Беларуская Служба

Псіхолаг Вольга Вялічка: Я раю гаварыць дзецям, што бацькі ў турме

04.03.2024 11:05
У Варшаве прайшла прэзентацыя кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» псіхолаг Вольгі Вялічкі.
Аўдыё
  • Псіхолаг Вольга Вялічка пра сваю кнігу: Сёння дзеці мараць не пра дзіцячае

У ёй апісаная рэчаіснасць і перажыванні дзяцей, бацькі якіх у выніку 2020 году апынуліся за кратамі. 

Кніга стала вынікам працы з дзецьмі палітзняволеных, пераважная большасць якіх знаходзіцца ў Беларусі. «Ад двух да пятнаццаці» – гэта найбольш часты тэрмін, якія атрымоўваюць бацькі дзяцей, з якімі працуе Вольга Вялічка.


Ірына Новік і Вольга Вялічка Ірына Новік і Вольга Вялічка

Чаму важна было запісаць сведчанне дзяцей у кнізе?

-У першую чаргу гэта важна бацькам. І яны, і дзеці, і нават дзяржава разумеюць, што сёння людзей забіраюць і катуюць у турмах – гэта з-за таго, што пэўная частка беларусаў пасмела выказаць сваю палітычную і грамадскую пазіцыю адкрыта. Хтосьці пераносіць гэта больш стойка, хтосьці хварэе, ёсць пяць палітвязняў, жыццё якіх закончылася за кратамі. Як пераносяць гэта дарослыя ўнутры краіны? У мяне такое адчуванне, што ўнутры краіны гэтае пытанне павісла. Яно не закрытае і не можа быць закрытым. Гэта пацверджана працай не толькі з дзецьмі, але і з палітвязнямі, якія знаходзяцца на хатняй хіміі. Дзеці адчуваюць гэта таксама.

Другая частка тытулу – «Мая мама ў турме». Ці для дзіцяці ёсць розніца хто ў турме: мама ці тата? Звычайна дзеці бліжэй эмацыйна да мамы.

-Вы правільна гаворыце, розніца ёсць. Яна залежыць ад узросту, ад адносін, якія былі з бацькамі, то бок тут вельмі шмат розных складнікаў. У найгоршай сітуацыя знаходзяцца дзеці, якія мелі цёплыя і адкрытыя адносіны з бацькамі.

Для мяне адкрыццём стала, як рэагуюць дзеці на вяртанне бацькоў з турмы, гаворка пра фізічны кантакт.

-Гэта ў літаральным сэнсе, ніякім не пераносным, асабліва ноччу, рукамі зачапляюцца за цела маці альбо бацькі. За рукі, ногі, валасы, за шыю. Бацькі ноччу літаральна не могуць перавярнуцца. Гэта звязана з тым, што ў дзяцей забралі апору, безумоўную бяспеку, і зараз дзеці спрабуюць кампенсаваць гэта праз час. Бацькам фізічна вельмі цяжка ў такі момант. Яны ж самыя без сіл.


Кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» Кніга «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»

Калі дзіця меншае, перад ім можна ўтаіць, што бацькоў забралі ў турму, можна прыдумаць камандзіроўку. На вашую думку, гаварыць ці не?

- У маёй практыцы была сям’я, дзе дзяўчынцы было восем год, калі тату забралі па справе Зэльцэра. Тата «быў у камандзіроўцы», потым вярнуўся. Але стан дзіцяці быў такім, што спатрэбілася дапамога псіхолага. Калі дзіця ў прамым сэнсе есць валасы, з’ядае пазногці, адмаўляецца ад ежы, упадае ў некантраляваныя істэрыкі, а яму нічога не казалі, каб яго зберагчы, то чаму яно так рэагуе? Таму што дзеці адчуваюць, што ім нешта не дагаворваюць. У іх фарміруецца пачуццё трывогі. Чым больш не гавораць, тым больш яны трывожацца. Яна нікуды не дзенецца, трывога будзе выходзіць. Таму я лічу, дзецям казаць трэба. У маёй практыцы былі прапрацоўкі, калі мы казалі дзецям пра тэрмін адкрыта і шчыра. Гэта ніякім чынам не пагоршыла стан дзяцей, наадварот ім станавілася лягчэй.

У кнізе ёсць казкі, напісаныя дзецьмі. Як гэта адбывалася?

-Праз гэтыя казкі дзеці прагаворваюць свае страхі і свой боль. Казкатэрапія – гэта методыка, якая дапамагае дзіцёнку прайсці праз боль, праз усведамленне, навошта гэты боль праходзіць, праз зразуменне рэчаіснасці.

Адна частка кнігі прысвечана марам дзяцей. Якія гэта мары? Каб мама вярнулася з турмы, ці нешта іншае?

-Гэта мая самая любімая частка. Жудасна, калі дзіця піша ліст умоўнаму Дзеду Марозу, у якога верыць, і кажа, што ў яго ёсць толькі адно жаданне: каб выйшаў тата. Але каб у яго было два жаданні, то яно хоча кампутар. Жудаснасць гэтага гістарычнага этапу ў тым, што дзяцей прымусілі выбіраць не паміж нейкімі цацкамі, а адзіным жаданнем было, каб выпусцілі маму ці тату. Вось гэта жудаснасць часу, у якім мы цяпер знаходзімся. Тое, што дзеці мараць аднолькава з дарослымі. Сёння дзеці мараць не пра дзіцячае.

Журналістка Ірына Новік зачытала фрагмент кнігі, прысвечаны як раз марам дзяцей. Каб паслухаць – уключайце далучаны гукавы файл.

Кніга выйшла ў беларускім выдавецтве «Гутэнберг».

слухайце аўдыё

Ілюстрацыі да кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме» Ілюстрацыі да кнігі «Ад двух да пятнаццаці. Мая мама ў турме»