Беларуская Служба

У Польшчы пачалі выдаваць электронныя пашпарты

14.11.2022 12:29
Плануецца, што з часам электронны пашпарт будзе прызнаны нароўні з папяровым. 
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:jackmac34/CC0 Public Domain

У канчатковым выніку пашпарт будзе ўведзены ў mObywatel – дадатак, у якім палякі могуць мець электронныя дакументы (пасведчанне асобы, правы кіроўцы і т.д., а таксама вырашаць многія бюракратычныя справы), піша gazetaprawna.pl.

«Сёння ўжо працуе рэестр пасведчання асобы, аналагічным чынам будзе дзейнічаць і рэестр пашпартных дакументаў. Кожны можа ўбачыць, як выглядалі яго пластыкавыя пасведчанні асобы некалькі гадоў таму. Такая ж магчымасць будзе даступная для пашпартных дакументаў», – падкрэслівае Януш Цяшыньскі, упаўнаважаны ўрада па кібербяспецы.

Чыноўнік дадаў, што з часам электронны пашпарт будзе прызнаны нароўні з папяровым. Пры гэтым ён адзначыў, што больш за ўсё пашпарт патрэбны для перасячэння мяжы, і дадаў, што калі казаць пра прызнанне электроннага пашпарта за мяжой, то »гэта будзе пытанне заключэння канкрэтных пагадненняў. Ёсць адна краіна ў свеце, якая ўвяла цалкам электронны пашпарт, і гэта Украіна».

«Польшча разам з групай іншых краін, зацікаўленых у аблічбоўцы і спрашчэнні дзяржаўных паслуг, прасоўвае ўвядзенне дадатковых дакументаў, якія можна будзе прызнаваць у электронным выглядзе ва ўсім ЕС. Гэта працэс, які патрабуе згоды ўсіх дзяржаў-членаў. Зараз ідуць пілотныя праекты, якія дазволяць некалькім краінам прызнаваць пэўныя дакументы паміж сабой», – сказаў Цяшыньскі.

Ён таксама паведаміў, што Польшча, акрамя пілотных праектаў на ўзроўні ЕС, таксама запускае праект сумесна з Украінай.

«Украінскія правы кіроўцы і дакументы на транспартны сродак можна будзе прызнаваць у Польшчы ў электронным выглядзе, і наадварот – аналагічныя польскія на тэрыторыі Украіны», – сказаў Цяшыньскі.

ав