Аўтары даследавання адзначылі, што надалей невядома да канца, кім з’яўляюцца беларусы замежжа, паколькі даследаванні толькі пачалі паяўляцца. Аналіз, які быў прадстаўлены, ахапіў не ўсіх беларусаў замежжа, а іх актыўную частку, якая акрэсліваецца як беларуская дыяспара. Аўтары правялі своеасаблівы эксперымент і частку пытанняў задалі і пратэстнанакіраваным беларусам унутры краіны.
Беларускую дыяспару аўтары ахарактыразавалі як маладую, адукаваную, прафесіянальную і добра забяспечаную. Амаль 70% – гэта людзі да 40 гадоў, пераважна мужчыны. Большая частка жыве ў Польшчы (45%), далей ідуць Грузія (10,1), Літва (8,4%) і Германія (6,4%). Пераважная большасць выехала з Беларусі легальным чынам. Вайна ва Украіне прымусіла амаль 40% дыяспары памяняць сваё месца жыхарства.
Аўтары даследавання выдзелілі пяць этапаў міграцыі: да 2015, 2015-2019, 2020, 2021 і 2022. Старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў адзначыў, што асноўная маса міграцыі адбылася ў 2020 і 2021 годзе:
-Вельмі важна падкрэсліць, што ядро беларускай дыяспары сфармавалася да 2015 года. Няхай іх каля 15%, але гэта людзі, якія з’ехалі даўно, але гэта яны фармавалі беларускую дыяспару, якая шматразова ўзмацнілася пасля падзей 2020 года. Ядро дыяспары знаходзіцца ў краінах Старой Еўропы, Новага свету і ў Расіі. 2021 год максімальна папоўніў Польшчу. 2022 – гэта год максімальнага папаўнення грузінскай і літоўская дыяспар.
Прычыны выезду з краіны істотна адрозніваюцца ад году міграцыі. Апошнія гады – пытанні бяспекі. У 2022 годзе – агульнае адчуванне неабароненасці, 2021 – боязь персанальнага пераследу з боку рэжыму, імкненне пазбегнуць ужо вынесенага пакарання – 2020 год. Да гэтага часу галоўнай прычынай была адсутнасць перспектыў.
Генадзь Коршунаў падкрэсліў, што беларуская дыяспара актыўна цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі: дзевяць з дзесяці чалавек мінімум адзін раз у дзень чытаюць пра падзеі ў краіне:
-Адзначу, што гэтыя дадзеныя амаль супадаюць з інфармацыйнай актыўнасцю той часткі актыўных беларусаў, якія застаюцца ў краіне. Гэта паказальна: беларусы, якія з’ехалі, не губляюць сувязі з Радзімай. Базай гэтай сувязі застаюцца сваякі. Са сваякамі людзі кантактуюць цесна, штодзённа і амаль усе. Крыху менш з сябрамі. Калі казаць пра кантакты з калегамі і аднадумцамі, што сумна, то тут інтэнсіўнасць камунікацыі падае.
Кантакты паміж самой дыяспарай – вельмі цесныя. Самаізаляцыі сябе падвяргае не больш за 5% апытаных. Асаблівасцю дыяспаральных сувязяў з’яўляецца іх транспамежны характар. Большая частка апытаных кантактуе з беларусамі па ўсяму свету. Пераважная частка дыяспары прымае той ці іншы ўдзел у грамадскай дзейнасці, не прымаюць – каля 15% (у гэтай групе касцяк складаюць беларусы з апошняй хвалі эміграцыі 2022 году). Галоўны напрамак іх дзейнасці – Беларусь.
Асобны блок даследавання быў прысвечаны розніцам дыяспары і пратэстнанакіраванай часткі беларусаў унутры краіны. Тут стала бачна, што дыяспара дастаткова песімістычна ставіцца да сваёй актыўнасці. У сваю чаргу беларусы ўнутры краіны высока ацэньваюць дзейнасць беларуская дыяспары. Абодва бакі згодныя, што мэты пратэсту можна дасягаць толькі сумеснымі высілкамі.
Даследаванне ахапіла і пытанне дыскрымінацыі беларускай дыяспары пасля таго, як Беларусь стала саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны. Незалежны сацыёлаг Максім Кудрэвіч расказвае, што гэта адлюстравалася ў адносінах да беларусаў, але не мае сістэмнага характару:
-Асноўныя формы дыскрымінацыі звязаны з абразамі, але найбольш важнымі былі адмова абслугоўвання ў банку і найму жылля. Ёсць спецыфіка па краінах. Жыхары Паўднёвай Еўропы найчасцей сустракаліся з адмовай абслугоўвання ў банках. Ва Украіне – адмова абслугоўвання ў дзяржаўных установах. Больш за ўсё з праявамі дыскрымінацыі сустракаліся беларусы ў Грузіі. У меншай ступені – у краінах Старой Еўропы і Новага свету.
На момант правядзення апытання (кастрычнік 2022) 42% апытаных казалі, што плануюць вярнуцца ў Беларусь, 25% – не. Пры гэтым дакладна вярнуся – 18%, напэўна не вярнуся – 6%. 35,6% выбралі адказ – цяжка сказаць. Генадзь Коршунаў гаворыць, што многае залежыць ад часу і фактара Лукашэнкі (самы значны фактар). Пры гэтым сацыёлаг адзначае, чым раней беларусы выехалі, тым меншы адсотак тых, хто не плануе вяртацца – гэта ўплыў часу і таго, што людзі пачынаюць абжывацца ў іншай краіне. Важна, што 70% тых, хто не плануе вяртацца ў Беларусь, пасля змены ўлады плануюць такім ці іншым спосабам падтрымліваць працэс змен на Радзіме.
Беларуская дыяспара хоць і з’яўляецца праактыўным суб’етам, то свой сацыяльны капітал выкарыстоўвае не ў поўным аб’ёме – каментуе вынікі даследавання Генадзь Коршунаў. Для павышэння яго эфектыўнасці неабходна ствараць умовы для гарызантальных нецэнтралізаваных пляцовак для дзейнасці. Галоўнай мэтай такіх ініцыятываў павінна быць Беларусь.
Адной з праблем застаецца заніжаная самаацэнка беларускай дыяспары, што істотна тармозіць яе дзейнасць. Таму, паводле Генадзя Коршунава, неабходна больш шырокая пазітыўная прэзентацыя вынікаў дыяспаральнай дзейнасці беларусаў.
ав
слухайце аўдыё