У Варшаве заснаваны новы фонд — Spotkania («Сустрэчы»). Асаблівасць гэтай арганізацыі ў тым, што яе касцяк складаецца ў першую чаргу з вучоных, выкладчыкаў. Дзве полькі — вядомая беларусістка і ўкраіністка Яанна Гэтка, выпускніца Варшаўскага ўніверсітэта Марыёля Карыцкая і ўкраінка, былая супрацоўніца Львоўскага ўніверсітэта Галына Лыла склалі тройцу сузаснавальніц фонду Spotkania.
Але тых, хто супрацоўнічае з фондам, намнога больш. Гэта і супрацоўнікі Варшаўскага, Львоўскага, Жытомірскага ўніверсітэтаў, а таксама іх сябры і калегі з Беларусі. Стваральнікі фонду Spotkania разважаюць на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Мы разумеем, што не можам змяніць свет. Але калі мы зменім хаця б маленечкую яго частку, мы ўсе будзем жыць лепш. Асабліва цяпер, у гэты час вялікага непаразумення і хаосу».
Яанна Гэтка, загадчыца кафедры міжкультурных даследаванняў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы факультэта прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта, сузаснавальніца фонду Spotkania: — Разам з калегамі па кафедры мы ўжо даўно падумвалі аб тым, каб стварыць фонд, які б займаўся падтрымкай даследаванняў і папулярызацыяй культуры Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Усё гэта для таго, каб нашы студэнты, выпускнікі маглі мець большыя магчымасці пазнання Цэнтральнай і Усходняй Еўропы — напрыклад, падчас паездак, самастойных даследаванняў.
На многія гэтыя ідэі цяжка было знайсці сродкі ўнутры ўніверсітэта ці ад знешніх структур, пакуль у нас не было нейкай арганізацыі. Але на яе стварэнне ўвесь час бракавала сіл, бо кожны з нас быў заняты сваім асабістым і прафесіянальным жыццём.
Але поўнамаштабная вайна Расіі супраць Украіны падштурхнула нас да пошуку сродкаў, хоць і з крыху іншай мэтай. Мы хацелі падтрымаць нашых калег, якія працавалі і працуюць ва ўкраінскіх ВНУ, тых, хто стаў валанцёрам, тых, хто пайшоў служыць у войска ці тэрабарону.
І тады мы сталі арганізоўвацца. Але па-ранейшаму заставаліся толькі прыватнымі асобамі, без якой-небудзь структуры. Гэта, праўда, мае адну перавагу: можна дапамагаць іншым людзям без усялякіх фармальнасцей. Усё трымаецца на сумленнасці і актыўнасці, на сяброўстве.
Аднак у гэтай сітуацыі ёсць і шмат абмежаванняў. Дапамога, якую можна атрымаць ад людзей — грошы, рэчы, пачала заканчвацца. І гэта зразумела, бо ў людзей ужо не заставалася сродкаў.
Таму трэба было тэрмінова шукаць знешнія сродкі. І гэта падштурхнула нас да таго, каб завяршыць стварэнне фонду, які мог бы знайсці такога роду сродкі.
Так узнік фонд Spotkania. І хоць штуршком да яго стварэння стала ўкраінская праблематыка, задачы ў фонду нашмат шырэйшыя.
Яанна Гэтка: — Нам важна, каб разам з незалежнымі ад улад коламі ва Украіне і Беларусі, а таксама з Украіны і Беларусі ў Польшчы ствараць прастору для шырокага міжкультурнага дыялогу ў нашым рэгіёне. У нейкім сэнсе мы бачым сябе прадаўжальнікамі ідэй кола польскага парыжскага часопіса Kultura і яго рэдактара Ежы Гедройця, які заклікаў да фарміравання такой агульнай культурнай прасторы.
Мы хочам перадаць маладому пакаленню веды аб існуючых у нашым рэгіёне міфах, стэрэатыпах адно аб адным, каб расплюшчыць ім вочы на многія рэчы. Мы хочам навучыць іх крытычна думаць, каб яны маглі аналізаваць тое, што адбываецца, і змяняць уяўленні аб гэтым.
Мы плануем правядзенне міжнародных семінараў, летніх школ, паездкі студэнтаў і ўвогуле маладых людзей у суседнія краіны. Усё гэта павінна спрыяць сустрэчам гэтых людзей, пазнаванню адно аднаго, — адсюль, адпаведна, і назва нашага фонду — Spotkania.
Такім чынам, наша задача — стварыць для моладзі дадатковыя ўмовы для сустрэч, гутарак, абмену меркаваннямі.
Закранаючы ўкраінскі аспект у дзейнасці фонду Spotkania, Яанна Гэтка захоўвае аптымізм.
Яанна Гэтка: — Мы верым, што вайна хутка завершыцца перамогай Украіны. Але ўжо цяпер мы павінны будаваць масты для будучага дыялогу, будучай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, будаваць новае адкрытае грамадства — грамадства дыялогу, грамадзянскую супольнасць.
Гаворачы аб планах на бліжэйшую будучыню, Яанна Гэтка дадала, што ўжо ў пачатку снежня на базе фонду Spotkania адбудуцца дэбаты моладзі.
Яанна Гэтка: — Мы хочам, каб маладыя людзі з Беларусі, Украіны і Польшчы сустрэліся ў Варшаўскім універсітэце і абмеркавалі агульныя тэмы. Такім чынам, мы пачынаем са знаёмства. Мы будзем ствараць групы моладзі, якія на працягу пэўнага часу будуць час ад часу сустракацца ў межах распрацаванай для іх праграмы. І яны самі, пазнаёміўшыся, павінны адно аднаму падкідваць чарговыя тэмы для гутарак і дыскусій.
Мы спадзяёмся, што ўдзельнікі нашых праектаў, у сваю чаргу, стануць свайго роду іх пасламі: будуць папулярызаваць нашы ідэі і спрабаваць будаваць новы, лепшы свет — і ўжо не ўтопію, а рэальнасць. Але для гэтага патрэбна штодзённая праца і цярплівасць.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё