У наступным годзе польская навука атрымае дадатковыя 7 мільярдаў злотых, гэта на 22% больш, чым атрымлівала дагэтуль, – паведаміў новы міністр навукі Дарыюш Вячорэк. Ён таксама пацвердзіў, што заробкі навуковых супрацоўнікаў польскіх універсітэтаў будуць павялічаны на 30 адсоткаў, а зарплаты адміністрацыйных супрацоўнікаў універсітэтаў вырастуць на 20%.
Міністр абяцаў, што ўрад забяспечыць усе патрэбныя сродкі з дзяржаўнага бюджэту.
Дадатковыя сродкі атрымае таксама Польская акадэмія навук. «Дзякуючы рашэнню прэм'ер-міністра і міністра фінансаў нам удалося павялічыць бюджэт PAN, які ў апошнія гады практычна не змяняўся. У гэтым годзе мы павялічым яго на 180 млн злотых», – сказаў Вячорэк.
Міністр навукі адзначыў, што польскі ўрад паклапаціўся і пра інтэрнаты для студэнтаў і выдзеліў дадатковыя 150 мільёнаў злотых на рамонты і будаўніцтва новых інтэрнатаў. Безумоўна, да гэтага рашэння прычыніўся пратэст і акупацыя студэнтамі інтэрнату ў Познані, які быў зачынены кіраўніцтвам універсітэту з-за дрэннага тэхнічнага стану.
Міністэрства навукі абмяркоўвае, ці не вылучыць яшчэ дадатковыя 100 млн злотых на рамонты інтэрнатаў для ўсіх універсітэтаў у Польшчы «каб палепшыць жыццё польскіх студэнтаў».
яс