Беларуская Служба

Беларусы ўсё часцей звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы

25.03.2024 06:14
Гэта сведчанне змены стаўлення сярод людзей і рэакцыі на працяглыя рэпрэсіўныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі.
Аўдыё
  • Беларусы звяртаюцца па міжнародную абарону ў Польшчы
Ілюстрацыйны здымакObraz Ahmad Ardity z Pixabay/CC0

Калі ў 2020-21 гадах сярод беларусаў, якія з’ехалі панавала меркаванне, што яны змогуць хутка вярнуцца, цяпер з’явілася разуменне, што эміграцыя можа быць на даўжэй. Сваімі чарговымі абмежавальнымі мерамі беларускі рэжым штурхае беларусаў шукаць абароны за мяжой. Арганізацыяй, якая аказвае ў гэтай справе дапамогу ў Польшчы з’яўляецца Беларускі цэнтр салідарнасці ў Варшаве, з прадстаўнікамі якога мы паразмаўлялі.


Дынаміка квартальных зваротаў па міжнародную ахову ў Польшчы Дынаміка квартальных зваротаў па міжнародную ахову ў Польшчы

У мінулым годзе заявы аб прадстаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы падалі 9,5 тысяч іншаземцаў. Пры гэтым трэці год запар самай вялікай групай сярод заяўнікаў сталі грамадзяне Беларусі. Так у 2021-м годзе 2257 беларусаў падалі заяўкі на атрыманне міжнароднай дапамогі, у 2022-м – 3122 асобы і ў 2023 – 3713 асоб. Пра тое, што значаць гэтыя лічбы, мы паразмаўлялі з прэсавым сакратаром Беларускага цэнтра салідарнасці Антосем Жукавым.

- Цяпер мы можам казаць пра тое, што змяняецца дынаміка зваротаў. Спачатку, калі людзі прыязджалі, вялікая колькасць думала, што яны вярнуцца. Яны думалі, што міжнародная ахова іх дадатковай абавязвала. Яны не маглі ездзіць у Беларусь, бо тады гублялі гэтую ахову. Цяпер іншая сітуацыя. З пачаткам вайны прыйшла вялікая хваля зваротаў. Гэта быў вельмі моцны дадатковы імпульс. Тады прыехала шмат беларусаў, якія пачалі падавацца на міжнародную ахову, бо ў большасці не было візы ды легальных сродкаў, каб застацца ў Польшчы. Тады не было гуманітарных відаў на жыхарства, з нашай ініцыятывы ён з’явіўся, але быў толькі такі інструмент як міжнародная ахова.

Было некалькі хваль зваротаў. Цяпер сітуацыя застаецца напружанай у Беларусі, улады працягваюць рэпрэсіі ды кіруюць іх часта супраць беларускіх актывістаў з дыяспары, кажа праваабаронца.

- Мы бачым, што беларускія ўлады пачынаюць пераследаваць людзей, звязаных з дыяспарай. Яны заводзяць завочныя справы супраць актывістаў за мяжой. Таму шмат людзей пачынаюць задумвацца, каб атрымаць міжнародную ахову, бо бываюць такія сітуацыі, калі беларускія ўлады накіроўваюць запыты праз Інтэрпол, і чалавека могуць затрымаць пры пераездзе мяжы. Так сталася з адным беларускім актывістам, які правёў 6 месяцаў у турме ў Венгрыі.

З гэтых 3 тысяч чалавек, якія падалі на міжнародную абарону, шмат да вас звяртаюцца па дапамогу?

- Да нас вельмі шмат зваротаў па міжнароднай ахове, гэта адна з нашых важных спецыялізацый Цэнтра беларускай салідарнасці. Мы дапамагаем з гэтым і абсалютна бясплатна. Калі казаць пра маштабы, кожны дзень да нас у цэнтр прыходзяць каля 70 запытаў, за гэты час мы дапамаглі ўжо больш чым 35 тысячам чалавек з 2020 года. Сотні чалавек атрымалі міжнародную ахову пры нашай дапамозе.

Восенню мінулага года Лукашэнка забараніў консульствам выдаваць беларусам пашпарты, у выпадку завяршэння тэрміну дзеяння. Людзі апынуліся ў сітуацыі, калі яны страцілі дакументы пасведчанне асобы, што рабіць з гэтым?

- Міжнародная ахова ёсць тут адным з важных існуючай сітуацыі. Адсутнасць магчымасці памяняць пашпарты – гэта таксама адна з прычын павелічэння колькасці зваротаў. Цяпер мы ўвесь час займаемся лабісцкай працай, каб у беларусаў былі лепшыя магчымасці тут атрымаць польскія праязныя дакументы. Першыя 6 месяцаў 2024 года ёсць магчымасць атрымаць польскі праязны дакумента на падставе любога віду на жыхарства ў Польшчы.

Як быць і сітуацыі, калі, напрыклад,  нараджаюцца дзеці, людзі жэняцца ці разводзяцца? Ці праязны дакумент дазваляе гэта аформіць?

- Тут праблема ў тым, што на заканадаўчым ўзроўні ўсё цудоўна распісана, іншая справа як гэта рэалізуецца на месцы. Бываюць сітуацыі, што чалавек прыязджае ў аэрапорт і там супрацоўнікі не ведаюць, што такое польскі юрыдычны дакумент. Высвятлення сітуацыі можа заняць гадзіны, хаця польскі праязны дакумент дзеля таго і зроблены, каб замяняць пашпарт у падарожжы. На больш нізавым узроўні ёсць складанасці. Мы атрымалі адказ ад міністэрства, што польскі праязны дакумент пацвярджае вашу асобу. Вы можаце атрымоўваць крэдыт ці нешта яшчэ, так вынікае з тлумачэнняў. Аднак, на нізавым узроўні не заўсёды ведаюць, што гэта такое.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч