Беларуская Служба

Гвалт у спорце: наступствы могуць быць сур'ёзныя, уключаючы самазабойства

26.06.2024 16:52
Часцей за ўсё гэта датычыць тых, хто перажыў сексуальны гвалт.
Аўдыё
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Pixabay.com/geralt

Працяг гутаркі з каардынатарам аддзелу даследаванняў Фундацыі «Мы даём дзецям моц» (Fundacja Dajemy Dzieciom Siłę) Шыманам Вуйцікам (dr Szymon Wójcik) пра гвалт у спорце.

Першая частка тут

Якія доўгатэрміновыя наступствы гвалтоўных паводзінаў у адносінах дзяцей, якія займаюцца спортам? Анкета праводзілася ў ВНУ, дзе вучацца будучыя настаўнікі фізкультуры ды іншыя спецыялісты, звязаныя са спортам. Калі, нягледзячы на негатыўны вопыт у дзяцінстве, студэнты не адмовіліся ад спартыўных заняткаў, гэта значыць, што гвалт не адбіў у іх жадання займацца спортам.

- У шматлікіх іншых выпадкаў здараецца, што дзеці адмаўляюцца ад заняткаў спортам. А ў іншых, бяспечных умовах гэтыя спартоўцы маглі б працягваць кар’еру і паказваць добрыя вынікі. Таму мы падкрэсліваем, што агулам спорту ідзе на карысць, каб казаць пра гвалт і каб з ім змагацца. Акрамя таго, наступствы гвалту могуць быць самыя розныя. У ходзе даследавання мы пра іх пыталі. Сярод адказаў былі выпадкі самапашкоджання і спробы самазабойства, адназначна звязаныя з гвалтам. Часцей за ўсё гэта датычыла тых, хто перажыў сексуальны гвалт. Тыя дзеці, якія па розных прычынах не звярталіся з дадзенай праблемай да дарослых, не маглі пазней самі з ёй справіцца. Так што наступствы гвалту могуць быць вельмі сур’ёзнымі.

А ці агулам магчымы спорт без гвалту? Спорт, асабліва прафесійны, прадугледжвае жорсткую канкурэнцыю, трэба мець вельмі моцную псіхіку, устойлівасць і цвёрды характар. Ці магчыма цалкам ачысціць спорт ад гвалту?

- Гэта добрае пытанне, крыху філасафічнае. Канешне, немагчыма цалкам ачысціць спорт ад гвалту, асабліва псіхалагічнага. Але неабходна пастарацца яго зменшыць і аказаць дапамогу тым маладым людзям, якія пакутуюць ад выпадкаў гвалтоўных паводзінаў. Гэта магчыма. Мы даём канкрэтныя ўказанні, як наладзіць спартыўныя заняткі без гвалту, як арганізаваць спаборніцтвы, каб была канкурэнцыя, пра якую вы згадалі, але не гвалт. Нават можна падрабязна апісаць у правілах, якія паводзіны дапускаюцца, а якія – не. Канешне, ёсць кантактныя дысцыпліны, дысцыпліны, якія прадугледжваюць фізічную барацьбу, але яны маюць свае акрэсленыя правілы. Але ўсе павінны ведаць, што ў іншых выпадках, чым дазволеныя, нельга моцна тузаць іншых спартоўцаў ці кідаць у іх нешта.

Для дзяцей, асабліва падлеткаў, вельмі важным аўтарытэтам можа быць дарослы чалавек. Такім аўтарытэтам можа стаць і трэнер. І таму перш за ўсё трэнерам трэба нагадваць пра адпаведныя паводзіны, пашану да іншых, асабліва тым, хто займаецца з дзецьмі, у якіх яшчэ не такая ўстойлівая псіхіка, як у дарослых.

- Дзеці ў спартыўным клубе ці секцыі глядзяць на тое, як паводзіць сябе трэнер. І паўтараюць яго паводзіны. Калі спартыўная падрыхтоўка будзе суправаджацца крыкам, знявагай з боку трэнера, тады і спартоўцы будуць падобным чынам ставіцца да іншых. А калі трэнер будзе спакойны, стрыманы, будзе валодаць сабой, тады ёсць вялікая верагоднасць, што і дзеці будуць ставіцца адзін да аднаго з пашанай.

У вашым даследаванні згадваецца, што толькі каля адной пятай дзяцей-ахвяр гвалту, звярнуліся па дапамогу да дарослых. У такім выпадку, як бацькі могуць даведацца, што нешта дрэннае адбываецца, на якія сігналы варта звяртаць увагу?

- Могуць быць сігналы, якія павінны выклікаць трывогу бацькоў. Напрыклад, калі раней дзіця ахвотна ўдзельнічала ў спартыўных занятках, а цяпер раптоўна адмаўляецца на іх хадзіць. Канешне, прычыны могуць быць розныя, магчыма, яму проста перастала падабацца, але прычына можа быць таксама ў негатыўным вопыце, звязаным з гвалтам. Дзіця не хоча сказаць бацькам прама, у чым справа, але пачынае пазбягаць заняткаў, каб зноў не сустрэцца з непрыемнымі адносінамі. Маладому чалавеку цяжка самому пачаць пра гэта гаварыць, расказаць, што здарылася. Бывае, што дзіця адкрываецца, калі бацькі пачнуць распытваць, у чым справа, калі яны цікавяцца жыццём дачкі ці сына. Банальная рэч – варта з дзецьмі размаўляць. Таксама можна праверыць, што іншыя гавораць і пішуць на тэму дадзенага спартыўнага клуба, ці рэкамендуюць у ім займацца. Дарэчы, у Польшчы ўсе клубы, якія працуюць з дзецьмі, павінны мець спецыяльны рэгламент палітыкі абароны дзяцей. Таму бацькі могуць праверыць, ці клуб падрыхтаваў правілы дзейнасці, як рэагаваць, калі дзіця сутыкнецца з гвалтам.

Размаўляла Наталля Грышкевіч