Беларуская Служба

102 гады таму пад Варшавай вырашаўся лёс Беларусі і Украіны

18.08.2022 16:02
Польска-савецкая вайна 1919-1920 гг. у асноўным разыгрывалася на беларускіх і ўкраінскіх землях.
Аўдыё
  • "Варшаўскі мост". Польска-савецкая вайна 1919-1920 гг.
, 19  1919 .     ,   .        .
Менск, 19 верасня 1919 года. Палявая імша на пляцы Волі, каля кафедральнага касцёла. На памосце сядзіць кіраўнік польскай дзяржавы Юзаф Пілсудскі. Commons.wikimedia.org/public domain

15 жніўня споўнілася 102 гады Варшаўскай бітве паваротнаму моманту польска-савецкай вайны, якая ў 1919-1920 гг. У асноўным разыгрывалася на беларускіх і ўкраінскіх землях.

Вайна Польшчы і Савецкай Расіі 1919-1920 гг. ішла па сутнасці за беларускія і ўкраінскія землі. Таму гэта і важная падзея ў гісторыі Беларусі. Пра яе ішла размова летась, у лістападзе, на міжнароднай навуковай канферэнцыі “Палякі ў Беларусі ад Студзеньскага паўстання да XXI стагоддзя”, якая была арганізавана ў Вільні Цэнтрам усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча, Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Літве.

На канферэнцыі вядомы даследчык ваеннай гісторыі Польшчы Вальдэмар Рэзмэр звярнуў увагу на тое, што трэба ўдакладніць назву ваенных падзей 1919-1920 гг.

Вальдэмар Рэзмэр:Калі ўласна пачалася вайна, якую адны называюць бальшавіцка-, а іншыя савецка-польскай? Адпаведна, гэта дасць адказ на пытанне, з якога дня трэба пачынаць лічыць колькасць ваеннапалонных з юрыдычнага пункту гледжання.

Па гэтым пытанні я прагледзеў падручнікі, гістарычныя працы, у т.л. працу Нормана Дэвіса. І, шчыра кажучы, назіраюцца розныя меркаванні — у залежнасці ад таго, якое каму ляжа на душу.

У падручніках для школ — наогул бяда! У адным з іх, для ліцэяў, аўтарства Войцеха Рашкоўскага і Анны Радзівіл, пачатак гэтай вайны датуецца красавіком 1920 года! Чытаем назву раздзела: «Польска-савецкая вайна». А раней што ж, нічога не было? Ведаем, што было. А як гэта апісалі ў падручніку? Маўляў, нешта было на ўсходзе, нейкія сутычкі. На ўсходзе!

Але ж гэта важна! Бо тыя ж нашы расійскія партнёры, напрыклад, сп. Генадзь Матвееў, спасылаючыся на аўтараў згаданага мною падручніка сп. Рашкоўскага і сп-ні Радзівіл, гаварыў пра тое, што, маўляў, палякі вінаваты ў тым, што «развязалі» гэту вайну, пачаўшы паход на Кіеў у красавіку 1920 года. Там, у падручніку, ёсць нават такі раздзел. І праф. Рашкоўскі мяне пераконваў у тым, што ён мае рацыю.

Сваім меркаваннем аб тым, калі пачалася польска-савецкая вайна, падзялілася таксама Яанна Героўская-Калаур, вядомая польская даследчыца гэтага перыяду, у прыватнасці, падзей у Літве і Беларусі.

Яанна Героўская-Калаур:Я знайшла ў Архіве знешняй палітыкі РФ рапарты Давіда Юльевіча Гопнера, г.зн. савецкія, або расійскія крыніцы. Яны датычаць узяцця Вільні ў снежні 1918 — студзені 1919 года.

Трэба пры гэтым заўважыць, што 28 снежня 1918 года польская самаабарона Вільні самараспусцілася і стала часткай Войска Польскага. Гопнер жа паведамляе, што Чырвоная Армія атакуе Вільню, якую абараняе былая самаабарона — а ў той момант ужо Войска Польскае. Адпаведна, адказ на пытанне, калі пачалася польска-савецкая вайна, просты: 5 студзеня 1919 г.

