Gazeta Wyborcza піша, што настаўніцкія прафсаюзы ў Польшчы пагражаюць страйкам, хаця самі настаўнікі даволі скептычна ставяцца да гэтай ідэі. Пакуль што прафсаюзы расклейваюць плакаты ў школах і плануюць сустрэчы з бацькамі.
Настаўнікі не хочуць страйку, паколькі пасля апошняга такога пратэсту ў іх былі фінансавыя праблемы, а таксама пагоршылася стаўленне да педагогаў з боку грамадства. Настаўнікі, таксама, як бацькі, імкнуцца палепшыць польскую школу, а страйк – гэта крайняя форма пратэсту.
Прафсаюз «Салідарнасць» патрабуе павышэння заробкаў настаўнікаў на 5% больш за інфляцыю і прыняцця рашэння, якое «прывяжа» памер зарплаты педагогаў да сярэдняга заробку ў дзяржаве. У жніўні дзеячы прафсаюзу правялі пікет каля Міністэрства адукацыі, пагражаючы, што калі ўрад не адкажа на іх патрабаванні, школы перастануць працаваць.
Па словах віцэ-міністра адукацыі Дарыюша Пянткоўскага, патрабаванні настаўнікаў, каб павысіць заробкі на 20%, немагчыма выканаць. На гэта няма сродкаў у бюджэце – як на гэты год, так і на будучы.
Намеснік старшыні Саюзу польскіх настаўнікаў Кшыштаф Башчыньскі заявіў, што з міністрам адукацыі сустракацца няма сэнсу. Таму прафсаюзнікі адправілі ліст з просьбай прызначыць сустрэчу да прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Яны просяць прэм’ера сустрэцца з імі на перамовах як мага хутчэй, не пазней чым 10 верасня.
нг