Беларуская Служба

Гістарычная постаць: Аляксандра Пілсудска – жонка маршала, рэвалюцыянер, разведчыца (ФОТА + ВІДЭА)

31.03.2023 18:12
60 гадоў таму ў Лондане памерла Аляксандра Пілсудска – польская грамадская дзяячка, сацыялістка, салдат і рэвалюцыянерка, другая жонка кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага.
Аўдыё
  • Гістарычная постаць: Аляксандра Пілсудска – жонка маршала, рэвалюцыянер, разведчыца
Aleksandra Piłsudska
Aleksandra Piłsudska Piotr Mecik/Forum

Аляксандра Пілсудска памерла 31 сакавіка 1963 года ў Лондане. Яна была другой жонкай маршала Польшчы. Дарэчы, пра першую жонку Пілсудскага Марыю мы расказвалі ў рубрыцы «Машына часу» тры гады таму. Цікавы факт: Пілсудскі быў другім мужам Марыі Каплеўскай (дзявочае прозвішча – рэд.), а Марыя для будучага маршала Польшчы – першай жонкай. Для яе Пілсудскі перайшоў на евангельскую веру, таму што ў той час у каталіцызме скасаваць папярэдні шлюб было практычна немагчыма.


Aleskandra Piłsudska z Marszałkiem Aleskandra Piłsudska z Marszałkiem

А пазнаёміўся Юзэф Пілсудскі з Аляксандрай, калі яна ўступіла ў Польскую сацыялістычную партыю (ПСП) ў 1904 годзе. Тады будучы кіраўнік Польшчы быў ужо вядомым польскім сацыялістам-рэвалюцыянерам. Нарадзілася Аляксандра ў сям’і чыноўніка Пятра Паўла і хатняй гаспадыні Юліі Ядвігі Шчарбіньскіх у 1882 годзе. Атрымала добрую адукацыю як на тыя часы. Пасля ўступлення ў партыю стала яе актыўнай удзельніцай, у прыватнасці, прымала ўдзел у нападзе на царскі паштовы цягнік каля станцыі Бязданы і на банк у Кіеве. Грошы, якія сацыялісты скралі падчас нападаў, ішлі на працу партыі і рэвалюцыйную дзейнасць. У 1907 годзе Аляксандра была затрыманая царскай паліцыяй, але неўзабаве яе выпусцілі з-за адсутнасці доказаў.

Дарэчы, у ПСП Аляксандра была, кажучы сучаснай мовай, экспедытарам альбо заўгасам, бо адказвала за зброю: менавіта яна арганізоўвала пакупку, а пазней перакід рэвальвераў, вінтовак і выбуховых матэрыялаў, а таксама каардынавала іх перадачу мясцовым структурам партыі. Ня раз здаралася, што Аляксандра перавозіла зброю ў каробках на капелюшы, кошыках на бялізну альбо ў доўгіх і шырокіх сукенках, якія тады насілі жанчыны.

З Пілсудскім яна пазнаёмілася ў 1906 годзе. У 1908 годзе паміж Аляксандрай і Юзэфам пачаўся раман. Аляксандра трывала пры Юзэфе, нягледзячы на арышты, затрыманні і турэмныя зняволенні.

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Аляксандра Шчарбіньска ўступіла ў Польскія легіёны, дзе служыла ў разведпадраздзяленні.


Marszałek Józef Piłsudski na trybunie razem z żoną Aleksandrą Marszałek Józef Piłsudski na trybunie razem z żoną Aleksandrą

У 1918 і 1920 гадах у пары нарадзіліся дочкі – Ванда і Ядвіга. Фармальна аднак Юзэф Пілсудскі быў жанаты на Марыі ажно да яе смерці ў 1921 годзе, бо першая жонка не згаджалася на развод. Пажаніліся Аляксандра і Юзэф 25 кастрычніка 1921 года – праз 15 гадоў пасля першага знаёмства.

І хоць афіцыйна Юзэф Пілсудскі не быў кіраўніком дзяржавы ў 1920-1930 гадах, то, як вядома, на практыцы гэта менавіта ён кіраваў краінай. А Аляксандра дэ-факта была першай лэдзі. Яна прысвяціла сябе выхаванню дачок і дабрачыннай дзейнасці.

У 1930 годзе ў адносінах паміж Пілсудскімі наступіў крызіс, бо маршал выехаў на доўгі адпачынак на востраў Мадэйра. Дарэчы, пра гэта мы расказвалі ў гістарычнай рубрыцы. Сярод суправаджаючых асоб знаходзілася маладая ўрач Эўгенія Лявіцка, пра якую гаварылася, што была палюбоўніцай Пілсудскага.

У 1939 годзе, калі на Польшчу напала Германія, Аляксандра Пілсудска разам з дочкамі эвакуявалася спачатку ў Вільню, якая тады была ў складзе Польшчы, а пазней у Літву і Латвію. Затым праз Швецыю трапіла ў Вялікабрытанію, дзе спынілася ў Лондане. Палякі ў эміграцыі, якія сутыкаліся з Аляксандрай Пілсудскай, казалі, што яна вельмі сумавала па радзіме. Але адначасова яна стала цэнтрам польскага эміграцыйнага жыцця і жывым сімвалам незалежнай Польшчы.


Druga żona Józefa Piłsudskiego, Aleksandra Piłsudska w towarzystwie córek Wandy i Jadwigi podczas pobytu w Krynicy, 1933 r. Druga żona Józefa Piłsudskiego, Aleksandra Piłsudska w towarzystwie córek Wandy i Jadwigi podczas pobytu w Krynicy, 1933 r.

За баявую дзейнасць у Польскай сацыялістычнай партыі і падчас Першай сусветнай вайны была ўзнагароджаная ордэнам Virtuti Militari – найвышэйшай польскай баявой узнагародай. А за працу на карысць дзяржавы Аляксандра Пілсудска атрымала Ордэн Адраджэння Польшчы і Крыж Незалежнасці.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл


Больш на гэтую тэму: Машына часу