Беларуская Служба

Беларусы на мяжы падтрымліваюць ціск на Лукашэнку

08.07.2024 15:09
Беларускія актывісты зладзілі пробныя блакады транспартных пераходаў на мяжы з Беларуссю. Яны заклікаюць палітыкаў на Захадзе ўзмацніць ціск на рэжым Лукашэнкі.
Аўдыё
  • Блакада мяжы як ультыматум для Лукашэнкі
      .
Пратэсты беларусаў на мяжы Польшчы і Беларусі. Ілюстрацыйнае фотаScreenshot z https://lublin.tvp.pl

З пачатку бягучага году каля беларускіх амбасад за мяжой і розных дзяржаўных устаноў еўрапейскіх краін рэгулярна ладзяцца грамадскія акцыі «Ультыматум для Лукашэнкі». 

Галоўнай мэтай гэтых акцый ёсць узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі. Актывісты заклікаюць урады краін Еўрапейскага Саюза, у тым ліку Польшчу, павялічыць ціск на беларускага ўзурпатара дамагаючыся ад яго вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі й спынення рэпрэсій, спынення міграцыйнай гібрыднай вайны на мяжы з Польшчай ды іншымі краінамі, спынення незаконнага імпарту тавараў на фінансаванне расійскай агрэсіі ва Украіне. У якасці сродку ціску на Лукашэнку ініцыятыва «Ультыматум» бачыць прыпыненне грузапатоку праз Беларусь з ЕС у Расію, і з Кітаю ў ЕС. Дзеля гэтага ініцыятыва накіравала петыцыю ў канцылярыю прэзідэнта Польшчы, якую падпісалі больш за тысячу грамадзян з усяго свету.

У чэрвені бягучага года ініцыятыва пачала ладзіць не толькі пікетаванні польскіх дзяржаўных устаноў, але і блакады дарог у раёне памежнага пераходу на мяжы з Беларуссю. Апошнія такая акцыя на днях. Больш падрабязна пра «Ультыматум для Лукашэнкі» ды акцыі блакады на мяжы мы паразмаўлялі з адным з удзельнікаў ініцыятывы Дзмітрыем Балкунцом.

- Гэта акцыя даўно планавалася, яшчэ на пачатку года, калі мы пачыналі рабіць акцыі ў Варшаве, а іх мы зладзілі каля 10, мы планавалі, што ў нас будзе акцыя на мяжы. Я лічу, што нашы прапановы і петыцыі, што мы перадавалі польскім уладам, знайшлі сваіх адрасатаў. Нашыя дзеянні на мяжы ды ўльтыматум, які атрымаў Лукашэнка ад польскіх уладаў, магчыма звязаныя.

Чаму ўльтыматум, вы думаеце Лукашэнка спалохаецца грамадскай ініцыятывы?

- Па таму, што адбываецца ў апошнія дні, бачна, што Лукашэнка пачуў ультыматум і пачаў рэагаваць. Наша група гэта бачыць і мы пазітыўна рэагуем на вызваленні палітвязняў, чакаем, што больш людзей будуць вызваленыя.

Чаму вы вырашылі ехаць на мяжу? Дарэчы, што  на гэта кажуць людзі на мяжы, якія гадзінамі чакаюць у чарзе?

- Наша акцыя насіла фармат аднаго дня і была скіраваная на данясенне пазіцыі да рэжыму, што калі рэпрэсіі не спыняцца, не будзе вызвалення палітвязняў, мяжа будзе заблакаваная не на некалькі гадзін, а будзе больш балюча. Дарэчы, беларусы, якія стаяць у чарзе на мяжы, гэтую пазіцыю падзяляюць. У нас былі спантанныя сустрэчы з такімі людзьмі. Яны цалкам падтрымліваюць нашыя прапановы і нават казалі, што трэба больш ціснуць на Лукашэнку. Ім самі не падабаюцца, што яны суткамі стаяць на мяжы. Гэта чарга паўстала ў выніку палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка. Супраць блакады выказваліся затое некаторыя палякі. Там была невялікая арганізаваная група людзей, якія займаюцца перавозкамі з польскага боку. Гэта былі грамадзяне Польшчы. Яны агітавалі за Лукашэнку, казалі, што ў Польшчы трэба такі кіраўнік як Лукашэнка, яны пра гэта мараць, а блакаваць мяжу трэба ехаць у Беларусь.

Як рэагуе рэжым на вашу дзейнасць? Што далей будзе?

- Цікавасць з боку рэжыму да нашай ініцыятывы ёсць дакладна. Падчас пікетаў, якія мы робім у Варшаве, кожны раз з’яўляюцца нейкія фатографы. Для нас галоўнае, што ёсць зрухі з боку рэжыму, ёсць рашучасць польскіх палітыках. Я разлічваю, што неўзабаве будзе з гэтага вынік.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч