Беларуская Служба

Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі: Калі Масква перамагла б у Кіеве, то ніякай надзеі на вольную Беларусь не было б

16.11.2023 15:45
Ён больш за год працуе мінамётнікам у Палку Каліноўскага.
Аўдыё
  • Беларускі добраахвотнік Яўген Жураўскі: Калі Масква перамагла б у Кіеве, то ніякай надзеі на вольную Беларусь не было б

. .

Яўген Жураўскі пачынаў першым нумарам мінамётнага разліку. Яўген выстаўляў лічбы на мінамётным прыцэле, каб зарыентаваць мінамёт. Цяпер ён камандзір разрахунку.

-Цяпер мая задача больш цяжкая. Калі раней мне трэба было выставіць лічбы і пакруціць мінамёт, то зараз я чалавек з планшэтам, які атрымлівае каардынаты, і мая задача перавесці іх у патрэбныя мінамёту лічбы, каб мы маглі трапіць у патрэбную кропку. Нібыта не складана, але, у лепшым выпадку, мінімальная памылка і мы не трапім у праціўніка адразу, а ў горшым – можам трапіць у сваіх. Такога ніколі не было, але гэта тое, чаго я ўвесь час вельмі моцна баюся, – расказвае ваяр.

Яўген – анархіст, грамадскі актывіст. Пасля 2020 году выехаў у Польшчу і задоўга да гэтага разумеў, што трэба будзе браць зброю ў рукі.

-Я яшчэ да 2020 разумеў, што Лукашэнку мірным шляхам не скінуць. Пасля эміграцыі стала відавочным, што трэба пра гэта не толькі думаць, але і рабіць. 2021 год у мяне прайшоў у цірах і на палігонах, дзе я вучыўся валодаць зброяй, што мне вельмі дапамагло на вайне. Я рыхтаваўся да ўзброенага канфлікту, але я думаў, што мы будзем ваяваць усё ж у Беларусі. Калі яшчэ толькі пачаліся размовы пра вайну, я ведаў, што трэба будзе ехаць. Бо калі Масква перамагла б у Кіеве, то ніякай надзеі на вольную Беларусь не было б. Для мяне, як анархіста, было зразумела, што кепская дэмакратыя лепш, чым расійская таталітарная імперыя. Адразу ў дзень, калі пачалася вайна я пазваніў паплечнікам з пытаннем, які ў нас план. Праз пару дзён быў сігнал, што можна ехаць, але беларусу гэты было складаней зрабіць. Я дачакаўся, калі з Захаду ехаў караван грузаў, якія збіралі нашыя сябры анархісты, і разам заехаў ва Украіну. Гэта было 8 сакавіка 2022 году, – узгадвае Яўген.

У Полк Каліноўскага малады чалавек трапіў у выніку ўкраінскай бюракратыі. Пачаткова ён быў у тэрытарыяльнай абароне горада Абухаў. Пасля таго як расіяне выйшлі з Кіеўскай вобласці памянялася кіраўніцтва, якое адмовілася афармляць іншаземцаў.

-Мы спрабавалі шукаць іншыя варыянты, іх было шмат, але праблема была ў тым, што ў нас была цікавая група людзей з усяго свету, уключая расіян, мы спрабавалі кудысьці трапіць разам, але не атрымлівалася. Частка таварышаў пайшла ў ПКК, ну мы вырашылі, калі няма іншых варыянтаў, то ПКК – добрая кропка ўвахода на вайну. Так я туды трапіў. І застаюся там больш за год, а прыйшоў я ў пачатку верасня 2022 году.

Для выезду ў Польшчу Яўген спыніў кантракт, таму кажа, што цяпер – былы жаўнер. Але праз тыдзень-два ён вяртаецца назад.

-У Палка вельмі шмат людзей і ў іх розныя матывацыі. На мой погляд, большасць усё ж марыць пра вызваленне Беларусі. Гэта іх асноўная мэта, але ёсць невялікая частка людзей, якія даўно жылі ва Украіне і ім не цікава вярнуцца ў Беларусь. Ці проста шукаюць прыгоды, ім вызваленне Беларусі не настолькі цікава, але калі будзе магчымасць, думаю, яны зноў пойдуць. Ёсць розныя, але для большасці вызваленне Беларусі – гэта галоўная мэта, – перакананы Яўген.

Прэтэнзій да беларусаў на фронце няма. Гэта пытанне тылоў, гаворыць Яўген.

-Чым далей чалавек ад фронта, тым больш у яго пытанняў. Увесь час нашыя пабрацімы з іншых падраздзяленняў, калі даведваюцца, што мы беларусы, рэагуюць просьбамі зрабіць супольную фотку, кажуць, што даўно хацеліся пазнаёміцца з каліноўцамі, просяць падарыць шаўрон. Хлопцы распавядалі, што бачылі на нейкім рынку самаробныя шаўроны палка, якія прадаюцца. Вельмі частая гісторыя, калі ты едзеш на Кіеў, цябе спыняюць, пытаюцца, хто мы, калі чуюць, што беларускія добраахвотнікі адразу прапускаюць. Стаўленне вельмі добрае, ніколі не было ніякага негатыву. У мяне складаецца ўражанне, што гісторыі пра кепскіх беларусаў, гэта тычыцца тых, хто ў Кіеве і далей. Чым далей, тым больш злыя.

