Беларуская Служба

Фундацыя Humanosh адкрыла праект, накіраваны на прафесійную падрыхтоўку і інтэграцыю бежанцаў

27.11.2023 14:56
Пачалося ўсё з падтрымкі палітычных уцекачоў з Беларусі ў 2020 годзе.
Аўдыё
  Humanosh.
Сімвал фундацыі Humanosh.Фота: БСПР/нг

Фундацыя Humanosh некалькі гадоў таму адкрыла першы дом-прытулак для беларускіх уцекачоў, назваўшы яго Мірным домам. За тры гады дзейнасць у дадзеным кірунку разраслася, у Варшаве ўжо чатыры такія дамы, а надоечы адбылася прэзентацыя новага праекта арганізацыі – Humanosh House.

Праект створаны з думкаю пра прафесійную падрыхтоўку бежанцаў. Арт-дырэктар Humanosh House Іна Гончак кажа, што ў дамах жывуць як бежанцы з Беларусі, якім прыйшлося пакінуць краіну ў выніку палітычных рэпрэсій, так і ваенныя бежанцы з Украіны, пераважна жанчыны з дзецьмі, а нават уцекачы з Афганістана.

- Мы адкрытыя для ўсіх. Мірны дом – гэта не закрыты праект, даступны толькі людзям, якія перажылі трагедыю. Кожны можа пазваніць у Humanosh, папрасіць дапамогі, мы пастараемся яе аказаць або накіруем у іншую арганізацыю. Тры месяцы ў нас можна жыць у Мірным доме. Здараецца, што хтосьці жыве даўжэй. Такія людзі замкнутыя ў сабе, яны патрабуюць дапамогі – з афармленнем дакументаў, юрыдычнай, псіхалагічнай, з навучаннем. Зараз паўстаў Humanosh House, дзе ідзе прафесійная падрыхтоўка. Хтосьці вучыцца шыць, іншы робіць мыла, хтосьці гатуе варэнікі. Мы стараемся, каб людзі засяродзіліся на ручной рабоце, hand made цяпер цэніцца і дорага каштуе. А гэта можна рабіць дома, калі ў кагосьці ёсць дзеці.

Дамамі для бежанцаў у Варшаве кіруе беларуска Марыя Макар. Яна сама пасля выбараў у Беларусі была прымушана з'ехаць з роднага Гродна, у Варшаве першыя месяцы жыла ў прытулку для бежанцаў, а пазней пасялілася ў адным з Мірных дамоў.

- Першы Мірны дом пачаў дзейнічаць у 2020 годзе, але афіцыйнае адкрыццё было ў маі 2021. Першыя жыхары, палітычныя з Беларусі, пачалі прыязджаць у верасні 20-га. І да вайны ва Украіне дом быў адзін, не было неабходнасці пашыраць. Праўда, заўсёды былі людзі, вельмі рэдка здараліся свабодныя месцы.

Тады яшчэ некаторыя спадзяваліся, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца, і людзі змогуць вярнуцца дадому. Аднак у лютым мінулага года пачалася вайна, і хлынуў паток бежанцаў таксама з Украіны, аб чым распавяла дырэктар Фундацыі Humanosh Катажына Скопец (Katarzyna Skopiec).

- Потым, на жаль, пачалася вайна ва Украіне. І Маша, якая тады была кіраўніком дома, раптам павялічыла колькасць месцаў з 18 да звыш 40. Сітуацыя была трагічная, людзі спалі на вакзалах. Да нас прыходзілі галоўным чынам беларусы, якія зʼехалі ва Украіну, а тады ўцякалі і адтуль, ад вайны. Уявіце, якую траўму яны перажылі. Мы пачалі збіраць грошы на бежанцаў, ладзіць дабрачынныя аўкцыёны. Трэба сказаць, што гэта нялёгка, паколькі ўсе ўжо паступова страчваць зацікаўленне пытаннем бежанцаў. А пачынаюцца новыя войны. Напрыклад, у нас пад Жэшавым жывуць украінцы габрэйскага паходжання, якія выехалі ў Ізраіль, там на іх напалі баевікі ХАМАС, і яны ўцяклі ў Польшчу. І гэта немалая група, 78 чалавек.

Катажына Парафяновіч (Katarzyna Parafianowicz) і Магда Шумоўска (Magda Szumowska) жывуць непадалёк ад Мірнага дома, яны прыйшлі ў гэтае месца, каб падтрымаць бежанцаў, якія там пражываюць, а таксама набыць загатоўкі, зробленыя іх рукамі.

Катажына: Я тут, каб падтрымаць дзейнасць Фундацыі Humanosh, купіла марынаваныя грыбы ручной работы. Гэта цудоўная ініцыятыва, добра, што такі дом ёсць, што бежанцы могуць тут затрымацца, калі яны ўцякаюць з уласнай краіны. Гэтае месца – свайго роду трамплін для іх, яны тут могуць пажыць, падумаць, што могуць рабіць далей, дзе працаваць, вырашыць пра свой лёс у Польшчы.

Магда: А я жыву па-суседску, я бачыла, як гэты дом ствараўся, была ў мінулым годзе на святочным кірмашы. А сёння мы прыйшлі, каб падтрымаць выдатную ініцыятыву, купілі цудоўнае мыла ручной работы з водарам мёду і лаванды, а таксама кулінарныя загатоўкі. Нас вельмі радуе, што такое месца ёсць.

Фундацыя Humanosh здымае ўжо чатыры дамы для бежанцаў, дзе агулам жыве больш за 100 чалавек. У дамах можна пражываць часова, некалькі месяцаў. Арганізацыя таксама аказвае падтрымку бежанцам у арэндзе кватэры. Акрамя таго, фундацыя займаецца гуманітарнай дзейнасцю, рэгулярна адпраўляе канвоі з медычнай дапамогай ва Украіну.

нг


Зроблена рукамі жыхароў Мірных дамоў. Зроблена рукамі жыхароў Мірных дамоў.
Славутыя ўкраінскія маркі. Славутыя ўкраінскія маркі.