Беларуская Служба

13 лютага адзначаецца 12-ы Сусветны дзень радыё

13.02.2023 13:37
Гэты дзень адзначаецца ў памяць аб адкрыцці радыёстанцыі ААН у 1946 годзе.
Аўдыё
  • 13 лютага адзначаецца 12-ы Сусветны дзень радыё
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:rafabendo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Ён быў створаны па ініцыятыве Іспаніі і абвешчаны ЮНЕСКА ў 2011 годзе. Першай краінай, у якой пачалося рэгулярнае радыёвяшчанне, былі ў 1920 годзе ЗША. Праз два гады была заснавана BBC – British Broadcasting Corporation.

У Польшчу радыёвяшчанне прыйшло ў 1925 годзе. 1 лютага гэтага года лічыцца яго пачаткам. У нядзелю ўвечары а 18-й гадзіне на перадаючай станцыі Польскага радыётэхнічнага таварыства ў Варшаве на вуліцы Нарбута інжынер Раман Руднеўскі сказаў у мікрафон:

-Гэта пробнае вяшчанне. 385 хваля.

Гэтая падзея лічыцца першай эксперыментальнай радыёперадачай. Такім чынам, Польскаму радыё спаўняецца 98 гадоў, 8 жніўня 1925 года была афіцыйна заснавана кампанія «Польскае радыё». Рэгулярнае вяшчанне праграмы Польскага радыё пачалося 26 лістапада 1925 года.

З радыёпрыёмнікаў ляцелі словы: «Прывітанне, прывітанне, Польскае радыё Варшава…». Першапачаткова перадачы слухалі менш за 5 тысяч чалавек. Большую частку эфірнага часу займала музыка. Уся праграма транслявалася ў прамым эфіры, у асноўным у вячэрні час. 

Сузаснавальнік Польскага радыётэхнічнага таварыства, а затым адзін з першых супрацоўнікаў радыё Мікалай Алойзі Кашын праз гады ўспамінаў свае пачаткі на радыё:

-Штодзённы мы вяшчалі толькі дзве гадзіны. У нас ужо быў аркестр пана Адамуса. Таксама я падумаў, што варта даваць нататкі з гісторыі Польшчы. Мне трэба было знайсці артыстаў, якія б гралі на фартэпіяна, скрыпцы, спявалі і гэтак далей. Таму я хадзіў па розных установах і слухаў, якія галасы падыходзілі б для радыё.

Паступова радыё атрымала ўсё большы ўплыў дзякуючы вытворчасці радыёпрыёмнікаў, якая пачалася ў 1920-я гады. Для значнай часткі жыхароў Польшчы яны былі першай хатняй электроннай прыладай.

Рэдакцыйныя ўлады ад пачатку рабілі акцэнт на развіцці рэгіянальных цэнтраў, зыходзячы з таго, што агульнанацыянальнае радыё нельга падрыхтаваць толькі з Варшавы. Былі створаны радыёстанцыі ў Кракаве, Познані і Катавіцах, а 15 студзеня 1928 году Польскае радыё пачало працу ў Вільні. 

Віленская радыёстанцыя хутка стала культураўтваральным цэнтрам Польскага радыё, гуртуючы вакол сябе дзеячаў мастацтва. Яшчэ адным важным цэнтрам у міжваенны перыяд стала Польскае радыё ў Львове, адкрытае ў 1930 годзе.

Ужо ў 1927 годзе Польскае радыё распачало міжнародны абмен праграмамі. Вялікай падзеяй міжваеннага перыяду сталі трансляцыі конкурсаў Шапэна, пачынаючы з першага ў студзені 1927 года. Сталі магчымымі і прамыя трансляцыі спартыўных спаборніцтваў.

Ролю Польскага радыё падчас Другой сусветнай вайны немагчыма пераацаніць. Радыёстанцыя дазваляла дастаўляць інфармацыю за лінію фронту, у тым ліку ў акупаваныя Германіяй краіны, выконвала дыверсійныя функцыі, будавала пачуццё згуртаванасці, падтрымлівала дух супраціўлення і веру ў перамогу.

За некалькі дзясяткаў гадоў развіцця Польскае радыё прайшло шлях ад запісу на стужку да лічбавага вяшчання. Пасля дэмакратычных пераўтварэнняў 1989 года перастала быць манапалістам.

Цяпер Польскае радыё, выконваючы задачы грамадскага радыё, прапануе праграмы ў галіне: інфармацыі, журналістыкі, культуры, забавы, адукацыі і спорту. Цяпер Польскае радыё – гэта чатыры агульнанацыянальныя праграмы – Першая, Другая, Трэцяя праграмы і Польскае радыё 24, якія гучаць на FM, DAB+ і ў інтэрнэце. У рамках ПР працуе таксама Польскае радыё для замежжа, а таксама Чацвёрка, Польскае радыё для дзяцей, Польскае радыё Шапэна і Польскае радыё кіроўцаў.

Ёсць таксама інфармацыйны партал polskieradio24.pl, а сайт polskieradio.pl, акрамя інфармацыі з антэнаў і падкастаў, публікуе ўнікальныя спецпраекты, прысвечаныя выбітным асобам і пераломным падзеям найноўшай гісторыі.

15 снежня 1991 года на хвалі ПР можна было пачуць: «Гаворыць Варшава на беларускай мове». Тады на Польскім радыё яшчэ не было рэдакцыйнай адзінкі, а перадачы на белмове выходзілі ў рамках Польскай службы Канала замежнага вяшчання. Беларуская служба Польскага радыё была створаная крышку пазней – 13 студзеня 1992 года. Ля вытокаў беларускамоўнага вяшчання стаяла, а пазней цягам чвэрці стагоддзя кіравала рэдакцыяй прафесар Ніна Баршчэўская – вядомая прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы.

-Я памятаю пасля ўзнікнення незалежнай самастойнай беларускай дзяржавы, таксама як украінскай, літоўскай, на Польскім радыё пачалі паяўляцца моўныя службы. Нас паклікалі працаваць. Была я, Чэслаў Сэнюх, Аляксандр Баршчэўскі. І мы знаёміліся з моладдзю, якая захацела папрацаваць у журналістыцы. Мы правяралі іх мову, думалі, ці яны падыходзяць з перспектывы вымаўлення і дыкцыі. Гэты былі нашыя першыя крокі. Мы вельмі цешыліся, што ўзнікла Беларуская служба, што зможам непасрэдна размаўляць з беларускім слухачом, перадаваць з Польшчы інфармацыю.

У тыя часы кіраўніцтва новай Польшчы разумела, што маладыя дзяржавы, якія паўсталі на руінах савецкай імперыі, трэба падтрымліваць усялякім чынам, у тым ліку і інфармуючы жыхароў маладой Беларусі пра падзеі ў Польшчы, Еўропе, свеце і пра двухбаковыя адносіны. Калі ж у Беларусі пачалі ўзнікаць праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека, то журналісты Беларускай службы Польскага радыё сталі аднымі з першых, хто пачаў паведамляць пра парушэнне агульначалавечых і еўрапейскіх каштоўнасцяў у суседняй краіне.

ав