Беларуская Служба

Варшава выдаткуе 27 мільёнаў еўра на бамбасховішчы

14.03.2024 11:19
Сталіца Польшчы рыхтуецца да горшага пасля заявы Пуціна пра гатоўнасць да ядзернай вайны.
Rafał Trzaskowski.
Rafał Trzaskowski.Twitter/Rafał Trzaskowski

Мэр Варшавы Рафал Тшаскоўскі абвясціў аб новым плане выдзеліць 117 мільёнаў злотых (27 мільёнаў еўра) на будаўніцтва бамбасховішчаў і іншыя меры бяспекі ў бліжэйшыя два-тры гады.

Рашэнне было прынята, калі прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, які вядзе вайну ў суседняй Украіне, пахваліўся, што ён «гатовы» да ядзернай вайны.

Бамбасховішчы з'яўляюцца часткай стратэгіі Варшавы ў бліжэйшыя гады, каб «зрабіць самыя значныя інвестыцыі, якія дазволяць нам падрыхтавацца да любых нечаканасцяў», сказаў мэр Рафал Тшаскоўскі.

Нядаўні аўдыт бамбасховішчаў у Польшчы паказаў, што менш за 4 працэнты насельніцтва краіны маюць доступ да ахоўных памяшканняў у выпадку бамбардзіроўкі. У справаздачы адзначаецца, што сховішчы, якія ёсць, не адпавядаюць асноўным патрабаванням, тэхнічным характарыстыкам.

Сярод месцаў у горадзе, якія прапаноўвалася выкарыстоўваць у якасці бамбасховішчаў, – падземныя паркінгі і станцыі метро. Агулам пад сховішчы можна было б перапрафіляваць 7 мільёнаў квадратных мэтраў у Варшаве, сказаў мэр. Калі Расія пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну ў 2022 годзе, Кіеў выкарыстаў падобную тактыку, каля 15 000 грамадзян хаваліся ў сістэме метро з 52 станцый.

Новая праграма «Варшава ахоўвае» прадугледжвае аснашчэнне прытулкаў электрычнасцю і вадой. Тшаскоўскі таксама сказаў, што частка плана – дапамагчы бальніцам падрыхтавацца да небяспекі і навучыць грамадзян рэагаваць у надзвычайных сітуацыях.

Іншыя краіны, якія мяжуюць з Украінай, узмацнілі меры бяспекі пасля таго, як пачалася поўнамаштабная вайна. Пасля таго, як у Румыніі знайшлі абломкі беспілотнікаў, краіна пачала будаваць бамбасховішчы каля мяжы з Украінай.

politico.eu/вх