У Польшчы ёсць дзве палярныя станцыі: адна ў Арктыцы на поўначы і другая на Антарктыцы на паўднёвым полюсе.
Антарктыка гэта паўднёвы полюс Зямлі, а Антарктыда гэта кантынент на паўднёвым полюсе. Пры чым Антарктыка ахоплівае кантынент Антарктыду, выспы і Паўднёвы акіян, які абмывае Антарктыду. Паўночны полюс гэта Арктыка.
Тэрыторыя Антарктыкі ніколі не была заселена людзьмі і наземных жывёлы там няма. Але ёсць шмат навуковых станцый, у тым ліку Польская антарктычная станцыя імя Генрыха Арцтоўскага. Гэта круглагадовая навукова-даследчая станцыя, размешчаная ў заліве Адміралцейства на востраве Кінг-Джордж, у архіпелагу Паўднёвых Шэтландаў. Станцыя няспынна дзейнічае з 26 лютага 1977 года. Складаецца з 14 будынкаў. Польскія навукоўцы праводзяць даследаванні ў такіх галінах, як: акіянаграфія, геалогія, геамарфалогія, гляцыялогія, метэаралогія, кліматалогія, сейсмалогія, магнетызм і экалогія.
Польскае радыё наведала д-р інжынер Малгажата Корчак-Абшэйр (dr. inż. Małgorzata Korczak-Abshire) з Інстытуту біяхіміі і біяфізікі Польскай акадэміі навук, якая працуе на станцыі Арцтоўскага і распавяла аб працы і жыцці на Антарктыдзе.
– Узімку там адзін толькі снег. Зіма там тады, калі ў Польшчы лета, то бок цяпер там зіма. У гэтых шыротах яшчэ няма поўнай палярнай ночы. На працягу дня там каля трох гадзін светлага дня. Там зімой адзін толькі снег і ніякай наземнай жывёлы. Тэрыторыя Антарктыкі ніколі не была заселена людзьмі. Пінгвіны, якія асацыююцца з паўднёвым полюсам, гэта марскія птушкі, якія 90 працэнтаў свайго жыцця праводзяць у акіяне. У вадзе яны харчуюцца, спяць і адпачываюць. На сушу выходзяць антарктычным летам, калі ў Польшчы зіма. Пінгвіны выходзяць дзеля дзвюх мэт: каб скласці яйкі і адгадаваць птушанят, і таксама мяняць сваё пер'е і падрыхтавацца зноў да жыцця ў акіяне.
Цяпер на Антарктыдзе зіма. Якая яна там?
- Самая нізкая зафіксаваная ў раёне польскай станцыі тэмпература паветра гэта мінус 32 градусы. Можна падумаць, што гэта не так ужо і холадна, але, трэба адзначыць, што гэта марская Антарктыда, там заўсёды дзьмуць моцныя вятры, таму адчувальная тэмпература значна ніжэй. Хуткасць ветру можа дасягаць 60 м/с. Калі дзьме моцны вецер, мы не можам пакідаць будынак станцыі, таму што ёсць рызыка, што нас знясе ветрам. Асабліва зімой.
Чаму навукоўцы едуць на Антарктыду? Які ў гэтым сэнс?
- Трэба адзначыць, што ўся тэрыторыя Антарктыкі, у адпаведнасці з Антарктычнай дамоўленасцю, якую падпісалі 55 дзяржаваў, у тым ліку Польшча, якая мае права голасу. Толькі 29 дзяржаваў маюць права вырашаць аб тым, што адбываецца ў Антарктыцы. Цяпер уся тэрыторыя аддаецца для навукі. Там ніколі не было людзей, але ёсць шмат навуковых базаў, прыблізна 50. 30 з іх працуюць круглы год, у тым ліку польская станцыя Арцтоўскага, якая ўжо 46 гадоў вядзе там даследаванні. Спектр даследаванняў нашай станцыі вельмі шырокі. У нас багаты вопыт экалагічных даследаванняў. На самым пачатку вучоныя вывучалі мясцовую жывёлу акіяну. Польскі рыбалоўны флот лавіў там ледзяную рыбу, потым антарктычную рыбу, таксама антарктычны крыль. У нас было даследчае судна. Цяпер далей працягваем экалагічныя даследаванні, гэта наш вядучы кірунак. Акрамя гэтага вядзем даследаванні ў розных галінах навукі пра Зямлю, вывучаем ледавікі, каб можна было складаць сцэнарыі, што будзе ў будучыні.
Многія кажуць што адбываецца глабальнае пацяпленне. Ці гэта там відаць?
- На жаль, відаць гэта няўзброеным вокам, я сведак гэтага і гэта вельмі засмучае. Я назіраю за гэтай тэрыторыяй амаль 20 гадоў. Бачу як ледавікі адыходзяць, што знікае многа лёду, адкрываюцца новыя тэрыторыі сушы. Таксама назіраю як моцна абмяжоўваецца папуляцыі двух відаў пінгвінаў, якія размнажаліся недалёка польскай станцыі. Адначасова павялічваецца трэці, больш цеплалюбівы від. Батанічныя даследаванні адлюстроўваюць змены вегетацыі, зʼяўляюцца ў Антарктыцы новыя завезеныя віды. Польшча спецыялізуецца ў выкарыстанні інавацыйных тэхналогіяў. Мы супрацоўнічаем з Палітэхнічным варшаўскім універсітэтам і выкарыстоўваем беспілотнікі вялікай далёкасці да маніторынгу кліматычных змен Антарктыкі.
Госцем Польскага радыё была д-р інжынер Малгажата Корчак-Абшэйр з Інстытуту біяхіміі і біяфізікі Польскай акадэміі навук, якая працуе на станцыі Арцтоўскага і распавяла аб працы і жыцці на Антарктыдзе.
яс/ПР