Сталічны дадатак выдання Gazeta Wyborcza згадвае пра комплекс шматкватэрных будынкаў у Варшаве, які доўгі час выкарыстоўвалі расійскія дыпламаты. Жыхары сталіцы называюць гэты комплекс Szpiegowo (Шпіёнава). Гэта дамы на вуліцы Сабескага, 100. Прайшло ўжо звыш двух гадоў з таго часу, калі гарадскія ўлады заявілі аб тым, што нерухомасць пераймае варшаўскі муніцыпалітэт. Мэр Варшавы тады нават казаў, што там паселяць ваенных бежанцаў з Украіны. З таго часу будынкі стаяць пустыя.
Хутка аказалася, што будынкі немагчыма адразу засяліць. Неабходна было спачатку правесці інвентарызацыю, праверыць, ці агулам у іх могуць жыць людзі і запланаваць неабходныя рамонты. Шматпавярховікі стаяць пустыя звыш 10 гадоў, яны прыйшлі ў заняпад, усё, што можна было ўкрасці, было раскрадзена. Каб гарадскія ўлады маглі пачаць рамонты, яны павінны мець права ўласнасці на нерухомасць.
Прадстаўнік гарадской ратушы кажа, што ўлады зрабілі ўсё, каб будынкі фармальна сталі ўласнасцю горада. Рашэнне павінен прыняць ваявода Мазавецкага ваяводства. У сваю чаргу ваявода Марыюш Франкоўскі адзначае, што ён чакае заканчэння працэсу інвентарызацыі і рашэння аб тым, якім мэтам будуць служыць будынкі. На запыт выдання ён паведаміў, што рашэнні будуць прынятыя ўжо неўзабаве.
У дамы можна было б засяліць паліцэйскіх, настаўнікаў, супрацоўнікаў гарадской варты. Гэта прадстаўнікі прафесій, якія вельмі патрэбныя гораду. Пра гэта казаў віцэ-мэр Варшавы Томаш Братэк. Паводле ягоных словаў, будаўнічыя працы працягнуцца каля трох гадоў.
нг