Беларуская Служба

Студэнты архітэктуры сыграюць ролі людзей з абмежаванымі магчымасцямі

19.10.2023 09:30
Заняткі павінны дапамагчы студэнтам у пошуку рашэнняў для ліквідацыі архітэктурных бар'ераў.
Студэнты архітэктуры сыграюць ролі людзей з абмежаванымі магчымасцяміstevepb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Студэнты архітэктуры Люблінскага політэхнічнага ўніверсітэта выступяць у ролі людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб лепш зразумець праблемы, з якімі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцці.

Заняткі павінны дапамагчы студэнтам у пошуку рашэнняў для ліквідацыі архітэктурных барʼераў, паведаміла прэс-сакратар Люблінскага політэхнічнага ўніверсітэта Івона Чайкоўска-Дэнэка.

Яны будуць карыстацца інвалідным крэслам, паспрабуюць прайсціся на мыліцах, з хадункамі і ў спецыяльных акулярах.

«Яны адчуюць прастору з новай перспектывы – адчуюць абмежаванні, з якімі людзі з абмежаванымі магчымасцямі сутыкаюцца ў паўсядзённым жыцці, і ўбачаць, што ёсць барʼеры, якія яны не могуць пераадолець, напрыклад, яны не могуць трапіць у пэўныя месцы», – кажа Даміян Галоўня з Кафедры сучаснай архітэктуры.

Задачай студэнтаў будзе аналіз архітэктурных барʼераў, якія існуюць на тэрыторыі комплекса Люблінскага політэхнічнага ўніверсітэта.

«Як будучыя архітэктары, яны павінны ведаць патрэбы розных груп карыстальнікаў прасторы ў адпаведнасці з тэндэнцыяй безбарʼернага дызайну. Яны таксама даведаюцца пра канцэпцыі, тыпы і лепшыя варыянты прымянення рашэнняў, заснаваных на сямі прынцыпах універсальнага дызайну», – паведамляе ВНУ.

Універсальны дызайн быў упершыню вызначаны ў 1970-х гадах амерыканскім архітэктарам Рональдам Мэйсам. Ён прадугледжвае стварэнне прадуктаў, паслуг або элементаў навакольнага асяроддзя такім чынам, каб забяспечыць даступнасць для кожнага з улікам яго канкрэтных патрэбаў.

PAP/аз

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка