Беларуская Служба

Цэнтр Новых ідэй: Эканоміка Беларусі са стану калапса перайшла ў крытычны стан

11.01.2024 16:51
Цэнтр Новых ідэй агучыў вынікі трэцяга Індэксу рэзіліентнасці (інакш устойлівасці) у пяці сферах жыцця ў Беларусі.
Аўдыё
  • Цэнтр Новых ідэй: Эканоміка Беларусі са стану калапса перайшла ў крытычны стан
.
..

Індэкс рэзіліентнасці дае адказы на пытанні: Беларусь у крызісе ці ўжо на мяжы калапсу? Як змяніўся стан краіны за тры гады? Якая сфера найбольш уразлівая, а якая – найбольш устойлівая? Даследчыкі ЦНІ апыталі 45 беларускіх экспертаў, каб у дынаміцы ацаніць рэзіліентнасць пяці сфер: палітыкі, эканомікі, соцыума, інфармацыйнай сферы і сферы ўзброеных сіл.

Гэта трэці індэкс рэзілентнасці, які падрыхтаваў Цэнтр Новых ідэй.

2022 год быў годам чакання «апакаліпсісу», які не адбыўся. Гэта паўплывала на стан грамадскай думкі і на ацэнку экспертаў. Пры ўсім гэтым зрух захоўваецца на ўзроўні «дрэйфавання», надалей не пяройдзены ўзровень 2021 году, калі гаворка ідзе пра стан сістэмы.

Эканоміку эксперты бачаць у крызісным стане, хоць адзнакі ў гэтай сферы прадэманстравалі найлепшую дынаміку. Эканоміка са стану калапса перайшла ў крытычны стан. Гаворыць сацыёлаг, старэйшы навуковы супрацоўнік Цэнтру Генадзь Коршунаў:

-Эканоміка застаецца ў крызісным стане: што эканамічная база, што рэсурсы для развіцця. У найлепшым стане ў сферы эканомікі, як лічаць нашыя эксперты, знаходзіцца бюджэтна-фінансавая дзейнасць.

Сфера палітыкі, як у мінулым і пазамінулым годзе, застаецца самай праблемнай сферай. Тут самыя адмоўныя ацэнкі, але пры гэтым адзначаецца дрэйфаванне ў бок нуля. Найбольшая станоўчая дынаміка адлюстроўваецца ў знешняй палітыцы.

Унутраная наадварот у стане калапса, фактычна блізка да крытычнай адзнакі ў мінус пяць. Адзіны напрамак, які знаходзіцца на плюсе, – гэта сацыяльная інфраструктура. Яна хоць і на плюсе, то ўсё ж у інтэрвале стагнацыі. Яшчэ можна адзначыць, што інфраструктурныя пункты гэта адзінае, што ў Беларусі ацэньваецца станоўча, з аднаго боку, а з другога, калі глядзець на гадавую дынаміку, то ёсць рух адмоўных ацэнак да нуля, як і рух пазітыўных таксама ў бок нуля.

Асноўныя вялікія трэнды з мінулага году ва ўсіх сферах не змяніліся.

Сфера соцыума атрымала найменшую негатыўную ацэнку, то бок самую высокую сярод усіх асноўных сфер. Пры гэтым адзіны напрамак, які атрымлівае станоўчыя ацэнкі, – гэта дыяспара. Самая праблемная – гэта зносіны дзяржавы і грамадства. Іх ацэнка сёлета пагоршыліся.

Наступная – інфармацыйная сфера. Станоўчыя ацэнкі атрымліваюць інфраструктурныя ўмовы. Самыя негатыўныя – умовы для працы медыя (стан калапса).
Беларусь дагэтуль знаходзіцца ў крызісным стане, падводзіла вынік дырэктар Цэнтра Новых ідэй Леся Руднік:

-Эксперты звярталі ўвагу, што ў эканоміцы яшчэ больш развіваюцца адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, узмацняецца манаполія дзяржаўнага сектара, павялічваецца залежнасць ад Расіі, у першую чаргу як ад гандлёвага партнёра. Гэта замінае дыверсіфікацыя экспартнага рынка. У выніку эканамічнай залежнасці ад Расіі яе эканамічныя рызыкі па сутнасці становяцца рызыкамі Беларусі.

Пра сферу палітыкі шмат не скажаш. Палітычныя рэпрэсіі ўскладняюць сітуацыю. Уплывае тое, што Беларусь з’яўляецца саюзнікам у агрэсіі Расіі ва Украіне. У 2023 годзе мы пабачылі як дыппрадстаўніцтвы па факту адмовіліся абслугоўваць сваіх грамадзян. Звузіліся знешнія палітычныя сувязі беларускіх уладаў.

У сферы соцыума ідзе трэнд на русіфікацыю адукацыі і культуры, улады працягваюць ліквідаваць грамадскія арганізацыі. У той жа час арганізацыі ў замежжы імкнуцца захоўваць сувязі з беларускім грамадствам. Ёсць высокі ўзровень зацікаўлення палітычным жыццём сярод дыяспары. Эксперты адзначылі ўзнікненне большай колькасці арганізацый радыкальнага тыпу, у аснову якіх кладзецца ваенны кантэкст, неінклюзіўная палітычная рыторыка, якая адрозніваецца ад першых хваляў беларускай эміграцыі.

Калі казаць пра вывады ў інфармацыйнай сферы, працягваецца ціск на недзяржаўныя СМІ. Існуе поўная манаполія на асвятленне палітычных падзей дзяржаўнымі медыямі. У гэтым годзе эксперты адзначылі ўплыў расійскага наратыву і расійскай прапаганды на інфармацыйнае поле ў краіне.

Усё гэта падкрэслівае, што галоўнымі фактарамі, якія ўплываюць на ўсе сферы, застаецца палітычны ціск на любыя формы праяўлення іншадумства, уцягнутасць Беларусі ў падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны, эканамічная залежнасць ад Расіі.

Новыя выклікі – гэта штучнае рэгуляванне сферы занятасці, курсу валют, адмова абслугоўвання сваіх грамадзян за мяжой.

Аўтары звярнулі ўвагу, што толькі адзін эксперт на момант падрыхтоўкі індэксу знаходзіўся ў Беларусі, гэта можа быць важна для разумення вынікаў даследавання.

Поўны індэкс на старонцы ЦНІ.

ав