Беларуская Служба

Прадстаўнік BelPol Андрэй Астаповіч: У 2023-ім было распачата 423 крымінальныя справы за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці

02.02.2024 16:49
Праваабаронцы паведамляюць, што, паводле даступнай ім інфармацыі, ужо каля 1 500 чалавек, асуджаных па палітычных матывах, адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
Аўдыё
  • Палітзняволеныя, якія памерлі ў турмах Беларусі пасля 2020 года: мастак Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько.
.
.Фота: Radyjo.net

На адмысловай сустрэчы ў Варшаве быў прадстаўлены агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Слухайце матэрыял у далучаным файле!

Сярод 1 414 чалавек, якія на бягучую дату прызнаныя палітвязнямі, 152 дзеячоў культуры і 35 прадстаўнікоў СМІ, 16 дактароў, 6 юрыстаў і 6 праваабаронцаў. Пра гэта паведаміла праваабаронца цэнтру «Вясна» Яна Галаган.

Паводле падлікаў праваабаронцаў, у Беларусі ўжо каля 1500 чалавек з ліку палітзняволеных адбылі свае тэрміны зняволення і выйшлі на свабоду. Пры гэтым праваабаронцы штораз паадкрэсліваюць, што агучаныя лічбы, звязаныя з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі, гэта толькі мінімальны парог. Поўнай інфармацыі ў публічным доступе няма.

Яна Галаган нагадала, што за апошні год узмацнілася паверка на мяжы беларусаў з боку спецслужбаў. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за 2023-ці год пасля вяртання з-за мяжы было затрымана і асуджана па палітычных матывах 18 чалавек.

Праваабаронцы таксама маюць інфармацыю, што як мінімум сем чалавек з ліку палітзняволеных маюць анкалагічныя захворванні. Пра ўзровень аказання медыцынскай дапамогі гаварыць складана, бо нават родным не паведамляюць пра вынікі аналізаў, медыцынскія працэдуры і гэтак далей.

Яна Галаган нагадала пра палітзняволеных, якія памерлі ў турмах Беларусі пасля 2020 года, – гэта мастак Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Вадзім Храсько. Гэтым людзям не была своечасова аказаная медыцынская дапамога.

«Ніводнай крымінальнай справы па фактах смерці людзей у зняволенні не было распачата, хаця праваабаронцы, грамадскасць настойваюць на гэтым», – кажа прадстаўніца «Вясны».

Яшчэ адзін важны момант, які датычыцца тэмы палітвязняў, не ўсе выходзяць па сканчэнні тэрміна зняволення. Не менш як 29 палітвязням, шасцярым (у тым ліку дзвюм жанчынам) з іх двойчы, працягвалі тэрміны пазбаўлення волі, пасля таго, як па надуманых прычынах прызнавалі іх «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Прадстаўнік аб’яднання былых сілавікоў BelPol Андрэй Астаповіч (экс-следчы, звольніўся падчас пратэстаў 2020 года) прэзентаваў падрыхтаваную арганізацыяй статыстыку крымінальных спраў, якія былі распачатыя ў 2023 годзе. Ён звярнуў увагу на справы, якія заводзяць за абразу чыноўнікаў, абразу Лукашэнкі, якія праваабарончая супольнасць выдзяляе ў катэгорыю палітычна-матываваных.

Андрэй Астаповіч таксама паведаміў, што летась было распачата 423 крымінальныя справы за фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, то бок за ахвяраванні палітычным, грамадскім структурам, якія ў Беларусі ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

Прадстаўнік арганізацыі «Рабочы Рух», лідар страйку на прадпрыемстве «Гродна Азот» у 2020 годзе Юры Рававы распавёў пра тое, што арганізацыя мае асобныя кантакты з рабочымі ў Беларусі. Але ён адзначыў, што грамадская актыўнасць немагчымая цяпер у краіне, калі чалавек не мае мэты сесці ў турму. Адзінае, што даступна работнікам, спрабаваць адстойваць сваё права на нармальныя ўмовы працы. «Мы мяркуем, што нават такія крокі важна падтрымліваць», – кажа Юрый Рававы.

Ён распавёў, што за мінулы год было каля ста зваротаў па юрыдычныя кансультацыі да «Рабочага руху», некаторыя выпадкі скончыліся пазітыўна – людзі змаглі змяніць умовы сваёй працы да лепшага. Але апісаць гэтыя прыклады немагчыма, бо «пазітыўныя выпадкі адразу стануць негатыўнымі», кажа Юрый Рававы.

Таксама Рававы звярнуў увагу на той факт, што менавіта палітзняволеныя занялі ў калоніях «касту» тых, хто працаваў на самых цяжкіх і шкодных работах.

вх