Беларуская Служба

Калі старыя сваякі пры памяці, бягом да іх - раіць даследчык, які чвэрць стагоддзя захапляецца генеалогіяй

14.03.2024 15:05
Ці кожнаму чалавеку пад сілу скласці свой уласны радавод? З чаго пачаць такую працу?
Аўдыё
  • Калі старыя сваякі пры памяці, бягом да іх - раіць даследчык, які чвэрць стагоддзя захапляецца генеалогіяй
Ігар Станкевічфота: radyjo.net

Даследчык гісторыі сталінскіх рэпрэсій Ігар Станкевіч ужо чвэрць стагоддзя захапляецца генеалогіяй. Ігар дапамагае людзям шукаць дадзеныя пра іх сваякоў і вяртае з небыцця гісторыі цэлых сем’яў. Ён лічыць, што скласці радавод у стане кожны чалавек. Для гэтага неабавязковы быць спецыялістам, тым больш сучасныя сродкі гэта значна спрашчаюць.

З чаго пачынаць? Першы крок – гэта сваякі, асабліва, калі жывуць старэйшыя члены сям’і, якія могуць распавесці гісторыю свайго жыцця і сваіх сваякоў.

-Калі яны пры памяці і могуць нешта распавесці, бягом да іх. Яны могуць распавесці пра звычайныя факты, пра якія можна прачытаць у кнігах, але могуць і пра нейкія дробязі. Пра ўласнае стаўленне, пра стасункі, пра якія мы нідзе не знойдзем потым інфармацыі. Асабістыя лёсы. Гэта вельмі каштоўна, – расказвае Ігар Станкевіч.

Ігар Станкевіч за час свайго захаплення генеалогіяй даведаўся праўду і пра сваю сям’ю, у якой не менш за 30 чалавек былі расстраляныя ці сасланыя ў лагеры. Гэтую гісторыю ён выдаў у кнізе «Гісторыя роду Каменскіх». Ігар расказвае, як усё пачыналася?

-У нас дома захаваўся фотаальбом са старымі фотаздымкамі, канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў. Маці амаль нічога не ведала пра гэтых людзей. Да нас прыязджала сваячніца, ёй было 70 гадоў, і яна пачала распавядаць. Я зразумеў, што значная частка людзей на здымках – гэта мае продкі ці іх сваякі. Першае, што я зрабіў, гэта намаляваў дрэва на паперы. Зараз гэтага рабіць не варта, на маю думку. Ёсць адмысловыя сэрвісы, дзе можна змяшчаць інфармацыю, здымкі, відэа. Нават можна паляпшаць старыя здымкі, каларызаваць, а нават анімаваць. Тэхналогіі сёння гэта дазваляюць.

Людзі, якія гэтым займаюцца, называюць гэтыя пошукі дэтэктывамі. Бо калі пачынаеш паглыбляцца ў гісторыю сваёй сям’і, вылазяць моманты, пра якія ці нельга было распавядаць, ці страшна было распавядаць. Напрыклад, тэма рэпрэсаваных у грамадстве была схаваная. Габрэйскае ці польскае паходжанне, бо ў 20-30-ыя гады Польшча разглядалася як вораг. Калі ты паглыбляешся, то ўзнікае шмат пытанняў: чаму так здарылася, што да гэтага спрычынілася, як чалавек трапіў з аднаго месца ў іншае і гэтак далей. Спачатку з’яўляецца гіпотэза, а потым ты шукаеш дакументы. У гэтым сэнсе ты працуеш як следчы. Можна знайсці тое, за што будзе прыкра і сорамна, але можна знайсці шмат гісторый, якімі ты можаш ганарыцца.

Сучасныя тэхналогіі дазваляюць зрабіць тэст ДНК і даведацца аб сваім паходжанні. Дзякуючы гэтаму можна вызначыць, адкуль родам вашы продкі. Вынікі аналізу ДНК пакажуць этнічную прыналежнасць і канкрэтныя групы з розных геаграфічных рэгіёнаў, ад якіх вы паходзіце.

Сэрвісы, на якія Ігар Станкевіч раіць звярнуць увагу, гэта: сайт са старымі мапамі Беларусі – etomesto.ru/belarus/; электронны банк дакументаў «Подзвіг народа ў вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» – podvignaroda.ru; pamyat-naroda.ru; базы рэпрэсаваных «Мемарыялу»; bessmertnybarak.ru; «Адкрыты спіс» – база дадзеных ахвяр палітычных рэпрэсій у СССР (1917-1991 гг.) – ru.openlist.wiki; Партызаны Беларусі – partizany.by.

Поўная размова з даследчыкам - у далучаным гукавым файле.

ав