Беларуская Служба

Тэхналогія 5G – ці сапраўды ёсць чаго баяцца?

02.11.2023 15:19
Эксперты спрабуюць развеяць страх і растлумачыць любыя сумненні.
Аўдыё
  • Тэхналогія 5G – ці сапраўды ёсць чаго баяцца?
Ілюстрацыйны здымакShutterstock/chalermphon_tiam

Зараз шмат гавораць аб тэхналогіі 5G у кантэксце павышэння якасці тэлекамунікацыйных паслуг. Аднак тэхналогія 5G таксама ўплывае на іншыя сферы нашага жыцця. У той жа час яна ўсё яшчэ выклікае насцярожанасць у некаторых людзей. Людзі палохалі, што там дзе праводзіцца выпрабаванне новай тэхналогіі, куры спынілі несціся, каровы не даюць малака, і нават хтосьці здзейсніў самагубства. У Польшчы праходзілі грамадскія акцыі супраць тэхналогіі 5G.

Эксперты спрабуюць развеяць страх і растлумачыць любыя сумненні. Яны тлумачаць, што асновай тэхналогіі 5G з'яўляецца электрамагнітнае поле. Цікава адзначыць, што электрамагнітнае поле выкарыстоўваецца для перадачы рознага віду дадзеных больш за 100 гадоў, адзначае настаўнік па фізіцы Роберт Біцкі, суаўтар дзяржаўнай праграмы для школ па новых тэхналогіях.

- Электрамагнітнае поле дае вельмі кароткі час перадачы дадзеных, яно рухаецца з хуткасцю святла. І такім чынам мы можам спалучыцца з чалавекам у любой частцы свету. Электрамагнітнае поле зʼяўляецца нябачным, аказвае невялікі ўплыў на жыццё і здароўе.

Само сабой узнікае пытанне, ці электрамагнітнае поле сапраўды бяспечнае для чалавека? Марэк Ліпскі з Польскай палаты інфармацыйных тэхналогій і тэлекамунікацый тлумачыць, што варта размеркаваць сферу, пра якую ідзе гаворка.

– Электрамагнітнае поле можа ўключаць выпраменьванне ў дыяпазоне бачнага святла, ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае, гама-выпраменьванне, а таксама радыёхвалі або мікрахвалі. І менавіта апошнія мы выкарыстоўваем у мабільнай сетцы сувязі. Усе электрамагнітныя палі, якія называюць іанізуючым выпраменьваннем – рэнтгенаўскае, гама, ультрафіялетавае – небяспечныя для чалавека, таму што яны ўплываюць на здароўе: перш за ўсё, разбураюць нашу ДНК, уздзейнічаюць на атамы, выклікаюць іянізацыю рэчыва. Аднак калі гаворка ідзе пра ўсе электрамагнітныя палі ў дыяпазоне радыёхваляў або мікрахваляў, то гэтыя палі на нас практычна не ўзаемадзейнічаюць. А калі казаць пра электрамагнітнае выпраменьванне ў радыёдыяпазоне, то яно не аказвае ніякага ўплыву на здароўе чалавека і не выклікае ніякіх ускладненняў. Аднак неабходна прытрымлівацца адпаведных нормаў, бо калі павялічыць напружанасць электрамагнітнага поля ў некалькі тысяч, то яно будзе на нас уздзейнічаць і можа, напрыклад, выклікаць рост тэмпературы.

Людзей хвалюе пытанне, ці карыстанне тэлефонам 5G, знаходжанне блізка мачты перадатчыка гэтай тэхналогіі, нясе нейкія пагрозы для нашага здароўя? Менавіта гэта насцярожвае людзей.

-Калі мы прасочым частоты, якія выкарыстоўваюцца ў сетцы 5G, мы заўважым, што яны вельмі падобныя на частоты, якія выкарыстоўваюцца ў сетцы 4G. І калі сетка 4G для нас не нясе пагроз, то чаму павінна нам пагражаць сетка 5G, калі гэта вельмі падобныя частоты? - тлумачыць Марэк Ліпскі і дадае:

- Чалавечая прырода прымушае нас баяцца новага і таго, чаго мы не ведаем. Раней людзі баяліся электрычнасці. Страх перад сеткай 5G – гэта страх перад невядомым, перад тым, што зʼявіцца.

Спецыялісты даўно адзначаюць шматлікія перавагі тэхналогіі 5G. Першая і асноўная – павышэнне якасці паслуг мабільнай сувязі. Сітуацыі, калі мы хочам кудысьці патэлефанаваць і не можам звязацца з-за перагрузкі сеткі, што здараецца, напрыклад, на масавых мерапрыемствах або канцэртах, знікнуць або будуць зведзены да мінімуму, кажуць яны.

Тэхналогія 5G таксама дазваляе прыладам мець зносіны адзін з адным. – Не было такой магчымасці ў папярэдніх тэхналогіях, раней гэта не працавала ў такім маштабе. Цяпер тэхналогія 5G дазваляе прыладам «размаўляць» паміж сабой. Гаворка ідзе пра цэлы шэраг аўтаномных прыладаў – тлумачыць Марэк Ліпскі.

– Гэта могуць быць простыя прыборы, напрыклад лічыльнікі для ўліку расходу вады ці электраэнергіі – у кожнага дома ёсць хаця б адзін электралічыльнік і лічыльнік вады. І калі гэта прыборы, якія можна падключаць да сеткі, то інфармацыю аб паказанні лічыльніка можна накіраваць наўпрост на адпаведны завод для разліку адпаведнай платы.

Гэта датычыцца і значна больш складаных прылад, такіх як аўтаномныя аўтамабілі, распавёў Ліпскі. Ён падкрэслівае, што гэта магчыма дзякуючы больш высокай хуткасці перадачы дадзеных па тэхналогіі 5G. І хаця выкарыстанне аўтаномных аўтамабіляў усё яшчэ знаходзіцца ў эксперыментальнай фазе, некаторыя з іх функцый ужо выкарыстоўваюцца ў традыцыйных аўтамабілях. Да іх адносяцца, у тым ліку, сістэма выяўлення перашкод і аўтаматычнага тармажэння, а таксама сістэма ўтрымання ў паласе руху.

Сетка 5G у Польшчы яшчэ толькі развіваецца. З-за грамадскіх пратэстаў і боязі людзей немагчыма было правесці тэставанне сістэмы ў адным з выбраных населеных пунктаў, дзе планавалася, што з дапамогай гэтай тэхналогіі будуць, напрыклад, кіраваць дарожным рухам, напаўненнем паркінгу аўтамабілямі, а нават вывазам смецця. Тым не менш, 5G паслядоўна пашыраецца. Спецыялісты супакойваюць, што новая тэхналогія не нясе пагрозы ні для людзей ні для навакольнага асяроддзя.

Для паўнавартаснага выкарыстання тэхналогіі 5G эксперты рэкамендуюць карыстацца тэлефонамі 5G, але зазначаюць, што, пакуль, тэлекамунікацыйныя кампаніі карыстаюцца для размоваў тэхналогіяй 4G, а сетка 5G выкарыстоўваецца для перадачы дадзеных.

яс/ПР3

Больш на гэтую тэму: Навука і тэхніка