Беларуская Служба

У Кракаве дзейнічае праграма выхаду з бяздомнасці, якую назвалі сапраўднай рэвалюцыяй

07.11.2023 15:33
Галоўная прычына бяздомнасці – гэта адзінота.
Аўдыё
  • Дапамога бяздомным у Кракаве.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Roman Bodnarchuk/Shutterstock.com

Людзі, якія жывуць на вуліцы, на вакзалах, у закінутых дамах ці дачах, знаходзяцца ў самым нізе сацыяльнай лесвіцы. Бяздомны – гэта сінонім адной з найгоршых формаў падзення чалавека. Цяжка вырвацца з гэтага стану, вярнуцца ў шэрагі паважаных грамадзянаў, зноў мець магчымасць памыцца ў сваім ванным пакоі і выпіць каву ў сваёй кухні. Але ёсць такая магчымасць, ёсць асобы з вуліцы, якім удаецца вырвацца з кола бяздомнасці. І ёсць таксама людзі і арганізацыі, якія аказваюць ім падтрымку.

У польскім горадзе Кракаве дзейнічае дабрачынная арганізацыя, якая дапамагае бяздомным вярнуцца ў грамадства. Яна называецца Справа дапамогі святога айца Піа (Dzieło Pomocy św. Ojca Pio). Арганізацыя дапамагае бяздомным ужо амаль 20 гадоў (з 2004 года). Дом – гэта не толькі фізічнае месца, дзе жыве чалавек, гэта таксама пачуццё бяспекі, сардэчных адносінаў з іншымі, пачуццё годнасці, свабоды і развіцця. Часам можна пачуць меркаванне, што некаторыя бяздомныя самі выбралі такі шлях, ім падабаецца адсутнасць адказнасці за сябе ды іншых. Але, паводле словаў каардынатара арганізацыі Юстыны Носэк (Justyna Nosek), галоўная прычына бяздомнасці – гэта адзінота.

- Часам сапраўды людзі, якія карыстаюцца дапамогай, самі кажуць, што яны выбралі жыццё на вуліцы, але на самой справе гэта не так. Яны так гавораць у роспачы, каб захаваць хаця б крыху годнасці. Сапраўдная прычына – гэта адзінота, адсутнасць кагосьці, хто дапамога ў цяжкую хвіліну. Кожны з нас гаворыць «мой тата, мая мама, мая сяброўка» і г.д., а ў іх няма нікога, пра каго так могуць сказаць. І калі ў жыцці такога чалавека здараецца крызіс – хвароба, страта працы, то гэта прамы шлях да бяздомнасці.

Цяжкія захворванні, страта працы ды іншыя крызісы здараюцца ў жыцці амаль кожнага чалавека, але не ўсе падаюць на дно. Напэўна бяздомныя часта змагаюцца таксама з іншымі праблемамі, як залежнасць ад розных рэчываў – наркотыкаў, алкаголю.

- Я б схлусіла, калі б сказала, што гэта няпраўда. Кожны год нашай дапамогай карыстаецца каля тысячы асобаў, і сапраўды, вялікі адсотак гэтых людзей змагаюцца з залежнасцю. І мы стараемся падтрымаць іх у барацьбе з наркаманіяй, алкагалізмам ці залежнасцю ад азартных гульняў. Аднак часта гэтая залежнасць другасная, яна вынікае з бяздомнасці, а не наадварот. Гэта спроба справіцца з цяжкім жыццём на вуліцы.

«Справа дапамогі» аказвае ўсебаковую падтрымку асобам, якія знаходзяцца ў крызісе бяздомнасці. Арганізацыя, між іншым, мае ў сваім распараджэнні кватэры, дзе могуць жыць такія людзі. Гэта ў тым ліку і жыллё ў рамках праграмы «Найперш кватэра». Меркаваннем аднаго з псіхатэрапеўтаў, гэта сапраўдная рэвалюцыя ў падыходзе да праблемы.

- Так, у нас ёсць кватэры – агулам 12, а 3 у рамках метаду «Найперш кватэра». Гэты метад быў распрацаваны ў ЗША, а цяпер ім карыстаюцца таксама ў Канадзе, Аўстраліі і шматлікіх еўрапейскіх краінах. Калі хтосьці першы раз чуе пра яго, то часам не можа паверыць, што бяздомнаму, які жыве на вуліцы, у яго ёсць залежнасць ад алкаголю, адразу даюць магчымасць жыць у кватэры. Такі чалавек жыве адзін, паколькі ў праекце толькі аднапакаёвыя кватэры. Поспех метаду заключаецца ў тым, што гэта сапраўды рэвалюцыя ў жыцці бяздомнага, якая выклікае вялізнае жаданне змяніць сваё жыццё. Між іншым, дзякуючы гэтаму метаду, у Фінляндыі ўдалося цалкам вырашаць праблему бяздомнасці. Канешне, такі чалавек не пакінуты сам сабе, ён можа атрымліваць усебаковую падтрымку сацработнікаў. Супрацоўнікі «Справы дапамогі...» могуць дапамагчы такой асобе ў кожную хвіліну. Мы знаходзімся ў пастаянным кантакце. Мы таксама аплачваем квартплату, паколькі ў пераважнай большасці гэтыя людзі не маюць сваіх сродкаў, каб плаціць за жыллё. Але ў іншых кватэрах – так званых «кватэрах з падтрымкай (mieszkanie wspomagane) гэта выглядае інакш, жыллё з’яўляецца фіналам выхаду з бяздомнасці. Гэта значыць, на пачатку чалавек шукае працу, карыстаецца падтрымкай сацыяльнага работніка, а толькі пазней, калі мы бачым, што ёсць прагрэс, мы даем магчымасць жыць у кватэры з падтрымкай. І тады чалавек часткова аплачвае жыллё, квартплату, рахункі.

Няма акрэсленага часу, у якім можна жыць у такой кватэры – аднаму хопіць некалькі месяцаў, каб устаць на ногі, іншы будзе жыць нават і год перад тым, як зможа зняць уласнае жыллё. Па словах Юстыны Носэк, гэта эфектыўная форма дапамогі бяздомным, якія зноў пачынаюць верыць у свае магчымасці, вырашаюць розныя праблемы, у тым ліку юрыдычныя. За гады дзейнасці кракаўскай праграмы ўдалося вырваць з бяздомнасці некалькі дзясяткаў чалавек.

нг