Беларуская Служба

Польшча ўводзіць жорсткія абмежаванні на ўезд грамадзян Расійскай Федэрацыі

20.09.2022 14:34
Рашэнне было прынятае пасля кансультацыі з краінамі Балтыі.
Ілюстрацыйны здымакфота: shutterstock/rbkomar

Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы пашырае абмежаванні на ўезд расіян у краіну. Абмежаванні будуць распаўсюджвацца на ўсе кантрольна-прапускныя пункты, у тым ліку паветраныя і марскія, аб чым ідзе гаворка ў праекце ўнясення зменаў у закон. «Мы абмяжоўваем рух у турыстычных, дзелавых, культурных і спартовых мэтах», – цытуе выказванне намесніка кіраўніка МУСіА Барташа Градэцкага выданне Niezalezna.pl.

У панядзелак Цэнтр урадавага заканадаўства апублікаваў праект змяненняў у пастанову міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі, які цяпер дае магчымасць уезду ў Польшчу з Расіі і Беларусі толькі асобных катэгорый людзей (грамадзяне Польшчы, прафесійныя кіроўцы, дыпламаты, удзельнікі некаторых культурных і спартыўных спаборніцтваў).

Як стала вядома, будуць больш жорсткімі правілы ў дачыненні да грамадзян Расійскай Федэрацыі. Згодна з праектам, расіяне, якія намераны наведаць Польшчу ў турыстычных мэтах, не змогуць прыехаць у дзяржаву з-за вонкавай мяжы Еўразвязу. Барташ Градэцкі адзначыў, што абмежаванні будуць дзейнічаць на ўсіх памежных пераходах, а з 26 верасня таксама ў аэрапортах і марскіх партах.

«Рашэнні мы распрацавалі ў супрацы з краінамі Балтыі», – дадаў намеснік кіраўніка МУС.

нг