Ноччу 11 ліпеня ў рэанімацыі памёр 57-гадовы палітзняволены мастак, рэстаўратар Алесь Пушкін. У Алеся Пушкіна была прабадная язва, яму своечасова не аказалі дапамогу ў турме. Мастака ўжо ў непрытомным стане прывезлі ў бальніцу 11 ліпеня, на аперацыйным стале ў яго спынілася сэрца. Паведамляецца, што ў выніку нясвоечасовага аказання медыцынскай дапамогі ў яго развіўся перытаніт, быў септычны стан і паліорганная недастатковасць. Гэта значыць, што чалавек пакутаваў некалькі дзён, але супрацоўнікі турмы не звярталі на гэта ўвагу.
Алеся Пушкіна абвінавацілі ў тым, што адна з яго карцін – партрэт антысавецкага падпольшчыка, выстаўлены ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гродна, парушае 130-ы артыкул Крымінальнага кодэксу («Распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці»). Падчас праверкі пракуратуры па выставе Пушкін знаходзіўся ў Кіеве. 26 сакавіка 2021 года ён вылецеў у Мінск вячэрнім рэйсам, хаця ведаў, што яму пагражае турма. Алеся затрымалі 30 сакавіка ў Жылічах (Кіраўскі раён Магілёўскай вобласці), дзе мастак працаваў на рэстаўрацыі палаца Булгакаў.
За «рэабілітацыю нацызму» мастаку і перформеру, якога праваабаронцы прызналі палітвязнем, прысудзілі пяць гадоў калоніі. Вядома, што да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмовіўся гэта рабіць, бо нічога дрэннага не зрабіў.
Да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён катэгарычна адмовіўся гэта рабіць, бо нічога дрэннага не зрабіў.
У 2019 годзе быў выдадзены «Турэмны альбом» з малюнкамі Алеся Пушкіна, якія былі зроблены Алесем падчас знаходжання ў ізалятарах Смаргоні і Мінска. Рэжым Лукашэнкі пераследаваў мастака за яго грамадзянскую пазіцыю, смеласць.
«Адназначна можна казаць, што віна за смерць вязня, палітвязня цалкам на тых, хто зняволіў гэтага чалавека. Само знаходжанне мастака за твор мастацтва ў турме ўжо ёсць катаваннем. Гэта нонсэнс! Тая трагедыя, што здарылася з Алесем, не аказанне медыцынскай дапамогі чалавеку, калі ён сам не можа нічога зрабіць, не можа сабе выклікаць хуткую, гэта не халатнасць, гэта – злачынства! Смерць прынцыповага чалавека ў турме «пры нявысветленых абставінах», як першапачаткова гэта агучвалася, – гэта палітычнае забойства», – гаворыць праваабаронца Алена Лапцёнак.
Алесь Пушкін быў руплівым творцам, ён пакінуў вялікую мастацкую спадчыну пасля сябе.
Таксама Алесь Пушкін вядомы як рэстаўратар. Ён працаваў у кафедральным касцёле Святога Станіслава ў Магілёве, у касцёлах у Міхалішках (Астравецкі раён) і Вішневе (Валожынскі раён), у палацы Пуслоўскіх (Косава). Сярод работ Алеся Пушкіна – мазаіка на касцёле ў мінскім мікрараёне Серабранка.
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ніяк не пракаментавала смерць вядомага мастака ў турме.
Развітанне з Алесем Пушкіным адбудзецца 13 ліпеня а 10-й гадзіне у вёсцы Бобр, вул. Горная, 4. Паніхіда адбудзецца а 12:30. Пахаванне плануецца ў 13:30.
Алеся Пушкіна пахаваюць на радзіме ў Бабры. Труна з целам Алеся будзе стаяць у яго дома, усе ахвотныя могуць прыехаць і развітацца з ім.
вх