Беларуская Служба

Імкнёмся звязаць тое, што рэжым хоча разрэзаць і знішчыць — што робіць Рада культуры для творчай эміграцыі

22.06.2024 13:06
Як беларускія творцы за мяжою могуць шукаць фінансаванне, якія праекты  паспяховыя, як трымаць сувязь з Беларуссю – на гэтыя ды іншыя пытанні адказала намесніца кіраўніка Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая. 
Аўдыё
  • Кіраўніцтва Польшчы гатовае падтрымліваць беларускія праекты
 .
Ілюстрацыйная выява.culture.byculture.org

Слухайце сюжэт у далучаным файле!

Даследаванняў наконт таго, у якой краіне найбольшая прысутнасць беларускіх прадстаўнікоў творчай сферы, няма. Але можна меркаваць, што гэта Польшча і прычыны відавочныя: простыя ўмовы легалізацыі, блізкасць моў, вялікая беларуская дыяспара агулам, для якой уласна і працуюць многія беларускія творцы. Гаворыць намесніца кіраўніка Беларускай рады культуры Надзея Гарэцкая

Рада культуры дзейнічае ў некалькіх кірунках – гэта персанальная падтрымка, звязаная з кансультаваннем, арганізацыяй збораў, адукацыйныя мерапрыемствы, праектная падтрымка ў межах ArtPower Belarus, а таксама лабіяванне інтарэсаў беларускай культурніцкай сферы.

— Гэтую працу мы робім сумесна з іншымі палітычнымі сіламі, гэта Офіс Святланы Ціханоўскай, Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні ў Пераходным кабінеце, іншыя сілы. Часам узнікаюць патрэбы сабраць інфармацыю, арганізаваць зборы. Нядаўна былі перамовы з міністаркай культуры Польшчы наконт падтрымкі дзеячаў тэатральнай сферы. Для нас вельмі важна, каб культурнае, інфармацыйнае поле заставалася цэласным,  не губляліся масты паміж тымі, хто з’ехаў і застаецца ў Беларусі, — распавядае Гарэцкая.

Надзея Гарэцкая. Надзея Гарэцкая.

Надзея Гарэцкая падкрэслівае, што адна з асноўных задач Рады культуры — аднавіць інфраструктуру беларускай культурніцкай сферы, якая існавала да 2020-га года:

— Імкнёмся звязаць нітачкамі тое, што рэжым хоча разрэзаць і знішчыць, падзяліць. Наша задача гэта аб’яднаць. Напрыклад, маем дадзеныя, што каля 40 працэнтаў праектаў, якія былі падтрыманыя праграмай ArtPower Belarus, або рэалізуюцца ў Беларусі, або ў партнёрстве, то бок каманда і ўнутры, і на выгнанні. Калі праект рэалізуецца звонку, то адна з ключавых задач – распрацаваць камунікатыўны план, каб пра яго даведаліся ў Беларусі, убачылі, атрымалі прадукт. Можна згадаць, як прыклад, оперу «Дзікае паляванне караля Стаха», трансляцыю якой праз YouTube можна было глядзець у Беларусі.

Сярод падтрыманых праектаў таксама  YouTube-канал пісьменніка Андрэя Хадановіча, які глядзіць шмат людзей у Беларусі. Можна згадаць і выданне кніг за мяжою, якія паступова трапляюць у Беларусь.  Надзея таксама адзначае пастаноўкі «Вольных Купалаўцаў», якія калектыў здымае і робіць даступнымі для прагляду праз YouTube.  Ёсць і шэраг не публічных праектаў у Беларусі, пра якія, вядома, немагчыма расказваць публічна з мэтаў бяспекі.

Надзея таксама адзначае, што стаіць задача далучыць да падтрымкі творцаў не толькі фонды Еўрасаюза, а стварыць сістэму падтрымкі ад іншых структур.

Напрыклад, у Польшчы паспяхова былі рэалізаваныя праекты беларускіх магістратаў — суполкі ахвярадаўцаў — для беларускага выдаўца Андрэя Янушкевіча «Кнігаўка», падлеткавы клуб развіцця SPADČYNA-Вроцлаў, падтрымка беларускага спартыўнага клуба ў Варшаве.

— Мы таксама знаходзімся часта ў сфер лабіявання, каб беларускія дзеячы культуры не перажывалі дыскрымінацыю. Але варта адзначыць, што і само кіраўніцтва Польшчы гатовае прымаць праекты. Напрыклад, па выніках конкурса Старамейскага дома культуры прайшлі многія беларускія праекты. Хачу сказаць, што многія дзеячы культуры робяцца паспяховымі на міжнародных пляцоўках. Гэта не адзінкавыя выпадкі.

Надзея Гарэцкая падкрэслівае, што для творцаў важна ўмець шукаць падтрымку сярод спонсараў, умець складаць заяўкі на атрыманне фінансавання. І разумець, як Фонды працуюць, бо яны звычайна маюць на мэце канкрэтны вынік, на які мусіць працаваць  праект.

Надзея таксама выказала меркаванне, што ў Літве дзеячам культуры больш складана, чым у Польшчы, бо ёсць моўны бар’ер, няма асобных праграм падтрымкі беларускіх праектаў з боку дзяржавы, таксама ў гэтай краіне меншая беларуская дыяспара, моцная свая культурная сфера.

вх