У Белавежскай пушчы выявілі самую маленькую кветкавую расліну – вальфію бескаранёвую, паведамляе прэс-служба нацыянальнага парку. Гэта новы для флоры Белавежскай пушчы від, які раней тут не адзначаўся.
Вальфія бяскаранёвая – самая маленькая водная кветкавая расліна на нашай планеце, гэта расліна-ліліпут. Вонкава яна выглядае як плывучыя на паверхні вады драбнюткія сакавіта-зялёныя ледзь выцягнутыя «шарыкі» памерам меней аднаго міліметра.
Вальфія бяскаранёвая
Яна адносіцца да вышэйшых кветкавых раслін, але ў сілу эвалюцыі страціла тыповыя для гэтых раслін органы, у яе няма выразна выяўленых каранёў, сцябла і лісця, але ёсць мікраскапічныя кветкі. Праўда, ва ўмовах Беларусі квітненне гэтага віду пакуль не адзначалася.
Развіваецца вальфія ў багатых арганікай прагрэтых сонцам вадаёмах – азёрах, сажалках, затоках або канавах. Праточная вада для яе смяротная, у хуткаплынных рэках вальфія не прыжываецца.
Вальфія – расліна ў Беларусі даволі рэдкая і сустракаецца толькі на самым поўдні Беларусі – у Брэсцкай і Гомельскай абласцях. У Чырвонай кнізе Беларусі яна ўнесена ў спіс раслін, якія маюць патрэбу ў прафілактычнай ахове.
яс/Зеркала