Беларуская Служба

Польскія паліцыянты затрымліваюць усё больш кіроўцаў пад уздзеяннем наркотыкаў

27.02.2023 10:31
Такія кіроўцы ўяўляюць сабой на дарозе не меншую пагрозу, чым асобы ў стане алкагольнага ап'янення.
Здымак мае ілюстрацыйны характарjarmoluk/pixabay.com/CC0 Public Domain

За апошнія пяць гадоў на 90 працэнтаў вырасла колькасць кіроўцаў, якія кіравалі аўтамабілем пад уздзеяннем наркотыкаў. Паводле газеты Rzeczpospolita, такія асобы ўяўляюць сабой значна большую пагрозу, чым кіроўцы пад уздзеяннем алкаголю.

Амфетамін і падобныя на яго рэчывы, а таксама марыхуана – гэта наркотыкі, якія часцей за ўсё ўжываюць кіроўцы. Паводле дадзеных паліцыі, колькасць асобаў, якія кіруюць аўтамабілем пад уздзеяннем наркотыкаў, рашуча расце. У 2014 годзе паліцыя ў Польшчы затрымала менш за 1 000 такіх вадзіцеляў, у 2017 годзе – ужо 1 535, а летась – 2 891 чалавек.

Між тым, на думку экспертаў, рэальныя маштабы з’явы – непараўнальна большы, паколькі статыстычныя дадзеныя паказваюць толькі выпадкі, выяўленыя падчас кантролю.

«У той час як колькасць п’яных кіроўцаў застаецца адносна нязменнай на працягу многіх гадоў, то кіроўцаў пад уздзеяннем наркотыкаў паліцыя выяўляе найчасцей толькі ў выпадку, калі яны становяцца здзяйсняльнікамі ДТЗ ці правапарушэнняў», – кажа псіхолаг Анджэй Маркоўскі.

Паводле Роберта Опаса з Галоўнай камендатуры паліцыі, у мінулым годзе функцыянеры праверылі на прысутнасць наркотыкаў у арганізме 24 тысячы кіроўцаў, то бок у тры разы больш, чым некалькі гадоў таму.

Газета адзначае, што статыстыкі не паказваюць, колькі ДТЗ здзейснілі кіроўцы, якія знаходзіліся пад уздзеяннем наркотыкаў. Між тым, паводле выдання, яны ўяўляюць сабой значна большую небяспеку на дарозе, чым асобы ў стане алкагольнага апʼянення.

«Наркотыкі пагаршаюць рэакцыю вадзіцеляў у большай ступені, чым алкаголь. Яны перашкаджаюць у ацэнцы часу, адлегласці, хуткасці і здольнасці прымаць рашэнні. Нават невялікая колькасць марыхуаны пагаршае каардынацыю і прадчуванне наступстваў манеўраў», – паясняе Анджэй Маркоўскі.

Нагадваем, у Польшчы кіраванне транспартнымі сродкамі пад уздзеяннем наркотыкаў караецца двума гадамі пазбаўлення волі, вялікім штрафам і судовай забаронай на кіраванне аўтамабілем, нагадвае Rzeczpospolita.

аз