Беларуская Служба

Сексуальнае згвалтаванне – адна з самых дэструкцыйных формаў ваеннага злачынства

02.11.2022 20:34
Расійская армія здзяйсняе дадзенае злачынства супраць украінскіх жанчын, мужчын і дзяцей.
Аўдыё
  • Ваенныя злачынствы ва Украіне
Ілюстрацыйны здымакфота: ua.depositphotos.com

Штодзённа мы чуем пра ахвяр вайны ва Украіне. Генштаб Узброеных сілаў Украіны скрупулёзна інфармуе пра забітых расійскіх вайскоўцаў, час ад часу ў СМІ прабіваюцца таксама дадзеныя аб стратах у шэрагах украінскіх сілаў, рэгулярна паяўляюцца і звесткі пра забітых ды параненых мірных жыхарах. Аднак значна менш мы чуем інфармацыі пра злачынствы, якія для шматлікіх людзей застаюцца тэмай табу – ваенныя згвалтаванні.

З першага дня поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расійскія салдаты забівалі і катавалі мірных жыхароў, гвалтавалі жанчын, дзяўчат і дзяцей, а таксама здараецца гэта ім рабіць і з мужчынамі. Тым не менш, часцей за ўсё менавіта самыя безабаронныя члены грамадства – жанчыны і дзеці – знаходзяцца сярод ахвяраў агрэсіі Расіі супраць Украіны. Яны не толькі гінуць і атрымліваюць раненні, але і падвяргаюцца сексуальнаму насіллю.

Пасля вызвалення акупаваных гарадоў на месцы працуе паліцыя, збіраючы інфармацыю пра зверствы расіян. Ужо паступіла больш за 150 паведамленняў аб выпадках сексуальнага гвалту. Ахвярамі становяцца ў асноўным жанчыны і дзяўчынкі ва ўзросце ад 4 да 82 гадоў, але захопнікі гвалцяць таксама мужчын і хлопчыкаў, кажа афіцэр Узброеных сіл Украіны Андрэй Серган з пазыўным «Хахол», які бачыў відэа на тэлефоне расійскага ваеннапалоннага.

- Расійскі афіцэр з 2014 года збіраў відэа на свой мабільны тэлефон. Ёсць шмат здымкаў ахвяр згвалтаванняў, дзяўчат, закапаных у зямлю. Ён маньяк і монстр, дзе б ён ні быў, у Херсоне, Данецку ці дзе-небудзь пад Кіевам, калі ён хоча забіваць, атрымліваць асалоду ад забойства і фатаграфавання і несці ўсё на фотаапараце або мабільным тэлефоне, ён будзе рабіць гэта ў любым рэгіёне.

Украінскія ўлады папярэджваюць, што ніводнае ваеннае злачынства расійскіх войскаў не застанецца без пакарання. Дзеля таго, каб лягчэй было ідэнтыфікаваць вінаватых, а таксама для дакументавання злачынстваў у імя будучага судовага расследавання, у Варшаве збіраюць сведчанні ахвяраў зверстваў расіян, у тым ліку згвалтаванняў. Гэтым займаецца Цэнтр Лемкіна, які працуе ў складзе Інстытуту Пілецкага. Адзін з супрацоўнікаў цэнтру – украінец Дмытро. Ён адзначае, што сярод шматлікіх аповедаў ахвяр ваенных злачынстваў рэдка здараюцца сведчанні згвалтаванняў. Магчыма, людзі, асабліва мужчыны, саромеюцца пра гэта казаць. Мы яго спыталі, ці ёсць адмыслова падрыхтаваны спецыяліст, які працуе з ахвярамі.

- У нас няма такіх выпадкаў шмат, і таму няма асобнага чалавека, які з гэтымі сведкамі працуе. Калі такі сведак трапляецца, з ім размаўляе хтосьці з нашага калектыву. Гэта можа быць больш дасведчаны чалавек, жанчына ў выпадку пацярпелай жанчыны, каб не пагоршыць яе становішча. Мы не можам ведаць, ці здарылася згвалтаванне, ці не, калі чалавек пра гэта не гаворыць. Згвалтаванне – гэта інтымная тэма для жанчыны або для мужчыны. Нават больш для мужчыны, які з’яўляецца маскуліннай істотай. Магчыма, хтосьці саромеецца, магчыма, не хоча распавядаць пра гэтыя жахлівыя рэчы.

Згвалтаванне з’яўляецца элементам ваеннай стратэгіі РФ ва Украіне, лічыць спецпрадстаўнік генеральнага сакратара ААН па пытаннях сексуальнага гвалту ў канфліктах Праміла Патэн. Гэта адна з самых дэструкцыйных формаў гвалту, якая часцей за ўсё сустракаецца падчас узброеных канфліктаў. Ва Украіне працавала гарачая тэлефонная лінія, на якую паступалі паведамленні пра згвалтаванні, у тым ліку групавыя і цяжарнасці пасля згвалтавання. Толькі за перыяд з 24 лютага па 12 красавіка паступіла 124 такія паведамленні. Але гэта толькі пік айсберга, паколькі ў ходзе баявых дзеянняў цяжка сабраць дакладную інфармацыю. Акрамя таго, ахвяры рэдка звяртаюцца па дапамогу.

нг