Польшча паднялася ў рэйтынгу Індэксу чалавечага развіцця (анг. HDI – Human Development Index). У актуальным рэйтынгу за 2021 год Польшча заняла 34 месца - на два месцы вышэй у параўнанні з рэйтынгам 2020 года – паведамляе Gazeta Polska. Такім чынам дзяржава ўвайшла ў групу краін, якія адзначаюцца вельмі высокім сацыяльным развіццём. Аднак высновы штогадовага дакладу ААН даволі змрочныя. Мы жывем у свеце праблем ды негатыўных перажыванняў, якіх не было на працягу апошніх дзесяцігоддзяў.
Падчас падрыхтоўкі шкалы развіцця грамадстваў бяруцца пад увагу іншыя паказчыкі, чым памер ВУП. Эксперты ацэньваюць узровень ведаў насельніцтва, якасць і даўжыню жыцця, здароўе і заможнасць. Першыя радкі ў рэйтынгу займаюць Швейцарыя, Нарвегія ды Ісландыя. Годам раней таксама гэтыя тры краіны былі на першых месцах, але ў іншай чарговасці. А апошнія месцы займаюць Емен, Буркіна-Фасо і Мазамбік.
Высновы рэйтынгу даволі песімістычныя. Пандэмія каранавіруснай інфекцыі значна пагоршыла якасць нашага жыцця. У 2020-2021 гг. у бальшыні краін свету панізіўся агульны паказчык якасці жыцця. У бягучым годзе, верагодней за ўсё, тэндэнцыя захаваецца, перш за ўсё ў выніку вайны ва Украіне.
Даклад ААН згадвае таксама тры рашэнні, якія дазволяць змяніць негатыўную тэндэнцыю. Гэта інвеставанне ў аднаўляльныя крыніцы энергіі, шырокія сацыяльныя гарантыі з боку дзяржавы, а таксама тэхналагічныя, эканамічныя і культурныя інавацыі.
нг