Беларуская Служба

Божае Цела – адно з галоўных святаў, якое адзначаецца ў Каталіцкім касцёле

08.06.2023 08:17
Гэта ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста – цуду ператварэння кансэкраванага хлеба і віна ў Цела і Кроў Хрыста.
Аўдыё
  • Божае Цела – адно з галоўных святаў, якое адзначаецца ў Каталіцкім касцёле
Працэсія ў свята Божага ЦелаK_Dega/pixabay.com/CC0

Касцёл адзначае ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую традыцыйна называюць Божым Целам. Па вуліцах гарадоў і вёсак праходзяць еўхарыстычныя працэсіі, якія з’яўляюцца выразам пашаны, любові і веры ў рэальную прысутнасць Езуса ў Еўхарыстыі.

Вернікі рыхтуюць чатыры алтары, каля якіх спыняецца працэсія, каля кожнага чытаецца Евангелле паводле аднаго з чатырох апосталаў. Гэта публічнае вызнанне верніка веры ў Бога.

Пробашч архікатэдры святога Яна Хрысціцеля ксёндз Богдан Бартолд адзначае, што гэта ў першую чаргу важнае свята для веруючых людзей:

-Паколькі Божае Цела, гэтая літургічная ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшага Сакрамэнту, Цела і Крыві Хрыстуса, з’яўляецца ўшанаваннем памяці ўстанаўлення Еўхарыстыі Панам Езусам падчас апошняй вячэры. Працэсія, якая адбываецца ў гэты дзень, з’яўляецца публічным вызнаннем веры ў прысутнасць Езуса ў Еўхарыстыі, а таксама выпрошваннем ласкаў для веруючых людзей. Для веруючых людзей удзел ва ўрачыстай імшы і працэсіі ў гэты дзень з’яўляюцца абавязковымі.

Святкаванне Божага Цела было пачата ў 1246 годзе ў Бельгіі. Яго пачала св. Юльяна з Льежа, настаяцельніца аўгустынскага кляштара Мон-Карніён, якую Езус папрасіў падчас аб’яўлення цэлебраваць Еўхарыстыю. Пад уплывам гэтых аб’яўленняў мясцовы біскуп Роберт устанавіў свята Божага Цела першапачаткова для сваёй дыяцэзіі Льеж. У 1252 годзе папскі легат распаўсюдзіў святкаванне гэтага свята на Германію. Аднак толькі пасля еўхарыстычнага цуду, які адбыўся ў 1262 г. у італьянскім мястэчку Бальсена, дзе гостыя пачала сыходзіць крывёй, папа Урбан IV у 1264 годзе булай «Transiturus» устанавіў свята Божага Цела для ўсяго Касцёла.

У Польшчы гэты абрад упершыню ўвёў біскуп Нанкіер у 1320 годзе ў Кракаўскай дыяцэзіі. У 1420 годзе падчас Гнезненскага сінода Божае Цела было прызнана паўсюднай урачыстасцю, якая адзначалася ва ўсіх касцёлах краіны.

Гэта адно з найстарэйшых святаў у касцёле. Яго ўзнікненне звязанае з пабожнасцю перыяду сярэднявечча, дадае ксёндз Бартолд.

-Гэтая пабожнасць перыяду сярэднявечча заключалася, між іншым, у тым, што была вялікая патрэба сузірання на кансекраваную гостыю. Таму спачатку і было ўведзена паднашэнне келіха і гостыі ў часе Святой імшы. Чаму гэта было настолькі важным? Само сузіранне ўзнятай гостыі лічылася крыніцай ласкі, божага блаславення. Па меркаванні тагачасных людзей гэта было нават важнейшым, чым Святая камунія.

Свята Божага Цела акрамя рэлігійнага мела важнае народнае вымярэнне, з ім былі звязаныя шматлікія традыцыі. Звычайна гэта чалавек прыходзіць да Бога, а падчас урачыстасці Божага Цела гэта Бог прыходзіць да чалавека пад постаццю Цела і Крыві. Магчыма таму гэтае свята мае асаблівы характар. Яно вымагае пэўнага афармлення і падрыхтоўкі ў прасторы.

Малгажата Кунэцка з Дзяржаўнага этнаграфічнага музею адзначае, што ўрачыстасць Божага Цела з’яўляецца дастаткова спецыфічнай з пункту гледжання народнай культуры:

-Звычайна рэлігійныя абрады і традыцыі выглядаюць так, што гэта хрысціянскі змест наклаўся на некаторыя формы і абрады, вядомыя славянскім продкам. У гэтым выпадку ўсё наадварот. Гэтае свята мае тыповыя рэлігійныя карані і гэта на іх наклаліся пэўныя народныя традыцыі, як пляценне вяночкаў, пасыпанне кветак, дываны з кветак, якія цяпер выкладаюцца ў многіх польскіх мясцовасцях. Таксама бярозавыя галінкі, якімі ўпрыгожваюцца алтары. У народнай традыцыі быў звычай, што галінкі адломвалася і заносілася дадому, прынамсі адну галінку. Яна павінна была ахоўваць ад ведзьмаў, злых сілаў. Многія надалей гэта робяць, хоць не вераць у чараўніц, але галінкі павінны прынесці дабрабыт. Гэта ўспрымаецца так, што мы прыносім бласлаўленне дадому.

Адным з самых папулярных звычаяў на Божае Цела было паўсюднае пляценне невялічкіх вянкоў з кветак, сабраных на палях і ў садах. Надалей можна сустрэць старэйшых людзей, якія прыносяць на ўрачыстасць такія вянкі.

-Калісці такія вянкі заносілі на Божае Цела ў касцёл, яны ляжалі там цэлую актаву, дзе павінны былі набраць моц. Прыносілі нават некалькі вянкоў, бо яны мелі канкрэтнае прызначэнне, іх выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне. Частка з тых вянкоў вісела ў дамах у святым куце і чакала моманту, калі нехта, напрыклад, захварэе. Вянкі вешалі таксама ў хляве. Тыя, што былі дома, ахоўвалі людзей, у хляве – гаспадарскую жывёлу і расліннасць ад маланак, хваробаў, шкоднікаў. Калі нехта захварэў, то гатавалі настой, ці рабілі кадзіла і акаджвалі хворага чалавека ці жывёлу. Цяпер вянкі, калі прыносяць, то напэўна з абмежаванай верай у іх моц, але думаю, што гэта дастаткова мілы звычай.

Такім чынам урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста мае выключна хрысціянскі характар, але ў мясцовых практыках можна знайсці народныя элементы і мясцовы каларыт.

ав

слухайце аўдыё

Больш на гэтую тэму: Багацце веры