Беларуская Служба

Беларуская пілігрымка Варшава-Кастамлоты будзе маліцца аб міры і супакоі

30.06.2022 17:47
Паломніцтва будзе адбывацца з 24 па 30 ліпеня. 
Аўдыё
  • Беларуская пілігрымка Варшава-Кастамлоты будзе маліцца аб міры і супакоі
.
.фота: Пілігрымка беларусаў замежжа

Беларускія каталікі з Варшавы запрашаюць на беларускую пілігрымку Варшава-Кастамлоты, якая будзе адбывацца ў інтэнцыі міру і супакою. Паломніцтва будзе адбывацца з 24 па 30 ліпеня. На працягу сямі дзён удзельнік пройдуць каля 200 км.

Ліпень – час традыцыйных пілігрымак у нацыянальны санктуарый у Будславе. Не ўсе цяпер маюць магчымасць трапіць на будслаўскую пілігрымку, таму і нарадзілася ідэя зладзіць беларускае паломініцтва ў Польшчы, да межаў Беларусі.

Расказвае адзін з арганізатараў Арцём Ткачук.

-Ідэя пілігрымкі беларусаў замежжа нарадзілася ў коле беларускіх каталікоў у Польшчы. Многія каталікі хацелі бы прыняць удзел у пілігрымцы ў Будслаў, але па многіх прычынах яны гэтага зрабіць не могуць. Таму мы вырашылі зрабіць беларускую пілігрымку на месцы. Душпастырам пілігрымкі, святаром, які будзе з намі ісці, будзе ксёндз Вячаслаў Барок.

Пілігрымка адкрытая для ўсіх, але трэба разумець, што гэта беларуская каталіцкая пілігрымка. Яна будзе цалкам на беларускай мове, гэта традыцыйна пілігрымка з каталіцкімі малітвамі і набажэнствамі. Хочацца, каб кожны, хто будзе ісці з намі, адчуваў сябе камфортна, ці прымаў гэта. Разам з тым, пілігрымка не складаецца толькі з малітваў. Гэта шмат размоваў, супольнага часу, жартаў, сузірання прыроды.

Пілігрымка ідзе ў Кастамлоты, якія знаходзяцца на самой польска-беларускай мяжы. Пілігрымы будуць маліцца ў санктуарыі імя ўніяцкіх Пратулінскіх пакутнікаў, дзе пройдзе беларускі міні-фэст.

-У Кастамлоты мы прыходзім у суботу, 30 ліпеня. Увечары будзе праслаўленне, Святая Імша. Плануецца культурніцкая і малітоўная праграма. Удзел пацвердзіў каталіцкі гурт «Znak stop».
Чаму мы выбралі Кастамлоты? Адно з вымярэнняў пілігрымкі – гэта малітва і прага супакою. У нашым рэгіёне адбываюцца жахлівыя рэчы. Сэрца не вытрымлівае жудасці вайны ва Украіне. Жудасці палітычнага крызісу ў Беларусі, рэпрэсій, якія ахапілі нашае грамадства. Кастамлоты – блізка Беларусі і Літвы. Гэта нашая малітва аб супакоі і ва Украіне, і ў Беларусі, і ў цэлым нашым рэгіёне.

Арцём расказвае, што ходзіць у пілігрымкі са школьных часоў. З жонкаю Мартаю яны нават некалькі дзён ішлі ў будслаўскай пілігрымцы з маленечкай дачкой. Гэта своеасаблівы час малітвы, кажа Арцём.

-Акрамя малітвы, гэты быццё з іншымі людзьмі, якія шукаюць Бога ў сваім жыцці. Гэта вельмі натхняе. Нездарма многія веруючыя кажуць, што пілігрымка – гэта зарадка батарэйкі на цэлы год. Запрашаю ўсіх далучыцца да нас!

Уся інфармацыя пра пілігрымку Варшава-Кастамлоты змешчаная на профілі «Пілігрымка беларусаў замежжа» ў Фэйсбуку. Сярод іншага там ёсць інфармацыя аб рэчах, якія кожны пілігрым павінен падрыхтаваць у дарогу.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры