Грамадскае Польскае радыё атрымала ўзнагароду Галоўнай рады навукова-даследчых інстытутаў за папулярызацыю навукі. Надоечы ў будынку Варшаўскай палітэхнікі адбылася цырымонія з нагоды 30-годдзя існавання рады, падчас якой былі ўзнагароджаныя найбольш інавацыйныя і дынамічныя ўстановы ў Польшчы, у тым ліку Польскае радыё.
Узнагарода – гэта доказ высокай ацэнкі працы грамадскай радыёстанцыі па прасоўванні навукі, лічыць праграмны дырэктар Польскага радыё Павел Квяціньскі(Paweł Kwieciński) :
- Гэта ўзнагарода для Польскага радыё. Для ўсіх праграмаў і перадачаў, якія спрабуюць паказаць свет навукі; вырашаць таямніцы, якія да пэўнага часу здаваліся невырашальнымі. Гэта ўзнагарода для ўсіх супрацоўнікаў Польскага радыё, якія папулярызавалі навуку, якія займаліся навукай ва ўсіх праграмах і агенцтвах Польскага радыё.
Галоўная рада навукова-даследчых інстытутаў у цяперашні час прадстаўляе 91 навукова-даследчы інстытут, які праводзіць даследаванні ў галіне эканомікі, інфраструктуры, аховы навакольнага асяроддзя, сельскай гаспадаркі, медыцыны, а таксама бяспекі ў шырокім разуменні і галіне гуманітарных навук.
IAR /аз