Беларуская Служба

Каталіцкі касцёл сёння святкуе Вербніцу

10.04.2022 08:11
Гэты дзень распачынае непасрэдны час падрыхтоўкі да Вялікадня. Акрамя рэлігійнага характару Вербная нядзеля здаўна мела і народнае значэнне.
Аўдыё
  • Каталіцкі касцёл сёння святкуе Вербніцу
.
.WFranz/pixabay.com/CC0

Сёння каталікі святкуюць Вербную ці Пальмавую нядзелю, гэта апошняя нядзеля перад Вялікаднем. Гэта час, калі каталікі асаблівым чынам рыхтуюцца да Вялікадня.

Паводле біблейскай гісторыі, калі за тыдзень да іўдзейскай Пасхі Хрыстус уязджаў у Іерусалім, народ вітаў яго маладымі пальмавымі галінкамі, якія клаў яму пад ногі, нагадвае пробашч архікатэдры Яна Хрысціцеля ў Варшаве ксёндз Богдан Барталд.

-Калі казаць пра літургію Вербнай нядзелі, то яна мае свае біблейныя карані. Яна абапіраецца на падзеі, якая адбылася ў гісторыі і якая была запісаная ў Евангеллі. Пра яе пішуць усе евангелісты. Гэта падзея, калі Хрыстус уязджае ў Ерусалім, а яго вітаюць як караля. Галоўны сэнс здарэння ў тым, што гэта пачатак падзей, якія будуць адбывацца праз некалькі дзён. Гэта апошнія дні Хрыстуса, які рыхтуецца да часу пакутаў. А гэта самая важная і галоўная гісторыя. Сёння Хрыстус прыбывае ў Ерусалім як кароль, а жыхары Ерусаліма аддаюць яму пашану. Адначасова праз некалькі дзён Хрыстус распачне крыжовы шлях.

Часцей за ўсё ў кантэксце Вербнай нядзелі ўвага звяртаецца на рытуалы, сімволіку і звычаі. Касцёл аднак зазначае, што вернікі павінны знайсці правільны сэнс гэтага дня. Тэалагічнае значэнне гэтага дня ў тым, што, перш за ўсё, чалавек унутрана ўваходзіць у самыя адказныя падзеі ў жыцці Хрыста. Хрысціяне павінны перажыць тое, праз што прайшоў Хрыстус, падрыхтаваць сябе духоўна да таямніцы Уваскрасення. Факт уваскрасення не сімвалічны, удзел у гэтай літургіі павінен быць сапраўдным, а не толькі эмацыйным, нагадвае ксёндз Яраслаў Грабоўскі.

-Перш за ўсё, гэта цудоўная літургія, працэсія з вербамі, чытаецца фрагмент Евангелля з пакутамі Пана, а ўсё гэта цягне за сабой наступствы. Для веруючых людзей удзел у літургіі пацвярджае факт, што ў нашым жыцці здараюцца ці могуць здарыцца пакуты, боль, крыж. Мы самыя часта кажам, што нясем цяжкі крыж штодзённасці па ўзоры Хрыста, якія сёння ўваходзіць у Ерусалім, чуе воклічы «Гасанна». Ужо праз пяць дзён той жа самы Хрыстус, ад тых жа самых людзей пачуе: Укрыжуй яго. То бок як у нашым жыцці, з аднаго боку ёсць задавальненне, радасць, а потым ёсць крыж, цярпенне, боль. Гэта адлюстраванне таго, што перажываем мы, на ўзор Хрыста.

Вербная нядзеля раней мела важнае народнае значэнне. З вербамі звязана было шмат традыцый і павер’яў. У Польшчы традыцыя падрыхтоўкі і асвячэння велікодных вербаў (па-польску пальмаў) сягае XI стагоддзя. Традыцыйна іх робяць з галінак вярбы, якія ў Касцёле сімвалізуюць змёртвыхпаўстанне і несмяротнасць душы. Пасля вербачкі спальваюцца, каб праз год попелам пасыпаць галовы падчас Папяльцовай серады.

Расказвае этнограф з Музею Радамскай зямлі Юстына Гурска.

-Мы цяпер прызвычаіліся да формы гэтак званай віленскай вербачкі. У сваю чаргу традыцыйная вербачка – гэта зялёныя галінкі, сабраныя ў форме букета. Сама вярба – гэта не толькі асвячэнне ў Вербную нядзелю, але ў першую чаргу гэта захоўванне вярбы на працягу цэлага года і ўжыванне яе як крапідла. На працягу цэлага году яна выконвала шэраг функцый. Трэба было ёй асвяціць усё збожжа, трэба было ёй пагладзіць усё быдла, каб яно давала больш малака. Трэба было з'есці коцік з вярбовай галінкі, каб увесь год нам не балела горла.

Для Польшчы характэрныя тры гатункі вербаў (пальмаў).

Віленская вярба – выраблена з розных відаў траў і дробных кветак, высушаных і афарбаваных у розныя колеры, шчыльна абкручаных вакол палкі ў выглядзе валіка, даўжынёй ад 20 см да 50 – 70 см, папулярная асабліва ў вялікіх гарадах.

Курпёўская вярба – зробленая з крэпавай паперы, кветак ручной работы, прымацаваныя да стрыжня ляшчыны (або маладой сасны), аплеценага дадаткова зялёнымі галінкамі чарніцы, ядлоўца ці самшыту, даўжынёй ад 2 метраў да 10 метраў.

Вярба з поўдня Польшчы – некалькі метровыя вярбовыя ці арэхавыя дубцы, рытмічна перавязаныя шпагатам; кончык вярбы ўпрыгожаны рознакаляровымі кветкамі, самшытам, цісам; прымацаваныя каляровыя стужкі. (Вікіпедыя)

ав

Больш на гэтую тэму: Багацце веры