Беларуская Служба

Трагічная гісторыя: 13 гадоў з дня Смаленскай катастрофы, у якой загінуў прэзідэнт Лех Качыньскі

10.04.2023 09:57
Расія магла браць непасрэдны ўдзел у трагедыі пад Смаленскам.
Аўдыё
Абломкі самалёта ў лесе пад Смаленскамфота: Serge Serebro, Vitebsk Popular News, CC BY-SA 3.0 , via Wikimedia Commons

10 красавіка 2010 году жыхары Польшчы ніколі не забудуць. У гэты дзень здарылася нешта, што ў прынцыпе не мела права здарыцца. І дагэтуль па дадзенай справе шмат пытанняў.

13 гадоў таму ў лесе пад Смаленскам здарылася страшная трагедыя – у 8.41 паводле польскага часу ўпаў і разбіўся ўрадавы самалёт Польшчы Ту-154М. На борце машыны знаходзіліся прэзідэнт польскай дзяржавы Лех Качыньскі з жонкаю Марыяй, а таксама высокапастаўленыя прадстаўнікі ўладаў дзяржавы – агулам 96 чалавек. Усе загінулі. Гэта былі члены афіцыйнай дэлегацыі, якія адпраўляліся на ўрачыстасці адзначэння гадавіны забойства польскіх ваеннапалонных афіцэраў у лесе пад Катынню. Такім чынам расійскія чэкісты, якія забівалі стрэлам у патыліцу палонных палякаў на пачатку Другой сусветнай вайны, прычыніліся да другой, не менш страшнай трагедыі. А, магчыма, за ёй таксама стаяў галоўны чэкіст Расіі, які надалей знаходзіцца пры ўладзе ў гэтай краіне, хоць на яго міжнародны суд выставіў ордар на арышт.

Расія магла браць непасрэдны ўдзел у трагедыі пад Смаленскам. Адразу пасля здарэння было заяўлена, што авіякатастрофа стала вынікам нешчаслівага збегу акалічнасцяў, а тагачасны прэм'ер-міністр Дональд Туск адправіўся ў Расію, дзе яго суцяшаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін, казалі нават, што трагедыя зʼяднае расійскі і польскі народы. Аднак паступова ўзнікала ўсё больш сумненняў, асабліва ў палітыкаў тагачаснай апазіцыі. У ліпені 2010 г. была створаная апазіцыйная камісія па расследаванні катастрофы, якую ўзначаліў былы міністр нацыянальнай абароны Антоні Мацярэвіч. У мінулым годзе ён прадставіў справаздачу, з якой вынікала, што прычынай катастрофы стаў выбух у самалёце, а выбуховыя рэчывы былі закладзеныя раней, калі машына праходзіла рамонт на заводзе ў Расіі.

Ніколі ў сусветнай гісторыі не было міжнароднага следства па справе, калі адна дзяржава ўзрывае самалёт з прэзідэнтам іншай дзяржавы на борце. Дагэтуль не была створаная аўтарытэтная камісія экспертаў, якія маглі б паставіць кропку над і. Сённяшняя палітычная сітуацыя ў Расіі, дзе лідарам застаецца ваенны злачынца, ускладняе абʼектыўнае следства, хаця б па той прычыне, што Расія не перадала абломкаў самалёта Польшчы. На думку Антоні Мацярэвіча, неабходна больш настойліва імкнуцца да стварэння міжнароднай камісіі.

- Нельга даўжэй пагаджацца на такое становішча, калі мы дакладна разумеем, што стала прычынай трагедыі і хто за яе адказвае. Ёсць рашэнне польскага парламенту, ёсць рашэнне польскага суду, які ўзбудзіў следства па справе асоб, адказных за Смаленскую катастрофу. Але няма звароту да адпаведных міжнародных структур, каб яны ўзбудзілі следства. Цяпер, у 13 гадавіну трагедыі, неабходна заняцца гэтым пытаннем.

Расійскі публіцыст Марк Салонін, які калісьці быў інжынерам-канструктарам, не сумняецца, што на борце самалёта быў выбух.

- Уся карціна разбурэння канструкцыі, а таксама карціна разбурэння чалавечых целаў – апёкі на парэштках чалавечых целаў, а таксама адсутнасць вопраткі, яны былі голыя. Усё гэта не магло быць рэзультатам пасадкі ў лесе.

Пытанне Смаленскай катастрофы пасрэдна закрануў у сераду, 5 красавіка, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас свайго візіту ў Польшчу. Гаворачы пра злачынствы пуцінскага рэжыму, ён згадаў таксама Смаленск. Прэзідэнт казаў, што сумесная барацьба Польшчы ды Украіны за свабоду дазволіць раней ці пазней прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

- Чым больш свабоды будзе ў нас з вамі, навокал нас, тым больш будзе гарантыі справядлівасці. Таго, што наш супольны вораг панясе па справядлівасці адказнасць за Быкоўню і Бучу, за Катынь і Смаленск. Будзе адказваць да канца свайго жыцця тут, на зямлі, і на вякі перад Богам.

Старшыня кіроўнай у Польшчы партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі кожны месяц 10 чысла разам з паплечнікамі згадвае ахвяр трагедыі. Прэзідэнт Лех Качыньскі быў братам-блізнюком Яраслава. Таксама кожны год 10 красавіка палякі адзначаюць гадавіну Смаленскай катастрофы. Сёлета на гэты дзень прыпадае Велікодны панядзелак, што зʼяўляецца пэўным сімвалізмам. У Польшчы гэта свабодны ад працы дзень, таму адзначэнне перанесена на 16 красавіка.

Тым не менш, у панядзелак польскія дыпламаты ў Расіі наведалі месца трагедыі. Яно цяпер агароджана, расійскі бок сцвярджае, што гэта прыватная ўласнасць, таму доступ на месца катастрофы немагчымы. Тым не менш, адбыліся ўрачыстыя мерапрыемствы на Польскіх ваенных могілках у Катыні, дзе дэлегацыя ўшанавала памяць польскіх афіцэраў, расстраляным вясной 1940 года савецкім НКВД. Летась быў зняты польскі сцяг, які дагэтуль знаходзіўся перад уваходам у Мемарыяльны комплекс, часткай якога з’яўляюцца Польскія вайсковыя могілкі.

IAR/Telewizja Republika/ICTV/нг


Прэзідэнт Анджэй Дуда возьме ўдзел у адзначэнні 13-й гадавіны Смаленскай катастрофы

10.04.2023 08:13
Дзяржаўныя ўрачыстасці з нагоды 13 гадавіны смаленскай катастрофы перанесена на 16 красавіка.