Беларуская Служба

Чаму нас павінна хваляваць знікненне тыграў?

29.07.2022 08:11
29 ліпеня – Сусветны дзень тыгра. Тыгры знікаюць з пагрозлівай хуткасцю і з'яўляюцца відам, які можа цалкам знікнуць.
.
.pixabay.com/CC0

Па дадзеных Сусветнага фонду прыроды (World Wide Fund for Nature), з пачатку 20-га стагоддзя папуляцыя тыграў скарацілася прыкладна на 95%. 

На пачатку ХХ стагоддзя ў свеце жыло каля 100 тысяч тыграў. Цяпер у дзікай прыродзе жыве каля 3900 асобнікаў. Калісці тыгры жылі на тэрыторыі, якая расцягвалася ад Турцыі і ўзбярэжжа Каспійскага мора ажно да па ўсходнія часткі Азіі. Цяпер гэтая тэрыторыі радыкальна зменшылася, тлумачыць Анна Сасноўская з WWF Polska.

-Усё з-за таго, што людзі займаюць усё больш тэрыторыі, як пад гарады, так і пад сельскую гаспадарку. Цяпер тыгры займаюць толькі 5% сваіх пачатковых тэрыторый. Яны жывуць у дзесяці краінах Азіі, хоць яшчэ нядаўна гэта было 13 краін. Колькасць гэтай жывёлы радыкальна змяншалася на нашых вачах. Змяншэнне колькасці папуляцыі тыграў няспынна працягвалася да 2010 году, калі іх лічба склала крытычныя 3200 штук. І тады ўлады гэтых азіяцкіх краін, як і розныя няўрадавыя арганізацыя, як фонд WWF, распачалі ахоўныя дзеянні. Была пастаўленая мэта спыніць выміранне тыграў і павелічэння іх колькасці.

Праблему з тэрыторыяй, на якой жывуць тыгры, паглыбляюць змены клімату. Чалавек забраў у тыграў значную частку тэрыторыі, але яе становіцца менш і ў выніку глабальнага ацяплення. Напрыклад, на некаторых тэрыторыях значна падымаецца ўзровень вады, што прымушае тыграў уцякаць у іншае месца.

З 2010 года быў рэалізаваны шэраг захадаў з мэтай аховы гатунку. Была павялічаная плошча тэрыторый, ахопленых аховаю. Павялічаная колькасць патрулёў, якія, з аднаго боку, адсочваюць гатунак, а з іншага супрацьдзейнічаюць браканьерству. Дзякуючы гэтаму ўпершыню за сто гадоў колькасць тыграў пачала расці.

Чарговай прычынай знікнення тыграў, пасля змяншэння тэрыторый, на якіх яны маглі б жыць і размнажацца, з’яўляецца браканьерства і нелегальны гандаль дзікай прыродай.

-З аднаго боку, тыграў забіваюць дзеля прыгожага футра, але самае важнае, што цела тыгра выкарыстоўваецца ў традыцыйнай кітайскай медыцыне для вытворчасці псеўдамедыкаментаў, мазяў, напояў. Такія прэпараты робяць з кожнай часткі цела тыгра. Потым за вялікія грошы прадаюць на чорным рынку. На жаль, гэты гандаль стала ёсць, – кажа Анна Сасноўская.

У нашым рэгіёне тыгры не жывуць. Ці праблема яго знікнення павінна хваляваць таксама нас? Анна Сасноўска пераконвае, што так. Для ўсіх людзей тыгр сімвалізуе сілу і адвагу. Ён з’яўляецца важным элементам сусветнай культуры.

-Гледзячы з экалагічнай перспектывы, тыгр з’яўляецца важным гатункам, ён рэгулюе колькасць іншых гатункаў, якія выступаюць на яго тэрыторыі, утрымлівае іх у добрай форме, палюючы на хворых і слабых. З іншага боку, тыгр – гэта гатунак, ахоўваючы які трэба ахоўваць усю тэрыторыю, на якой ён жыве. Тыгр можа жыць нават на некалькіх сотнях квадратных кіламетраў. Такім чынам, ахоўваючы тыгра мы ахоўваем усе арганізмы, якія жывуць на дадзенай тэрыторыі, і ўсю экасістэму. А тыгры займаюць адну з ключавых экасістэм у свеце, бо гэта азіяцкія лясы, якія даюць планеце мноства кіслароду. У выніку гатунак дапамагае супрацьдзейнічаць паглыбленню зменаў клімату. Ахоўваючы тыграў, мы запэўніваем у свеце раўнавагу, што адчуваем таксама мы тут, у Польшчы.

Польскае аддзяленне фонду WWF актыўна ўдзельнічае ў ахове тыграў. Яно шукае спонсараў сярод палякаў. Дзякуючы ім удалося купіць фотапасткі, якія дапамагаюць маніторыць жыццё тыграў. Анна Сасноўска кажа, што інфармацыя аб колькасці тыграў у дадзеным месцы дапамагае лепш іх ахоўваць.

Польскае WWF таксама фінансуе працу антыбраканьерскіх патрулёў, якія, між іншым, збіраюць капканы, расстаўленыя браканьерамі. Фонд фінансуе працу па павышэнні свядомасці і папулярызацыі інфармацыі аб псеўдамедыкаментах, каб зменшыць запатрабаванасць на гэтыя прадукты.

слухайце аўдыё

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце