Ідзецца, вядома ж, пра Купалле. На святкаванне запрашае беларуская тэатральная студыя «Купалінка», якая працуе цяпер у польскай сталіцы. Пра тое, што чакае наведвальнікаў, мы паразмаўлялі з заснавальніцай і кіраўніцай студыі Наталляй Локіць.
Купалле лічыцца старажытным славянскім святам, звязаным з летнім сонцастаяннем, якое сімвалізуе росквіт прыроды і летняй цеплыні. У Польшчы сустракаецца таксама назва Noc Świętojańska, якую адзначаюць увечары перад днём Яна Хрысціцеля. Гэта спроба касцёла замяніць паганскае свята хрысціянскім, пераймаючы традыцыйныя вераванні.
У Беларусі пашыраная традыцыя святкаваць менавіта Купалле. І цяпер беларусы, якія прыехалі ў Польшчу, спрабуюць захаваць яе ў новым месцы пражывання, як сімвал рэалізацыі спадзяванняў ды мараў. Для беларусаў Купалле мае важнае значэнне, кажа Наталля Локіць.
- У Беларусі Купалле застаецца аўтэнтычным святам, дастаткова значным. У Польшчы яно вядомае таксама, але лічыцца адным са святаў, а ў беларусаў купальская традыцыя засталася ў душы. Гэта і абрады, і ачышчэнне ў выглядзе вогнішча, вады ды травы, калі дзяўчаты збіраюць травы, калі варожаць. Беларусы надаюць вялікае значэнне гэтаму святу.
Арганізатары абяцаюць, што падчас святкавання будуць танцы, пляценне вянкоў, пошукі папараць-кветкі і новых сяброў, а таксама будуць спевы. Не толькі сумныя, як палякам, што ў Беларусі папулярныя сумныя песні, кажа наша суразмоўца.
- Купальскіх песень - неверагодная колькасць, між іншым, будзе майстар-клас па спевах, можна далучацца ды паспяваць. На гэтым свяце мы будзем спяваць не толькі «Купалінку».
Гэта далёка не ўсё, што падрыхтавалі арганізатары. Будзе шмат неспадзяванак, кажа Наталля Локіць.
- Свята Купалля будзе праходзіць на беразе Віслы. Будуць як традыцыйныя народныя танцы ды гульні, так і неспадзяванкі. Запрошаныя цікавыя артысты, плануецца конкурс строяў, латарэя, можна будзе набыць і пачаставацца аўтарскімі зефірамі «Папараць-кветкай». Будуць іншыя цікавінкі.
Купалле – гэта яшчэ цудоўная нагода сустрэцца для беларусаў, што вымушаныя цяпер жыць на выгнанні, кажа кіраўніца «Купалінкі» Наталля Локіць.
- Калі ты на выгнанні, то важна мець нагоды, каб сабрацца разам. Мы бачым, што нас шмат. Сумна, што мы не на Радзіме, але ўспаміны пра нашыя традыцыі яднаюць нас, гэта дае нам адчуванне, што мы тут, але Радзімы не згубілі.
Святкаванне Купалля ў Варшаве адкрытае не толькі для беларусаў, але для ўсіх жадаючых. Для палякаў гэта можа стаць нагодай больш даведацца пра культуры ды звычаі сваіх суседзяў.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч
слухайце аўдыёфайл