102 гады таму, 23 верасня 1920 года, Сейм Польшчы прыняў закон аб будаўніцтве Гдыні.
У 1920 годзе на моцы Версальскага пагаднення Польшча атрымала невялікі ўчастак узбярэжжа Балтыкі (140 км), але без ніякай інфраструктуры. Таму ўрад у Варшаве прыняў рашэнне з нуля пабудаваць горад і порт, які стаў бы «акном» у свет для маладой дзяржавы.
Задача па будаўніцтве порту была ўскладзеная на Эўгеніюша Квяткоўскага – вядомага польскага эканаміста і дзяржаўнага дзеяча. Нягледзячы на тое, што краіна была знішчаная вайной, былі кінутыя вялікія фінансавыя сродкі на развіццё гораду.
І так, калі ў 1921 годзе ў Гдыні пражывала 1 тыс. 268 жыхароў, то ў 1926 – 12 тыс. чалавек, а ў 1939 – 127 тыс. На той час Гдыня была адзіным гандлёвым портам міжваеннай Польшчы.
Дарэчы, яшчэ да Першай сусветнай вайны польскія інжынеры думалі пра тое, каб там пабудаваць порт і горад. У той час Гдыня была звычайнай спакойнай рыбацкай вёскай.
Горад будаваўся і развіваўся паступова, ажно да пачатку Другой сусветнай вайны. У другой палове 1930 гадоў гандлёвы порт ужо прымаў 20 суднаў кожны дзень.
Gdynia, ulica Świętojańska w 1934 roku. Foto: Polona
А чаму ў якасці месца будаўніцтва порту была выбраная Гдыні? Пасля таго, як Свабодны горад Гданьск перакрыў Польшчы пастаўкі грамадзянскіх і ваенных грузаў праз свой порт падчас польска-савецкай вайны, кіраўніцтва ў Варшаве прыйшло да высновы, што неабходна будаваць свой уласны порт.
Шмат адпаведных месцаў на ўзбярэжжы Балтыкі не было, а найбольш падыходзіла, паводле інжынераў, менавіта Гдыня, размешчаная ўсяго ў 16 км ад гданьскага порту. Пры будаўніцтве пад увагу браліся гідралагічныя і геаграфічныя ўмовы, а таксама магчымасць правядзення ў перспектыве чыгуначнай і дарожнай інфраструктуры. Больш за тое, з боку Гданьска і з боку сушы Гдыня была акружаная натуральнымі ўзгоркамі, якія ахоўвалі горад і порт ад моцных вятроў. І так, паступова рыбацкая вёска станавілася галоўным польскім портам і сучасным горадам.
Гдыня таксама стала галоўным вайсковым портам, дзе дыслакаваліся асноўныя часці Ваенна-марскіх сіл маладой дзяржавы. Таксама ў Гдыні было размешчанае кіраўніцтва ВМС Польшчы, што мела не толькі практычны, але і сімвалічны характар, які падкрэсліваў сувязь адроджанай дзяржавы з Балтыкай.
Будучы ў Гдыні, варта пазнаёміцца з даваеннай архітэктурай, якой шмат у горадзе. У асноўным гэта даваенны мадэрнізм. Гістарычныя будынкі захаваліся ў ідэальным стане, у вялікай ступені таму, што ў вайну горад не быў знішчаны.
Gdynia, flota rybacka. Foto: Polona
Так што, сябры, будучы ў Гдыні, абавязкова трэба наведаць старую частку горада, якая з’яўляецца жывым сведкам таго, як са звычайнай рыбацкай вёскі Гдыня пераўтварылася ў асноўны порт даваеннай Польшчы.
Валеры Саўко
слухайце аўдыёфайл