Беларуская Служба

Гістарычная постаць: паручнік ВПС, ваенны пілот Ядвіга Пілсудска – дачка маршала Польшчы

16.07.2022 06:02
Падчас вайны налёт Ядвігі Пілсудскай склаў 312 гадзін на 21 тыпе самалётаў!
Аўдыё
  • Гістарычная постаць: паручнік ВПС, ваенны пілот Ядвіга Пілсудска – дачка маршала Польшчы
Падпаручнік Ядвіга Пілсудска з афіцэрам падчас вайныMuzeum Lotnictwa/public domain

Сёння ў гістарычнай рубрыцы пазнаёмім вас з постаццю Ядвігі Пілсудскай-Ярачэўскай. Як можна зразумець па першай частцы прозвішча, гэта – дачка маршала Польшчы і бацькі польскай незалежнасці Юзэфа Пілсудскага.

Пілсудскі быў жанаты два разы: яго другой жонкай была Аляксандра. І менавіта ў сям’і Юзэфа і Аляксандры ў 1920 годзе нарадзілася Ядвіга. У Ядвігі, якую, дарэчы, Пілсудскі называў Ягадай, была старэйшая сястра Ванда, народжаная ў 1918 годзе.

Дзяцінства Ядвіга правяла галоўным чынам у Варшаве ў палацы Бельведэр і ў падваршаўскім гарадку Мілянувэк, дзе былыя саслужыўцы маршала Пілсудскага ў знак удзячнасці скінуліся і пабудавалі там для яго асабняк. У 1939 годзе яна атрымала атэстат сталасці. У 1936 годзе, пасля смерці Пілсудскага, кіраўніцтва Польшчы дало згоду на пакупку з бюджэту краіны для дачок маршала фальварку ва ўсходняй Польшчы.

У 1937 годзе Ядвіга Пілсудска ў аэраклубе пачала лётаць на планёрах, у тым ліку выконваць паветраныя акрабатычныя фігуры.


Ядвіга Пілудска на планёры. 1937 год  Ядвіга Пілудска на планёры. 1937 год

Пасля нападзення немцаў на Польшчу ў 1939 годзе сям’я маршала была эвакуяваная з тэрыторыі краіны. Спачатку з сястрой і маці Ядвіга трапіла ў Вільнюс. А пасля нападзення Савецкага Саюзу на Польшчу жанчыны перабраліся ў літоўскі Каўнас, а адтуль на спецыяльным самалёце былі эвакуяваныя праз Латвію і Швецыю ў Вялікабрытанію.

У Вялікабрытаніі Ядвіга пайшла вучыцца ў Кембрыджскі ўніверсітэт, пасля заканчэння якога ўжо пасля вайны атрымала дыплом архітэктара.

У 1942 годзе Ядвіга Пілсудска паступіла служыць у Дапаможную жаночую авіяцыйную службу Ваенна-паветраных сіл Польшчы ў эміграцыі, якая ў аперацыйным плане падпарадкоўвалася Каралеўскім Ваенна-паветраным сілам Вялікабрытаніі. Пасля курсаў дачка маршала атрымала права лётаць на самалётах і званне падпаручніка ВПС. Праз два гады службы атрымала званне паручніка.


Ядвіга Пілсудская (першая справа) з сяброўкамі з ВПС Ядвіга Пілсудская (першая справа) з сяброўкамі з ВПС

Ядвіга была адной з трох полек-лётчыц, якія служылі пілотамі ў ваенна-паветраных сілах. Іх задача заключалася ў тым, што яны пераганялі самалёты з заводаў у ваенныя часткі на пастаяннае месца дыслакацыі. Гэта была складаная служба, таму што жанчынам-пілотам прыходзілася лётаць без узбраення. Больш за тое, нельга было ўжываць радыёсувязі, каб не займаць месца ў эфіры; пазначаных картаў, каб яны ў выпадку збіцця не трапілі ў рукі ворага, а таксама лётаць высока ў аблоках, каб памылкова не быць збітымі сваёй жа супрацьпаветранай абаронай. Такая ваенная рэчаіснасць азначала, што самалёты, якім кіравала Ядвіга, маглі быць лёгкай цэллю нямецкіх знішчальнікаў.


Афіцэр ВПС, ваенны пілот Ядвіга Пілсудская Афіцэр ВПС, ваенны пілот Ядвіга Пілсудская

Дарэчы, Ядвізе, як і іншым пілотам, што пераганялі самалёты, прыходзілася асвоіць рознага тыпу машыны, бо яны лёталі як на знішчальніках, так і на бамбавіках ды транспартных машынах. Цягам вайны налёт Ядвігі Пілсудскай склаў 312 гадзін на 21 тыпе самалётаў!
У 1944 годзе яна выйшла замуж за Анджэя Ярачэўскага, ваенна-марскога афіцэра.

Пасля вайны засталася ў эміграцыі ў Вялікабрытаніі, дзе працавала архітэктарам і займалася бізнесам. У Ядвігі – двое дзяцей: сын і дачка, па адукацыі таксама архітэктары.

+-

У 1979 годзе яе дачка пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Польшчу, сама ж Ядвіга гэта зрабіла толькі ў 1990 годзе.

Памерла Ядвіга Пілсудска-Ярачэўска ў 2014 годзе ў Варшаве.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу