Беларуская Служба

Уручаны прэміі Фунду на карысць польскай навукі за 2022 год

08.12.2022 08:50
Цырымонія ўзнагароджання адбылася ўчора ў Каралеўскім замку ў Варшаве.
Прафесар Барташ ГжыбоўскіPAP/Tomasz Gzell

Прафесар Марцін Навотны, прафесар Барташ Гжыбоўскі і прафесар Адам Лайтар атрымалі прэм’і Фонду на карысць польскай навукі, то бок самыя прэстыжныя навуковыя ўзнагароды ў Польшчы. Цырымонія ўзнагароджання адбылася ўчора ў Каралеўскім замку ў Варшаве.

Прафесар Марцін Навотны(Marcin Nowotny) атрымаў узнагароду ў галіне навук аб жыцці і Зямлі за тлумачэнне малекулярных механізмаў распазнання і ліквідацыі пашкоджанняў ДНК. Вучоны паясніў, што рэцэпт кожнай жывой клеткі запісаны ў ДНК, але ДНК часам пашкоджваецца:

- На шчасце, у кожнага жывога арганізма ёсць цэлы шэраг механізмаў, якія дазваляюць ліквідаваць гэтыя пашкоджанні. Гэтае аднаўленне ДНК – гэта працэс, з якім мы займаемся, галоўным чынам у бактэрый, але таксама ў вышэйшых арганізмаў, напрыклад, у чалавека. Нашая мэта – вельмі дэталёва растлумачыць, як працуюць гэтыя механізмы на ўзроўні асобных атамаў і малекулаў; як яны выглядаюць. Звычайна гэта бялкі.

Прэмію ў намінацыі хімія і матэрыялазнаўства атрымаў прафесар Барташ Гжыбоўскі(Bartosz Grzybowski) за распрацоўку і эмпірычную праверку алгарытмічнай метадалогіі планавання хімічнага сінтэзу. Эксперт паясняе, што яго каманда ў працы спалучае хімію з матэматыкай:

- Прыкладна дваццаць гадоў таму мы пачалі вучыць кампутар правілам хіміі і распрацоўваць алгарытмы штучнага інтэлекту, якія маглі б думаць як хімік і планаваць такія сінтэзы. Дарэчы гэта цікавая гісторыя. Калі я быў маладым навукоўцам і вучыўся ў ЗША, то я з гэтай ідэяй пайшоў параяцца ў аднаго з лаўрэатаў Нобелеўскай прэм’і і ён мне тады сказаў, што гэта самая дурная ідэя і, што гэта не атрымаецца. Аднак я заўзяты Паляк і ў мяне гэта атрымалася.

У сваю чаргу, прафесар Адам Лайтар(Adam Łajtar) атрымаў прэмію ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук за інтэрпрэтацыю эпіграфічных крыніц, якія паказваюць рэлігійныя і культурныя аспекты функцыянавання сярэднявечных супольнасцей, якія насялялі даліну Ніла. Прафесар паведаміў, што даследаванне, за якое ён атрымаў прэмію, датычыцца надпісаў на сценах царквы ў старажытнай хрысціянскай Нубіі. Надпісы датуюцца XІ-XІV стагоддзем:

- Гэта тэксты, якія пакінулі вернікі, якія прыходзілі ў гэты касцёл маліцца. Гэтыя надпісы – гэта доказ іх пабожнасці. Гэта такі ж выраз пабожнасці, як запаліць свечку, стаць на калені, як пакінуць ахвяраванне ў касцёле.

Сёлета фонд не прысуджаў прэміі ў намінацыі матэматычных, фізічных і інжынерных навук. Разам з сёлетнімі лаўрэатамі група навукоўцаў, якія да гэтай пары атрымалі прэм’і Фонду на карысць польскай навукі, складае 113 чалавек. Сёлета ўзнагароды ўручаліся 31-ы раз.

IAR/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка

Сталі вядомымі лаўрэаты прэміі Фонду на карысць польскай навукі

11.11.2022 08:02
Цырымонія ўручэння ўзнагародаў адбудзецца 7 снежня бягучага года.