Беларуская Служба

Часам здаецца, што ў Польшчы, хоць на яе ніхто не нападаў, ідзе вайна, у якой штодзённа гінуць людзі

21.11.2023 07:00
Гэта «вайна» на польскіх дарогах, у тым ліку з нецвярозымі кіроўцамі.
Аўдыё
    .
Крыж каля помніка ахвярам ДТЗ.Фота: PAP/Łukasz Gągulski

Летась у Польшчы здарыліся 21322 дарожна-транспартныя здарэнні, загінула 1896 чалавек, а ў бягучым годзе, са студзеня па канец кастрычніка, ДТЗ было 17290 і 1411 смяротных ахвяр. Практычна кожная ахвяра была для кагосьці сынам, дачкой, маці, бацькам, братам, сястрой, таму можна сказаць, што ахвяр, у псіхалагічным сэнсе, значна больш. Ад такога ніхто не застрахаваны, кожны можа стаць ахвярай ДТЗ, нават калі сам ніколі не парушае правілаў дарожнага руху, хтосьці іншы можа іх парушыць, напрыклад, нецвярозы кіроўца, і выклікаць ДТЗ, у выніку якога пацерпяць іншыя асобы.

Кожны год у трэцюю нядзелю лістапада адзначаецца Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. У Польшчы пад горадам Тарнаў стаіць помнік ахвярам дарожна-транспартных здарэнняў, тут кожны год сустракаюцца родныя і блізкія загінулых. Ва ўрачыстасцях удзельнічаюць таксама прадстаўнікі ўладаў. Сёлета міністр інфраструктуры Анджэй Адамчык (Andrzej Adamczyk) адзначаў, што з кожным годам смяротных ахвяраў усё менш. У 2007 годзе ў ДТЗ загінулі 5583 чалавекі, у 2016-м – 3026, у 2022-м – 1896. Гэта дае надзею, што з часам амаль ніхто не будзе гінуць на польскіх дарогах, а прынамсі лічбу ахвяр удасца звесці да мінімуму. Міністр казаў пра тое, што неабходна дзеля гэтага зрабіць.

- Мы робім усё, каб у наступныя гады іх было значна менш. Гэта перш за ўсё дарожныя інвестыцыі, адукацыя. Гэта не толькі падрыхтоўка кіроўцаў, але таксама прасоўванне ў СМІ ведаў аб правільных паводзінах на дарогах. І, канешне ж, заканадаўства, змены ў правілах дарожна-транспартнага руху.

Кожны год у Сусветны дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў успамінаюць тых, хто загінуў на дарозе, а таксама тых людзей, якія змагаюцца за выздараўленне пасля ДТЗ. Немагчыма пераацаніць ролю блізкіх, якія падтрымліваюць гэтых людзей, хоць часам ім самім даводзіцца змагацца з рознымі траўмамі.

Сёлета ў рамках адзначэння Дня памяці ахвяр ДТЗ, акрамя святой імшы за пацярпелых і іх сем’і, былі, між іншым, зладжаны псіхалагічныя майстэрні, сустрэча каля помніка «Пераход», успаміны ахвяр і пасадка «Дрэва памяці».

Эльжбета Пшэвозьнік (Elżbieta Przewoźnik) казала пра свайго сына, які загінуў у выніку ДТЗ і пра свае перажыванні.

- Загінуў наш сынок, Пётр, яму было 22 гады. Тут я пачула, што кожны мае права перажываць сваю трагедыю па-свойму.

Блізкія ахвяр ДТЗ адчуваюць сум, шкадаванне, у іх бывае дэпрэсія.

- Я яшчэ не прыйшла ў сябе і, бадай, ніколі не прыйду ў сябе. Я вучуся жыць больш-менш нармальна, вяртацца да жыцця. Гэта вельмі маленькія крокі. Я была ў чорнай дзіры, не бачыла сэнсу далей жыць. Наша жыццё памерла разам з нашым дзіцём.

У адзначэнне Дня памяці ахвяр ДТЗ уключаецца таксама каталіцкі касцёл у Польшчы. Святары нагадваюць пра важнасць малітвы за пацярпелых ды загінулых. Намеснік нацыянальнага капелана кіроўцаў ксёндз Ежы Красніцкі (Jerzy Kraśnicki) адзначыў, што нельга забываць пра людзей, якія пацярпелі на дарогах.

- Гэта асаблівы дзень памяці пра тых, хто загінуў у выніку ДТЗ, але не толькі. Гэта таксама дзень памяці аб тых, хто пацярпеў у выніку такога дарожнага здарэння, хто перажывае сваю траўму, хто страціў блізкага чалавека. Пра іх мы таксама памятаем, молімся за памерлых. Гэта такі дзень, калі мы прапануем падумаць пра тых, хто пацярпеў, спачуваць тым, хто быў паранены ў ДТЗ, а нават падумаць пра тых, хто выклікаў такое здарэнне.

Таксама ксёндз казаў пра прасоўванне ведаў аб бяспечных паводзінах на дарогах.

- Наша жыццё часам ад гэтага залежыць. Ніхто з загінулых не дапускаў, што з ім можа такое здарыцца, але здарылася. Мы таксама ладзім акцыю, якая называецца «Флікеры жыцця», нагадваем пра неабходнасць насіць флікеры ў цёмны час сутак. Мы таксама нагадваем іншыя правілы, як тое, каб хадзіць па адпаведным баку праезнай часткі, каб быць заўважальным для кіроўцы, каб раварысты не ездзілі ў цемры без святла. Усё гэта важна, калі гаворка ідзе пра бяспеку на дарогах.

Удзельнікі ўрачыстасцяў з нагоды Сусветнага дня памяці ахвяр ДТЗ шмат казалі пра важнасць бяспекі дарожнага руху, павагі да іншых вадзіцеляў, а таксама пра неабходнасць стварэння цэнтра, дзе б лячылі людзі з траўмамі пасля аварый. Гэта дазволіла б членам сям'і хутчэй перажыць страту блізкага чалавека.

IAR/нг