і службы. Вынікам разам праведзенага часу стала кніга «Размовы з катам», якая была выдадзеная пазней і якая шмат гадоў знаходзілася ў праграме абавязковых для вывучэння ў школе твораў.
«Размовы з катам» – гэта дакументальнае сведчанне, якое таксама дэманструе сацыялагічныя і псіхалагічныя рысы злачынства і злачынцы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл