Беларуская Служба

У Польшчы ўвялі закон, які дазволіць плаціць бабулі дзяржаўнымі сродкамі за апеку над унукам

09.04.2024 17:00
Бацькі змогуць атрымліваць 1,5 тысячы злотых штомесяц. 
Аўдыё
  • Дзяржаўная дапамога на апеку над дзецьмі ў Польшчы.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/tookapic

Польскі ўрад заняўся законапраектам, які ўваходзіў у спіс шматлікіх перадвыбарчых абяцанняў актуальнай улады ў Польшчы. Гаворка ідзе пра законапраект «Актыўныя бацькі», які прадугледжвае ўвядзенне новай фінансавай дапамогі для бацькоў дзяцей ва ўзросце ад 12-га да 35-га месяца жыцця. Бацькі змогуць атрымліваць да 1,5 тысячы злотых штомесяц. 

Гэты законапраект у простанароддзі назвалі ўжо «babciowym» – «бабуліным». Праграма падрыхтаваная Міністэрствам сям'і. На што патраціць грошы, вырашаць самі бацькі. Яны змогуць, напрыклад, заплаціць за догляд над дзіцём яго ўласнай бабулі (у тым ліку пенсіянерцы).

Прэс-сакратар Міністэрства сям'і Міхал Сыска (Michał Syska) сказаў Польскаму радыё, што праект павінен стаць часткай сістэмнай стратэгіі падтрымкі бацькоў, каб ім прасцей было спалучыць прафесійную дзейнасць і бацькоўства.

- Гэта наш адказ на неабходнасць комплексных рашэнняў, якія дазволяць бацькам арганізаваць апеку над малым дзіцём, каб бацькі маглі ў гэтым часе пайсці на працу. Мэтай законапраекту “Актыўныя бацькі” з’яўляецца менавіта тое, каб бацькі маглі працягваць прафесійную дзейнасць. Гаворка ідзе перш за ўсё пра жанчын.

Міхал Сыска дадаў, што праграма «Актыўны бацька» грунтуецца на трох элементах: першы — гэта падтрымка бацькоў, якія жадаюць скарыстацца яслямі.

- Рэальная дапамога ў ясельнай апецы – «Актыўна ў яслях». Гэтая частка праграмы будзе заключацца ў фінансавай падтрымцы бацькоў, якія хацелі б аддаць сына або дачку ў яслі, дзякуючы чаму маці зможа вярнуцца на працу. Гэтая дапамога будзе складаць 1500 злотых.

Дапамога «Актыўна ў яслях» заменіць цяперашнюю субсідыю ў памеры да 400 злотых на знаходжанне дзіцяці ў яслях, дзіцячым клубе або на аплату няні.

Другі слуп праграмы - «Актыўныя бацькі на працы». Ён прадугледжвае фінансавую падтрымку ў памеры 1500 злотых для бацькоў, якія жадаюць пакінуць дзіця пад наглядам няні ці бабулі. Трэці слуп праграмы назвалі «Актыўна дома». Ён уводзіць льготу ў памеры 500 злотых для бацькоў, якія застануцца дома з дзіцем. «Актыўнa дома» заменіць сямейны дзіцячы капітал, з той розніцай, што ён будзе даступны і на першае дзіця.

Законапраект – гэта адно з перадвыбарчых абяцанняў партыі «Грамадзянская платформа», якая разам з іншымі групоўкамі стварае ўрадавую кааліцыю. Аднак кааліцыянт – «Польшча 2050» - мае сумненні наконт праграмы. Палітыкі гэтай групоўкі кажуць, што неабходна задумацца, у якім выглядзе закон трэба ўвесці. Ён добры, але не зусім справядлівы, - сказала Жанэта Цваліна-Сьлівоўска (Żaneta Cwalina-Śliwowska), дэпутатка гэтай партыі.

- Гэты заканадаўчы акт выклікае пытанні, калі гаворка ідзе пра звычайную сацыяльную справядлівасць. Скажам, жанчына, якая застаецца з дзецьмі дома, у яе трое-чацвёра дзяцей, яна імі займаецца, таксама павінна атрымліваць нейкую фінансавую аплату. Яна ж таксама працуе, выконвае важную працу – гадуе нашых грамадзян, якія ў будучыні будуць працаваць у карысць дзяржавы, будаваць яе валавы прадукт. Так што, на нашую думку, неабходна гэты закон дапрацаваць, увесці новыя рашэнні. Пакуль што гэта новы праект, мы яго вывучаем, аналізуем.

Левыя сілы станоўча ацэньваюць праграму «Актыўныя бацькі». Старшыня парламенцкага клубу евых Анна Марыя Жукоўска (Anna Maria Żukowska) заявіла, што ўрад павінен будаваць больш ясляў і садкоў, каб для ўсіх дзяцей было месца, але добрым выйсцем з'яўляецца таксама іншая падтрымка.

- Гэта добрае рашэнне ў адносінах тых бацькоў, якія жывуць у населеных пунктах, дзе няма ясляў ці садкоў, або туды цяжка запісаць дзіця. Шкада, што такія месцы яшчэ ёсць. Дзяржава павінна паклапаціцца аб яслях, хаця гэта доўгі працэс. Мы пачалі кіраваць дзяржавай у снежні, гэта мала часу, каб збудаваць яслі. Неабходна гэты прабел хутка запоўніць, гэта задача для дзяржавы.

Нагадаем, дзяржаўная праграма «Актыўныя бацькі» прадугледжвае: выплату 1,5 тыс. злотых для бацькоў, якія хочуць карыстацца яслямі. Такія ж сродкі атрымаюць бацькі, якія пакідаюць дзіця пад апекай бабулі, дзядулі або няні. У сваю чаргу тыя, хто вырашыў застацца з дзіцем дома, атрымаюць падтрымку ў памеры 500 злотых.

На думку псіхолагаў, кантакты з бабуляй і дзядулям вельмі важныя ў жыцці дзяцей, яны дапамагаюць ім гарманічна развівацца. Часта здараецца, што бабуля прысвячае ўнукам больш часу, чым бацькі, яна таксама як правіла больш цярплівая. Дарэчы, самі бабулі ці дзядулі часта кажуць: нараджэнне ўнука ці ўнучкі стала пачаткам вялікага пачуцця – любові да дзіцяці, якой не было нават у адносінах сваіх дзяцей. Так што апека ўласнай бабулі – гэта адно з самых лепшых рашэнняў у выпадку маленькага дзіцяці.

Дзядулі таксама часта знаходзяць вялікую радасць у правядзенні часу з унукамі. А палітыкі хваляцца гэтым у сацсетках. Напрыклад, прэм'ер-міністр Дональд Туск у дзень муніцыпальных выбараў, 7 красавіка, выставіў у сацсеткі свой здымак з унучкамі, падпісаўшы іх: «Пасля галасавання мяне чакалі сапраўдныя выклікі».

IAR/нг