Ці да вайны можна прызвычаіцца? На жаль, так, – кажа Яўген.

-Непасрэдна на фронт я трапіў у канцы 2022 года, да гэтага нешта бачыў, але гэта не тое ж самае. Спачатку я быў перакананы, што мяне адразу заб’юць, што гэта квіток у адзін канец. Але высветлілася, што ўсё не так кепска. Едучы на вайну я жартаваў, што памру, а калі прыехаў, то вырашыў, што не, што гэта нецікава. Чакаў, што будзе як у розных відэа, ты бегаеш з аўтаматам, паўсюль выбухі. А па факце ты сядзіш у нейкім багне, бліндажы некалькі дзён, час ад часу кінеш некалькі мін, некалькі мін прыляціць па вам, а астатні час сядзіш і чакаеш.

Мы ўвесь гэты час у Бахмуце, але ў розных кропках. Калі я туды ехаў, то думаў, што еду ў лютае пекла. Прыехаў і такі: гэта ўсё, дзе ўвесь жах на зямлі? Мы там знаходзіліся ў падвале, а падвал з печкай – гэта дык увогуле добрае месца. А калі ў цябе з’яўляецца старлінк, то жыццё ўвогуле кайф. Звычайна праца мінамётніка выглядае так, што мы прыязджаем, шукаем кропку, з якой будзем працаваць, дзе паставіць мінамёт і дзе зрабіць сховішча. Калі падвал, то добра, калі не, то капаем, а зімой з кіркой і ломам цяжкавата. Пазіцыя падрыхтаваныя, ставім адразу старлінк, каб быў інтэрнэт, бо гэта галоўнае. Мы сядзім у гэтым бяспечным месцы, бо лішні раз выходзіць небяспечна, увесь час лятаюць расійскія дроны. Калі атрымліваем сігнал, хлопцы бягуць да мінамёта, а я стаю каля бліндажа з планшэтам і працую. Адстраляліся – зноў схаваліся.

Ці здараецца, што жаўнеры кажуць пра стомленасць вайной? Па-рознаму, тлумачыць баец.

-У кожнага нейкі свой погляд. Усё вельмі моцна залежыць ад некалькіх фактараў. Першы – кіраўніцтва. Калі камандзір саўковы мудак, які бярэ хабар за водпуск, ці доўга не пускае на ратацыю, то што можа быць добрага. А ёсць месцы, дзе маладое, добрае кіраўніцтва, на шчасце, такіх месцаў з кожным днём больш, разумее як што, у хлопцаў ёсць магчымасць адпачыць, пабачыцца з сям’ёй. У іх добрае забеспячэнне. У такіх людзей будзе цалкам іншы настрой. Нам у гэтым плане прасцей, мы ўсе прыйшлі самастойна. Мы ў любы момант можам сысці ўвогуле ці сысці на не баявую пасаду, і ніякіх прэтэнзій ад калектыву не будзе. Ужо тое, што чалавек прыехаў на вайну, гэта даказвае, што ён смелы хлопец. Іншы выпадак, калі чалавек рабіў выгляд, што ён супер ваяр, а пасля першага бою знік, то будзе іншае стаўленне. Не ведаю, якія настроі ва ўсіх украінцаў, але ўсе мае знаёмыя, з якімі я падтрымліваю сувязь, нацэленыя працаваць далей, – расказвае Яўген.

Байцы Палка Каліноўскага ўвесь час адчуваюць падтрымку беларусаў, расказвае ваяр.

-Людзі пішуць, нешта адпраўляюць. Большасць машын у нас набытае беларусамі з усяго свету. Тое ж самае з часткай экіпы. То бок падтрымка велізарная. І яна не становіцца меншая.

Здараюцца смерці. Але да гэтага звыкаешся, кажа Яўген.

-Іншае, канешне, калі ты на развітанне трапляеш, то там і парыдаць некалькі гадзін можна. Але кепскія навіны прыходзяць час ад часу. Мы ведалі куды мы ішлі, асабліва калі ты добраахвотнік. Гэта сумна, але нам прыйдзецца працягваць барацьбу не толькі за сябе, але і за тых, хто загінуў. Здаецца, мы там толькі на чорным гумары і трымаемся. Наш узровень падтрымкі – гэта падкалоць пабраціма. Усе ўвесь час жартуюць, для нас гэта псіхалагічная абарона.

Яўген Жураўскі кажа, што ў Палка Каліноўскага ёсць псіхолаг, які аказвае псіхалагічную дапамогу жадаючым. Хоць Яўген і прызнае, што адчуваецца падыход, калі мужчына не можа паказаць слабінку і звярнуцца па дапамогу.

Яўген, акрамя змагання на фронце, арганізаваў пераклад і друк кнігі анархіста Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан» на ўкраінскай мове і будзе шукаць спосабы яе распаўсюджваць. Паводле Яўгена, гэта добрае чытво, каб зразумець падзеі ў Беларусі. Гэтая кніга магла б дапамагчы частцы ўкраінскага грамадства зразумець, што адбываецца ў Беларусі.

ав