Даўно прайшоў час, калі ў Каралеўскі замак у Варшаве маглі ўваходзіць толькі каралі ды іх прыбліжаныя. Цяпер гэтае месца даступнае для ўсіх жыхароў і гасцей польскай сталіцы. У гэтым годзе, як звычайна на пачатку новага навучальнага года, Каралеўскі замак падрыхтаваў шмат прапановаў для школьнікаў.
Каралеўскі замак у Варшаве сёлета наладзіў супрацу з кампаніяй Well of Art, каб развіваць інавацыйную мастацкую адукацыю. У гэтым навучальным годзе вучні, якія захочуць пазнаць тэхніку малявання карцін, могуць гэта зрабіць пры дапамозе спецыяльнага прыкладання, не карыстаюся пры гэтым ні палатном, ні пэндзлем, ні фарбай.
Каралеўскі замак надае вялікую ўвагу мастацкай і гістарычнай адукацыі дзяцей і моладзі, прапаноўваючы насычаную і разнастайную праграму як для школ, так і для сем'яў. Прапанова для вучняў падрыхтаваная на падставе школьнай праграмы, пра яе нам распавёў кіраўнік аддзелу адукацыі Каралеўскага замку Міхал Саберай (Michał Sobieraj).
- Як штогод, мы падрыхтавалі багатую адукацыйную прапанову, для ўсіх вучняў – ад дзіцячага садка да ліцэю. Настаўнікі могуць заказаць у нас урокі для сваіх класаў. Зацікаўленне вельмі вялікае, мы стараемся такім чынам падрыхтаваць графік, каб усе жадаючыя маглі скарыстацца нашымі прапановамі. У мінулым годзе мы правялі 1200 урокаў на 50 тэмаў. Настаўнікі выбіраюць такі ўрок, каб яго тэматыка супадала з праграмай, якую ў дадзеным класе праходзяць вучні. У некаторыя ўрокі ўваходзяць таксама майстар-класы або кароткія тэатральныя пастаноўкі. Гэтыя прадстаўленні рыхтуюць прафесійныя акторы.
Каралеўскі замак – гэта музей, у якім прадстаўлена перш за ўсё высокае мастацтва, можна ўбачыць творы вядомых мастакоў. І таму, канешне ж, важнейшая мэта ўрокаў, на якія прыходзяць вучні – гэта аповед пра мастацтва.
- Зыходным пунктам кожнага ўроку з’яўляецца экспазіцыя – адна карціна або некалькі карцін. Аднак на занятках мы закранаем таксама іншыя розныя тэмы – напрыклад, пра тое, як жылося калісьці ў Рэчы Паспалітай, які палітычна-грамадскі лад быў у дзяржаве, якой была польская манархія, яе дынастыі і гэтак далей. Тым не менш, заўсёды базай аповеду з’яўляецца наша калекцыя, тыя арыгіналы карцін ці скульптур, якія вучань бачыць. Для нас вельмі важны кантакт наведвальнікаў з мастацкім аб’ектам.
Каралеўскі замак карыстаецца таксама інавацыйнымі распрацоўкамі ў адукацыі. Дзякуючы супрацы з кампаніяй Well of Art школьнікі могуць уласнымі рукамі праверыць, якой тэхнікай малявалі карціны колішнія мастакі. Дзякуючы навукоўцам з Беластоцкага тэхналагічнага ўніверсітэту, кампанія падрыхтавала спецыяльнае прыкладанне Glaze, прызначанае для планшэтаў. Выкарыстанне дадзенага інструмента дазваляе пазнаць базавыя мастацкія прыёмы, гэта цікавы дадатак да заняткаў, – адзначае наш госць.
- Мы стараемся ісці насустрач моладзі, пазнаваць яе жаданні. Мы разумеем, што ў наш час маладых людзей цяжка зацікавіць адным толькі словам або карцінай, значна прасцей прыцягнуць увагу школьнікаў сучаснымі тэхналагічнымі гаджэтамі. І таму мы распачалі супрацу з кампаніяй Well of Art, якая падрыхтавала прыкладанне на планшэты. Яно паказвае, якой тэхнікай малявалі мастакі. Прыкладанне прапануе некалькі колераў фарбаў, якія можна накладваць спецыяльным стылусам, які выконвае функцыю пэндзля. У прыкладанні «фарбу» можна класці на розны грунт – палатно або дошку. І, зноў жа, заняткі пачынаюцца са знаёмства з карцінай, мы выбралі дзеля гэтага вобраз «Дама з жасмінам», удзельнікі могуць пачуць, кім была дама на карціне, хто яе намаляваў, што сімвалізуе жасмін, што аўтар хацеў прадставіць гледачу, малюючы гэтую карціну. А пазней дзеці самастойна спрабуюць «намаляваць» карціну, праўда, не ўсю, паколькі на гэта надта мала часу, а толькі яе фрагмент. Мы хочам паказаць школьнікам, наколькі складаным можа быць мастацкі працэс. Паказаць, што мастак сам рыхтаваў свае фарбы, часам толькі ён адзін ведаў рэцэптуру фарбаў. Дзякуючы гэтаму, у дзяцей паяўляецца зацікаўленне мастацтвам, ім хочацца самім нешта стварыць, яны пытаюць, калі можна будзе нешта намаляваць сапраўднай фарбай.
У Каралеўскім замку ў Варшаве ўжо праходзіць першая серыя адукацыйных і мастацкіх майстар-класаў з выкарыстаннем інавацыйнага прыкладання Glaze. Яго каштоўнасць таксама нядаўна была прызнаная на міжнародным узроўні. Прыкладанне ўвайшло ў лік фіналістаў прэстыжных міжнародных узнагарод: швейцарскай ArtTechPrize 2023 і брытанскай Digital Innovation in Art 2023 у рамках конкурсу Investor All Stars, які называюць «Оскарам» свету новых тэхналогіяў.
нг