Беларуская Служба

Каментар эксперта: Няма абавязку падаваць заяўку аб абароне толькі падчас перасячэння мяжы

18.06.2024 16:20
Закон аб міграцыі не дзейнічае абстрактна, таму кожны выпадак павінен разглядацца асобна.
 .
Ілюстрацыйная выява.strazgraniczna.pl

Dziennik Gazeta Prawna публікуе інтэрвʼю з Матэвушам Крэнпам з Цэнтра даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту. Ён нагадвае пра юрыдычныя палажэнні, якія дазваляюць мігрантам прасіць прытулак у Еўрасаюзе.

– Усе галасы наконт карэкціроўкі палажэнняў аб выкарыстанні зброі, якія зыходзяць не толькі ад няўрадавых арганізацый, але і, напрыклад, ад Міністэрства юстыцыі, разумныя. Я лічу, што не вельмі добрая ідэя – ствараць правілы, якія дазволяць выкарыстоўваць зброю без магчымасці пакарання за гэта, – кажа Матэвуш Крэнпа (Mateusz Krępa) з Цэнтра даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту.

На пытанне, як Польшчы змагацца з міграцыйным выклікам, улічваючы, што гэта таксама і гібрыдная пагроза з боку Масквы і Мінска, Матэвуш Крэнпа нагадаў пра рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека:

– Дагэтуль рашэнні судоў, якія разглядалі асобныя справы, былі крытычнымі датычна дзейнасці Памежнай службы. Адміністратыўныя суды паказалі, што людзей вярталі на мяжу, што неадпаведна дзеючым правілам. Ёсць рашэнні Еўрапейскага суда па правах чалавека, у якіх гаворыцца, што вяртанне людзей магчыма толькі ў тым выпадку, калі яны перасякалі мяжу насуперак правілам і пры гэтым мелі магчымасць падаць заяву, напрыклад, на памежным пераходзе. Закон не дзейнічае абстрактна, таму кожны выпадак павінен разглядацца асобна, у дадзеным выпадку, ці сапраўды чалавек меў магчымасць падаць заяву ў іншым месцы. Нагадаю, што ў дыпламатычных прадстаўніцтвах падаваць заявы нельга. Калі нехта кажа, што мігранты могуць ісці ў консульства, гэта няпраўда. Пры гэтым няма абавязку падаваць заяўку толькі пры перасячэнні мяжы. Гэта можна зрабіць у іншым месцы краіны. Ёсць сумневы, ці можна ў выпадку з Польшчай падаваць заяўкі на памежных пераходах. Цяпер памежныя пераходы з Беларуссю практычна не працуюць, а мігрантаў часта збіраюць беларускія службы і прымушаюць перасякаць мяжу ў выпадковых кропках. Цяжка чакаць, што такі чалавек – нават калі б захацеў – змог бы зʼявіцца на памежным пераходзе.

Ці павінны мігранты падаваць заяву аб прытулку, напрыклад, у Беларусі?

«Мы зʼяўляемся часткай Дублінскай сістэмы, якая патрабуе, каб заяўка была апрацавана першай бяспечнай краінай, у якую трапляе чалавек.

Вам не трэба звяртацца па міжнародную абарону ў першую краіну, праз якую вы ўцякаеце. Афганец, які ўцякае з краіны, не павінен гэтага рабіць, напрыклад, у Іране.

Краіны ў рамках Дублінскай сістэмы дамовіліся, што першая з гэтых краін, з якой іншаземец уступіць у кантакт, будзе несці адказнасць за яго. Калі нехта перасякае польска-беларускую мяжу і едзе далей у Нямеччыну, то можа быць вернуты ў Польшчу. Ведаючы аб існаванні такіх правілаў, часам здараецца, што людзі, якія маюць сямʼю ці сяброў у Заходняй Еўропе, не жадаюць па гэтай прычыне быць зарэгістраванымі ў Польшчы», – звяртае ўвагу Матэвуш Крэнпа з Цэнтра даследаванняў міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту.

вх