З іншага боку, наколькі я ведаю з кулуарных размоў з расійскімі гісторыкамі, яны схіляліся да красавіка 1919 года ў якасці даты пачатку польска-савецкай вайны (тады кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі звярнуўся з адозвай да жыхароў былога Вялікага Княства Літоўскага і пачаў паход на Вільню і Мінск. — Рэд.). З трэцяга боку, ваенныя дзеянні ўзмацніліся яшчэ ў лютым 1919 года. Але сама вайна пачалася 5 студзеня.

Польскія гісторыкі Тэрэза Гардоцкая і Лукаш Маеўскі выступілі з дакладам пра лёс ваеннапалонных вайны 1919-1920 гг.

Тэрэза Гардоцкая і Лукаш Маеўскі нагадалі, што ў бальшавіцкі палон трапілі больш за 30 тысяч польскіх салдат і група салдат з добраахвотніцкіх антысавецкіх фарміраванняў з Расіі, Беларусі і Украіны. Лёс апошніх і дагэтуль застаецца ў значнай ступені невядомы. Але гісторыкі высветлілі, што бальшавікі ставіліся да іх часта вельмі жорстка.

Усяго каля 35 000 ваеннапалонных польскага паходжання вярнуліся ў Польшчу, у тым ліку каля 5500 — з далёкаўсходніх тэрыторый Расіі.

У той жа час у польскіх лагерах знаходзілася ад 120 000 да 200 000 (апошняя лічба — савецкія даныя) палонных чырвонаармейцаў. Колькасць загінуўшых у няволі ацэньваецца ад 16.500 да 18.000 чалавек. Прычынай іх смерці сталі інфекцыйныя захворванні (тыф, іспанка, дызентэрыя).

Пасля заключэння ў Рызе ў 1921 годзе мірнага дагавора паміж РСФСР і УССР, з аднаго боку, і РП, з другога, з сакавіка 1921 г. да сярэдзіны 1922 г. праходзіў абмен ваеннапалоннымі.

Тэрэза Гардоцкая, спасылаючыся на даследаванне Леха Вышчэльскага пра ваеннапалонных вайны 1919-1920 гг., выдадзенае ў 2014 г. у Варшаве, каменціруе яго.

Тэрэза Гардоцкая:Спадар Вышчэльскі напісаў, што бальшавіцкіх ваеннапалонных магло быць у Польшчы каля 150 тысяч. Расіяне, у сваю чаргу, лічаць, што ваеннапалонных было да 200 тысяч, з якіх частка недзе «знікла». Але так бывае ў гісторыі, калі крыніцы даюць розныя даныя.

Нашы даследаванні паказваюць, што 75-76 тысяч бальшавіцкіх ваеннапалонных было рэпатрыявана. 3 тысячы засталіся тут ці яшчэ недзе па сваёй волі. Ад 16,5 да 18 тысяч загінулі. У выніку мы ведаем, што адбылося з 97 тысячамі ваеннапалонных. Які лёс іншых і колькі іх увогуле было — мы проста не ведаем.

Відавочна, лічаць гісторыкі, яшчэ трэба ўдакладніць колькасць бальшавіцкіх ваеннапалонных, якіх «не хапае», якіх расійскі бок неапраўдана лічыць «забітымі».

Віктар Корбут

Больш на гэтую тэму: Варшаўскі мост

Сяргей Бульба: Цяпер ва Украіне вырашаецца будучыня Беларусі — Украіна пераможа і гэта шанс для нас

07.07.2022 18:40
Стваральнік першых сучасных беларускіх ваенна-патрыятычных арганізацый Сяргей Бульба лічыць, што калі б Украіна прайграла ў вайне, то Беларусь не вызвалілася б ад Расіі.