Штодзённае выданне Gazeta Polska піша пра пункты надзеі ва Украіне. Гэта месцы, дзе можна абагрэцца, зарадзіць батарэйкі мабільных тэлефонаў, падключыцца да інтэрнэту. Такія месцы зладзіла ў дзяржаве, якая вядзе вайну з расійскімі акупантамі, польская дабрачынная арганізацыя Caritas. Частку абсталявання для 18 пунктаў надзеі паставіла польскае ўрадавае Агенцтва стратэгічных рэзерваў, а іншыя рэчы Caritas набыла дзякуючы ахвяраванням.
У выніку расійскіх атак на крытычную інфраструктуру, мільёны ўкраінцаў былі адрэзаны ад паставак электраэнергіі, а таксама нярэдка абагрэву і вады. У пунктах надзеі кожны можа абагрэцца, зарадзіць тэлефон, папіць гарачай гарбаты і адпачыць. Усюды можна таксама падагрэць ежу. Дарэчы, гэта не адзіная дапамога, якую ладзіць польскі Caritas у адносінах украінскай дзяржавы. З пачатку вайны арганізацыя паставіла ва Украіну рэчавую дапамогу на 200 млн злотых, дагэтуль увесь час праз польска-украінскую мяжу ідзе рака дапамогі – прадукты харчавання, лякарствы і рэчы першай неабходнасці.
нг