Беларуская Служба

CNN паставіла Польшчу на чале рэйтынгу 23 краін, якія варта наведаць у 2023 годзе

10.01.2023 14:48
На думку рэдактараў, Польшчу трэба падтрымаць таксама як дзяржаву, якая аказала салідарнасць Украіне. 
Аўдыё
  • Польшча ўзначаліла рэйтынг прывабных для турыстаў краін
У ЗША высока ацанілі садідарнасць палякаў з украінцаміфота: Kotelnikov Andrii/Shutterstock

Вядомая амерыканская тэлестанцыя CNN падрыхтавала рэйтынг 23 краін, куды варта адправіцца ў падарожжа ў 2023 годзе. На чале спісу знаходзіцца Польшча. Прычына, па якой варта наведаць Польшчу, у першую чаргу, як піша CNN, «жаданне прадэманстраваць падтрымку дзяржаве, салідарнай з Украінай, на якую напала Расія».  

Рэйтынг CNN – гэта своеасаблівы ўказальнік, які дапамагае людзям з усяго свету выбраць месца, якое варта наведаць. Таму той факт, што Польшча трапіла ў авангард такога прэстыжнага рэйтынгу, вельмі цешыць, – адзначае старшыня Польскай турыстычнай арганізацыі Рафал Шмыткэ.

- Для нас, Польскай турыстычнай арганізацыі, а таксама ўсіх людзей, якія займаюцца прасоўваннем Польшчы на свеце як прывабнай краіны ў турыстычным плане, гэта выдатная навіна. Лепшых навін у пачатку года мы і не чакалі. Нашу краіну адзначылі не толькі за выдатныя тураб'екты, але перш за ўсё за шчырыя сэрцы палякаў. Гэта мае вялікае значэнне для ўсяго свету. У сувязі з тым, што менавіта палякі адрозніваюцца такім сэрцам і гасціннасцю. Гэта было вядома і раней, але падчас ваеннага канфлікту мы праявілі гэтыя рысы ў большай ступені.

Рэдактары CNN не сумняюцца, што візіт у Польшчу, у тым ліку з мэтай турызму, – гэта ўнікальная магчымасць зрабіць добрую справу. «Незалежна ад таго, ці вы жадаеце правесці частку свайго адпачынку ў сапраўдным каралеўскім палацы ў Варшаве, паехаць на некалькі дзён у Кракаў, Гданьск, Уроцлаў ці Познань, ці схавацца ў цішыні лясоў, на возеры ці ў гарах, у вас ёсць магчымасць зрабіць добрую справу, нават толькі адпачываючы ў Польшчы», – напісана ў абгрунтаванні прысуджэння першага месца ў рэйтынгу Польшчы.

Тое, што Польшча заняла лідзіруючае месца ў салідарнасці з Украінай, мае асаблівае значэнне за мяжой, дзе адкрытасць зʼяўляецца каштоўнасцю, якую высока цэніць грамадства, – адзначае Анджэй Садоўскі, эканаміст Цэнтра ім. Адама Сміта.

Таму што турысты хочуць наведаць нейкую краіну не толькі з-за помнікаў даўніны, якіх у нас, у Польшчы, не так ужо і шмат, але перш за ўсё з увагі на сардэчнасць, добразычлівасць людзей, якія жывуць у той ці іншай краіне, – працягвае ён.

Адзіная справа можа выклікаць нейкае, невялікае незадавальненне – гэта тое, што ў рэйтынгу не быў названы ніводны польскі турыстычны брэнд, які зʼяўляецца ўнікальным, – кажа доктар Адам Карпіньскі, эксперт па турызме з Вышэйшай банкаўскай школы ва Уроцлаве.

Аўтары рэйтынгу ў сваім тэксце не паказалі патэнцыйным турыстам нейкага канкрэтнага, добрага турыстычнага брэнду, то бок месца, куды варта прыехаць у Польшчы і што з гэтай Польшчы можна ўзяць на памяць. Скажам, мёд ці нейкія цікавыя загатоўкі, саленні.

Тым не менш, турыстычныя эксперты спадзяюцца, што рэйтынг заахвоціць турыстаў наведаць польскую дзяржаву. Яны лічаць, што гэта паўплывае на рост маштабу колькасці замежных турыстаў у Польшчы. Надзвычай важна таксама тое, што аўтары рэйтынгу паказваюць, што Польшча не толькі прывабная для турыстаў і зʼяўляецца прыгожай краінай, якую варта наведаць, але і вельмі бяспечнае месца для турызму. Ад таго, ці турысты адчуваюць сябе бяспечна, у значнай ступені залежыць рашэнне наведаць тую ці іншую дзяржаву.

Іншыя прапановы ў рэйтынгу тэлебачання CNN згадваюць, у прыватнасці, Заходнюю Аўстралію, Ліверпуль, Лаос, Багату ў Калумбіі і Даліну Мустангаў у Непале.

І трэба сказаць, што людзі зноў жадаюць падарожнічаць. Праз два гады пасля пачатку сусветнай эпідэміі каранавіруснай інфекцыі цяпер назіраецца агульны трэнд на рост папулярнасці падарожжаў. 2022 год азначыўся адкрыццём межаў, адменай COVID-абмежаванняў. Працяг развіцця гэтых тэндэнцый чакаецца і ў 2023 годзе.

Людзі шануюць свой час, вандраванні і дабрабыт больш, чым раней. Бо зараз ёсць разуменне таго, што нічога не даецца раз на заўсёды і як хутка магчымасць падарожжаў зноў можа прыпыніцца. Акрамя таго, зараз людзям сапраўды ёсць ад чаго адпачыць і пасля чаго расслабіцца. Плануючы падарожжы на 2023 год, турысты ўсё часцей шукаюць бесклапотныя прыгоды, у якіх можна максімальна выкарыстоўваць свой час і па-сапраўднаму атрымаць асалоду ад паездкі.

I Pr. PR/нг