Беларуская Служба

Прысутнасць сяброў у нашым жыцці станоўча ўплывае на фізічнае і псіхічнае здароўе

11.06.2024 16:52
Пры гэтым, у грамадствах заходняй цывілізацыі жыхары ўсё больш адсоўваюцца ад іншых, шмат людзей жыве паасобку.
Аўдыё
  • Сяброўства дае нам шмат карысці.
Posiadanie przyjaciół sprawia, że życie jest dłuższe i bardziej komfortowe
Posiadanie przyjaciół sprawia, że życie jest dłuższe i bardziej komfortoweShutterstock/Antonio Guillem

9 чэрвеня адзначаўся Міжнародны дзень сяброўства. Гэтае свята больш важнае, чым можа здавацца. Эксперты мяркуюць, што сябар, блізкі чалавек, якому мы можам цалкам даверыцца, гэта вельмі важна. Прысутнасць сяброў у нашым жыцці станоўча ўплывае на фізічнае і псіхічнае здароўе, а таксама добрае самаадчуванне.  

Сяброўства мае высокую каштоўнасць, што ўсе разумеюць. Пры гэтым, у грамадствах заходняй цывілізацыі жыхары ўсё больш адсоўваюцца ад іншых, шмат людзей жыве паасобку. Гэты стан яшчэ больш паглыбіла пандэмія. Калі ў 2019 годзе польскі падлетак меў у сярэднім 2,7 сябра, дык падчас пандэміі ён страціў у сярэднім двух сяброў. Гэта значыць, што цяпер звыш паловы падлеткаў агулам не маюць нікога, каго яны маглі б назваць блізкім сябрам.

Чалавек – сацыяльная істота, яму вельмі важна адчуваць блізасць іншых людзей ды іх добрае да сябе стаўленне. Калі б чалавек апынуўся ў адзіноце на бязлюднай выспе, ён бы перажыў вельмі моцны стрэс. Такі чалавек хутчэй за ўсё меў бы дэпрэсію, у яго б назіраўся глыбокі адаптацыйны крызіс, – гаворыць псіхолаг Бэата Райба (Beata Rajba).

- Мы – стадныя істоты, таму ў такога чалавека быў бы вельмі высокі ўзровень стрэсу, адпаведна, ён бы функцыянаваў значна горш, чым у нармальных умовах. У яго вельмі хутка магла б развіцца дэпрэсія, нават калі жыццё на бязлюднай выспе было б выбарам гэтай асобы. І так нам патрэбныя іншыя людзі. Пра гэта сведчаць даследаванні, якія праводзілі псіхолагі. Гэта было адно з самых доўгіх даследаванняў у гісторыі, яно працягвалася 75 гадоў (!), і паказала, што для здароўя чалавека вельмі важна, ці ёсць побач з ім блізкія людзі, з якімі ён можа паразмаўляць, падзяліцца сумам і радасцю, якія могуць яму аказаць дапамогу. Гэта нават важней, чым некаторыя дрэнныя звычкі, напрыклад, курэнне цыгарэт або атлусценне! Адзінота – адзін з самых таксічных элементаў нашага жыцця – яна можа проста забіць.

Кожнаму чалавеку патрэбныя іншыя людзі, але ўсе мы розныя, і часам інтэнсіўныя кантакты стамляюць. І тады мы б хацелі вырвацца з горада, паехаць кудысьці, дзе няма іншых людзей, і там адпачыць. Скажам, экстраверты адкрытыя знешняму свету, ім патрэбныя частыя кантакты з навакольнымі, вялікай колькасцю людзей вакол іх. Інтраверты, наадварот, замкнёныя, але гэта не значыць, што людзі ім не патрэбныя: яны патрэбныя, хаця ў меншых дозах і радзей. Але доўгая адзінота – гэта ўжо значна горш.

- Канешне, часам нам трэба ізалявацца ад іншых, гэта індывідуальная рыса характару. Не кожны чалавек любіць, калі навакол пастаянна ёсць іншыя людзі. Людзі часта думаюць, што яны інтраверты: так яны тлумачаць, напрыклад, свае боязі сацыяльных кантактаў, паколькі так лепш гучыць. На самай жа справе, калі хтосьці інтраверт, яму патрэбная меншая група сяброў і блізкіх людзей, але яны яму ўсё роўна патрэбныя.

Сяброўства дапамагае таксама ў складаных жыццёвых сітуацыях. Псіхолаг паказвае гэта на канкрэтных прыкладах.

- Сяброўства дапамагае як эмацыйна, так і фізічна. Напрыклад, людзі, якія захварэлі на цяжкую хваробу і маюць вакол сябе 12 блізкіх, такую вялікую сетку падтрымкі, жывуць даўжэй, чым адзінокія, яны лягчэй спраўляюцца з захворваннем. Гэтая сетка падтрымкі працуе як своеасаблівая падушка бяспекі, якая змякчае падзенне. Размовы з іншымі падтрымліваюць добрую форму людзей у старасці, дзякуючы гэтаму задаволенасць жыццём высокая, а гэта ахоўвае ад дэпрэсіі.

А ці палякі маюць шмат сяброў? У кожнага народа ёсць свае індывідуальныя рысы. Скажам, на поўначы людзі больш стрыманыя, а на поўдні – больш адкрытыя. Па словах псіхолага, палякі па сваім характары больш стрыманыя.

- Мы дзелім краіны на тыя, дзе людзі любяць дакранацца да іншых, і на тыя, дзе гэта не прынята. У першых краінах адразу бачна, калі людзі сябруюць – яны абдымаюцца, цалуюцца. Так сябе вядуць французы ды італьянцы. Хаця не заўсёды такія паводзіны кажуць пра сапраўднае сяброўства. У сваю чаргу, у Польшчы не прынята дакранацца да іншых, палякі трымаюць дыстанцыю, нават калі яны з кімсьці сябруюць. Магчыма, таму можна падумаць, што ў палякаў менш сяброў, хаця ў сярэднім іх столькі ж, колькі ў іншых краінах Еўропы.

Прысутнасць сяброў і блізкіх людзей забяспечвае большы камфорт жыцця нават у выпадку цяжкай хваробы. Да такой высновы прыйшлі даследчыкі. 

Аўтар: Justyna Grabarz/Трэцяя праграма Польскага радыё

нг 

IV Кангрэс псіхічнага здароўя праходзіць у Варшаве

10.06.2024 17:10
Псіхіятры, псіхатэрапеўты, псіхолагі, а таксама пацыенты задумоўваюцца над выклікамі, якія стаяць перад сучаснай псіхіятрыяй у Польшчы.