Польскія ўлады рэагуюць на ўсё больш напружаную сітуацыю, звязаную з міграцыйным крызісам, выкліканым рэжымам беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік польскага МУС вырашыў узмацніць сілы на мяжы з Беларуссю, паведамляе старонка dorzeczy.pl.
«З-за напружанай сітуацыі на мяжы з Беларуссю я вырашыў узмацніць нашыя сілы групай з 500 функцыянераў паліцыі з падраздзяленняў прафілактыкі і барацьбы з тэрарызмам. Яны далучацца да 5 000 функцыянераў Памежнай службы і 2 000 жаўнераў, якія ахоўваюць бяспеку польскай мяжы», – заявіў міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі.
Цягам двух апошніх месяцаў назіраецца выразны рост колькасці замежнікаў, якія спрабуюць нелегальна перасячы польска-беларускую мяжу. Напрыклад, паводле паведамленняў польскіх памежнікаў, толькі ў апошнюю суботу з Беларусі ў Польшчу спрабавалі нелегальна трапіць 187 чалавек. У асноўным гэта былі грамадзяне Самалі і Ірана. У тым ліку 45 чалавек, убачыўшы патрулі польскіх службаў, павярнулі на тэрыторыю Беларусі.
Нагадаем, у 2021 годзе Аляксандр Лукашэнка справакаваў міграцыйны крызіс. У Беларусі імігрантам з краінаў Блізкага Усходу пачалі прадаваць «турыстычныя візы». Беларускія афіцэры актыўна дапамагаюць замежнікам у спробах нелегальнага перасячэння мяжы – пастаўляюць іх на мяжу, забяспечваючы нажніцамі для дроту і лесвіцамі.
У сувязі з гвалтоўнымі падзеямі на польска-беларускай мяжы Польшча вырашыла пабудаваць на ёй пастаянную агароджу. У сваю чаргу на пачатку лютага бягучага года кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Каміньскі абвясціў аб прыпыненні памежнага руху на памежным пераходзе ў Баброўніках, нагадвае старонка dorzeczy.pl.
аз